Читаем Гісторыя і міфы полностью

Дзіўна, вельмі дзіўна. Адрывам вывучэння гісторыі краіны ад гісторыі імперыі, часткаю якой тая была, В. Сураеў лічыць толькі адмаўленне ад вывучэння гісторыі Беларусі разам з гісторыяй Расеі. Чаму ж ён сам і ягоныя шматлікія калегі вывучаюць гісторыю сваёй айчыны, якую і толькі якую ён называе «историей Отечества» (Беларусь для яго, зразумела, не айчына) у адрыве ад гісторыі Мангольскай імперыі і Залатой Арды? Ці ж яму не вядома, што тэрыторыя сучаснай Расеі знаходзілася пад мангола-татарскім ігам у складзе імперыі заваёўнікаў 240 гадоў. Гэта крыху большы тэрмін, чым знаходжанне Беларусі пад ігам Расейскай (пазней Савецкай) імперыі. Але тое, што В. Сураеў патрабуе ад іншых, згодна з ягонай бальшавіцкай маральнасцю, да сябе ён не прымяркоўвае.

У святле згаданага вышэй ужо не здзіўляе неўспрыняцце законнага патрабавання ягонага апанента А. Грыцкевіча стварыць нацыянальную канцэпцыю гісторыі Беларусі, такую, якая, напрыклад, стагоддзямі існуе ў Расеі. Сам В. Сураеў, робячы выгляд, што гэткай у Расеі няма, актыўна адстойвае яе, хоць для недасведчаных сцвярджае, нібыта «концепция не может быть белорусской, турецкой, русской и китайской, но только научной либо ненаучной». Вельмі цікава! Сваю канцэпцыю бальшавіцкі гісторык, вядома, лічыць сама навуковай, хоць яна — тыповая вялікадзяржаўная расейская.

Зразумела, паняцце «Отечество» выкладчык вайскова-палітычнай навучальні ў Менску В. Сураеў лічыць «понятием святым и вечным». Даволі метафізічнае меркаванне для шчырага паслядоўніка Маркса і Леніна. Згодна з марксісцкай і ленінскай тэорыяй, у пралетарыя няма айчыны, вечных і святых паняццяў не існуе, бо яны маюць свой абмежаваны сэнс. Каму ж гэта не вядома? Ці не той жа Ленін дыялектычна спачатку выступаў супраць манархічна-клерыкальнай трактоўкі паняцця сваёй айчыны ў часы Першай сусветнай вайны, але потым выступаў за іншае, сацыялістычнае яе паняцце. В. Сураеў не можа не ведаць гэтага, бо ягоная дысертацыя якраз прысвечана доказу вялікага ўплыву бальшавіцкай ідэалогіі на салдатаў Заходняга фронту ў гэты час. Дзіўна чуць такое ад гісторыка Першай сусветнай вайны. Асабліва калі В. Сураеў лічыць, што «считать, что до 1991 года (стыль аўтара захоўваю. — В. Г.) было одно Отечество — плохое, а после провозглашения суверенитета появилось другое — хорошее, кощунство».

Па-першае, менавіта гэта сцвярджалі (толькі беручы не 1991, а 1917 год, як пункт адліку) тыя класікі марксізму-ленінізму, у духу якіх В. Сураеў абараняў сваю дысертацыю.

Па-другое, пра якое «Отечество» В. Сураеў гаворыць? Калі пра Расею — то гэта ягоная асабістая справа. Калі ж пра Беларусь, у якой ён жыве і працуе, то пры чым тут «появление другого (Отечества) — хорошего»? Хутчэй за ўсё аўтар проста не разумее, што Беларусь не «появлялась ані ў 1991 годзе, ані ў 1919 годзе (як сцвярджалі семдзесят гадоў ягоныя калегі — гісторыкі партыі), а існавала як дзяржава стагоддзямі да таго, пакуль яе існаванне не было перапыненае агрэсіяй чужой дзяржавы, якое ягоны аўтарытэт Ул. Ленін характарызаваў так:

«Курляндыю і Польшчу (маецца на ўвазе Рэч Паспалітая. — В. Г.) яны разам дзялілі, гэтыя тры каранаваныя разбойнікі (расейскі, прускі і аўстрыйскі манархі. — В. Г.). Яны дзялілі сто гадоў, яны рэзалі па жывым. І расейскі разбойнік урваў болей таму, што быў тады мацнейшы» [124].

І далей у В. Сураева не абышлося без перакручванняў тэксту свайго апанента. А. Грыцкевіч прывёў прыклад імперскага мыслення аднаго беларускага чытача, у якога камуністычная прапаганда і сістэма адукацыі сфармавалі комплекс падданага імперыі. Гэты чытач надта абураўся з нагоды таго, што «наш» (!?) урад збіраецца аддаць Японіі паўднёвыя Курыльскія выспы. «Наш» — гэта значыцца расейскі ўрад Ельцына-Гайдара. А В. Сураеў падносіць гэтыя словы, нібыта, маўляў, беларускі чытач перажывае не за «ўрад», а за «братский русский народ».

Для прыхільніка «единонеделимой» імперыі магчымасць страціць чужыя, захопленыя паўстагоддзя таму выспы ўяўляецца гістарычнай катастрофаю. Тыя ж, хто гэтага не прызнаюць, здаюцца яму хворымі на «историческое беспамятство». Сапраўды, лекар, вылечыся сам! Вылечыся ад сапраўднага гістарычнага беспамяцтва, а дакладней кажучы, ад гістарычнай няведы. Ды не абвінавачвай іншых у тым, на што хварэеш сам.

У гістарычную памяць такіх, як В. Сураеў, уваходзіць усё, што добра для імперскай дактрыны. Атрымліваецца якраз так, як у персанажа з аповесці Г. Сянкевіча «У пустыні і пушчы» цемнаскурага Калі:

«Той, хто з'есць карову Калі, робіць дрэнна; калі ж Калі з'есць чужую карову, гэта добра, надта добра»!

Чакаць жа ад гісторыкаў КПСС можна ўсяго, бо яны «колеблются вместе с генеральной линией партии», нават калі яна і распалася. Па традыцыі. Інакш не могуць.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже