Сёння пасля падзення камуністычнага рэжыму ідэя трэцяга Рыма, на жаль, стала яшчэ архаічным рэліктам. Шмат чаго з гэтай ідэі застаецца ва ўжытку. Так, напрыклад, пра што маглі і могуць прачытаць беларусы ў русіфікатарскіх падручніках і акадэмічных шматтомніках і аднатомніку «История БССР»? З аднаго боку, у гэтых выданнях апяваецца класавая барацьба як галоўны матор шляху чалавецтва ад горшых умоваў жыцця да лепшых. З другога боку, прапагандуецца расейскацэнтрычны месіянізм. У святле апошняга Беларусь — і як найбліжэйшы сусед, і як славянскі сусед, і як сусед з падобным да Расеі імем — стала выпрабавальным палігонам, эксперыментальнай лабараторыяй для ажыццяўлення ідэі расейскага месіянства.
А гісторыя Беларусі ў такіх кніжках заўсёды трактавалася толькі з аднаго гледзішча — з гледзішча гісторыі Расеі, параўноўваецца толькі з гісторыяй Расеі, а не з гісторыяй краін, што праходзілі падобны Беларусі шлях гістарычнага развіцця.
Міф надта спрошчана падае мінулае. У ім дзеля спрашчэння прысутнічае мадэрнізацыя гістарычных падзеяў, амаль абавязковае штучнае атаесамленне падзеяў даўніны з сучаснасцю: напрыклад, Івана Жахлівага і ягонага апрычнага тэрору са Сталіным і 37-м годам, Пятра I з ягонымі рэформамі — з Леніным з ягонай рэвалюцыяй, Айчынай вайны 1812 года з Айчыннай вайной 1941–1945 гадоў, планамернага адыходу расейскай арміі за Маскву ў 1812 годзе і незапланаванага адступлення Чырвонай Арміі да Масквы ў 1941 годзе, руху партызанаў з ліку войска ў 1812 годзе і зусім іншага партызанскага руху ў 1941–1944 гадах, паўстанняў сялян у Нямеччыне ў 1525 годзе і сялянскіх войнаў у Расеі ў XVII–XVIII стагоддзях, рэвалюцый 1789–1794 гадах і 1917 года ў розных краінах, Парыжскай Камуны 1871 года і стварэння саветаў у Расеі ў 1905 і 1917 гадах і г. д.
Усё простае і даходлівае заўсёды знаходзіць прыхільнікаў. Але часам, як гаворыць прыказка, «прастата — тая ж дурата». Добрая тая прастата, якая вынікае з разнастайнасці фактаў, але не з наўмыснага спрашчэння.
Чаму ж такі жывучы міф? Паспрабуем звярнуцца да Ф. Гаека, які пісаў: «Лёгка зразумець (і гэта неаднойчы пацвярджалася на вопыце), што ў дысцыплінах, якія непасрэдна займаюцца чалавечым грамадствам, а таму наўпрост закранаюць палітычныя погляды, — напрыклад, у галіне гісторыі, эканомікі ці права, — таталітарны лад не можа дапусціць бескарыслівага імкнення да ісціны, і адзінай задачай гуманітарных навук становіцца пацверджанне афіцыйных поглядаў. Сапраўды, гэтыя дысцыпліны ва ўсіх таталітарных краінах ператварыліся ў фабрыкі афіцыйных
Вось чаму такі жывучы гістарычны міф.
Яго перадавалі ў надта спрошчаным выглядзе — у падручніках, папулярных кніжках і артыкулах, мастацкіх творах, па радыё, у тэлеперадачах. Гэтым замацоўвалі ў чалавечай памяці.
«Нацыяналістычныя і імперыялістычныя прыхільнікі сустракаюцца значна часцей, чым здаецца», — пісаў Ф. Гаек у сваім «Шляху да рабства». Ён спасылаецца на гісторыка Э. Галеві, які сведчыў, што сацыяліст Бэрнард Шоў заяўляў пад час імперыялістычнай вайны ангельцаў супраць бураў: «…Светам натуральна валодаюць вялікія і моцныя дзяржавы, малым жа лепей не вылазіць са сваіх межаў, інакш іх расціснуць…» [130]
Паводле меркавання французскага культуролага Р. Барта, сярод некалькіх рытарычных фігур міфа існуе «пазбаўленне гісторыі». Гэта значыць, што міф пазбаўляе прадмет, пра які ён апавядае, усялякай гістарычнасці: «Гісторыя ў міфе выпарваецца… Зразумела, ад чаго дапамагае пазбавіцца гэтая ўдалая рытарычная фігура: ад дэтэрмінізму і ад свабоды. Нішто не вытвараецца, нішто не абіраецца. Застаецца толькі валодаць гэтымі новенькімі рэчамі, у якіх няма ні найменшага следа іхнага паходжання ці адбору. Гэтае цудоўнае выпарэнне ёсць адна з формаў канцэпту… «безадказнасці чалавека». [131]
Р. Барт піша: «Таму яшчэ жывучы міф, што ён знішчае складанасць чалавечых учынкаў, надае ім прастату сутнасцяў і элімінуе ўсялякую дыялектыку, перапыняе ўсялякія спробы пранікнуць на той бок непасрэднага назіранага, ён стварае свет без супярэчнасцяў, бо ў ім няма глыбіні, і размяшчае яго перад нашым зрокам ва ўсёй ягонай відавочнасці, ціхамірнай яснасці, здаецца, што рэчы азначаюць нешта самі па сабе».
Навуковец падкрэслівае, што міф аддае перавагу карыстанню беднымі, няпоўнымі вобразамі.
Адсюль робіцца выснова: «Міф ёсць найбольш выніковым сродкам утрымання існага парадку, найбольш пэўным сродкам дысцыплінавання масаў» [132].
Так, сапраўды. Калі беларускае насельніцтва праз сродкі масавай інфармацыі прывучылі да ідэі непарушнай сувязі беларусаў з Расеяй і абавязковасці класавай барацьбы за гэтую непарушнасць, імі можна кіраваць у былым напрамку і працягваць паспяхова адвучваць ад сваёй мовы, сваёй гісторыі, сваёй культуры і ўвогуле ад усяго свайго.