Читаем Гісторыя і міфы полностью

Мы бачым, як старыя міфы ў гісторыі былі паспяхова рэанімаваныя бальшавіцкімі ідэолагамі.

А што такое ідэалогія ўвогуле? На гэтым пытанні варта запыніцца, бо нам увесь час дзяўблі, што гэта «сукупнасць ідэяў і поглядаў, якія адлюстроўваюць у тэарэтычнай сістэматызаванай форме стаўленне людзей да навакольнай рэчаіснасці і адзін да аднаго і якія служаць замацаванню і развіццю гэтага стаўлення» [133].

Але існуе і іншае, супрацьлеглае гэтаму меркаванне, што ідэалогія — гэта фальшывая, ілюзорная, перакручаная свядомасць, якая адарвана ад аб'ектыўных заканамернасцяў і на справе абслугоўвае эгаістычныя інтарэсы асобных сацыяльных групаў, што, як правіла, адыгрываюць рэакцыйную ролю ў грамадска-палітычным працэсе  [134].

Паводле меркавання філосафаў А. Пахмёлкіна і Д. Пахмёлкіна, ідэалагізацыя навукі — сведчанне яе стагнацыі, лакейскага перараджэння, яскравая праява антыдэмакратычнай арганізацыі палітычнай улады. Навука і ідэалогія — даволі самастойныя, прынцыпова не зведзеныя адзін да аднаго роўні грамадскай свядомасці.

Для навукоўца найвышэйшая каштоўнасць — ісціна, для ідэолага — карпаратыўныя інтарэсы, якія той адстойвае. Сапраўдная навука ўсё бярэ пад сумнеў, паслядоўная ідэалогія бярэ пад сумнеў тое, што супярэчыць яе зыходным пастулатам. Галоўная для навукі супярэчнасць — між праўдзівым і фальшывым — у ідэалагічным плане трансфармуецца ў супярэчнасць між «карысным» і «шкодным», «сваім» і «чужым». Навука пераконвае фактамі і довадамі, звернутымі да розуму. Ідэалогія ж уздзейнічае на свядомасць людзей, апелюючы да аўтарытэту («партыя ўказала»), карпаратыўнай маралі, урэшце, да сілы і страху («хто не з намі, той супраць нас», «калі вораг не здаецца, яго знішчаюць»).

Вось чаму А. Пахмёлкін і Д. Пахмёлкін лічаць бессэнсоўным гаварыць пра навуковасць якой-небудзь ідэалогіі і ненавуковасць іншай. Кожная ідэалогія абапіраецца на навуку, але толькі ў той ступені, у якой навуковыя веды не супярэчаць яе асноўным ідэалагічным каштоўнасцям.

Кожная ідэалогія дзеля сваёй прыроды мае «прыроджаныя заганы». Да іх ліку належаць аднабаковасць і абмежаванасць, «комплексы непаўнавартасці» і «экспансіянізм», схільнасць да дагматызацыі і перараджэння.

А. і Д. Пахмёлкіны лічаць, што ў ідэалагізаванай свядомасці ўзнікаюць ненатуральныя паняцці: «пралетарскі гуманізм», «рэвалюцыйная законнасць», «сацыялістычны рэалізм», «планава-рынкавая эканоміка». У гэтых словазлучэннях асноўная сэнсавая нагрузка — на прыметнікі, якія фіксуюць непаўніню, урэзанасць азначаных з іх дапамогай назоўнікаў, а то і пераход апошніх у сваю процілегласць, ідэалагічны падыход утылізуе, «выпроствае» працэс спазнання, вырывае і абсалютызуе асобныя бакі грамадскіх супярэчнасцяў.

Ідэалогія ня можа прымірыцца са сваёй натуральнай абмежаванасцю і імкнецца закамуфляваць яе. Для гэтага яна апранаецца ў тогу навукі. Канкрэтная ідэалогія абвяшчаецца адзіна навуковай. Адначасова адбываецца масіраваная ідэалагізацыя навукова-даследніцкай дзейнасці. Імкненне пераадолець практычную абмежаванасць вядзе да экспансіі ідэалогіі ў чужародныя ёй сферы грамадскага жыцця, да спробы ўсталяваць сваю ўладу над усімі формамі дзейнасці людзей.

Схільнасць ідэалогіі да дагматызацыі і перараджэння наўпрост звязана з яе абмежаванасцю і празмернымі прэтэнзіямі, ідэалогіі ўвесь час не стае карэктных аргументаў, таму яна шукае апору ў веры. А менавіта вера, некрытычнае ўспрыняцце ідэяў стварае фундамент дагматызму. Яна прадукуе бюракратычныя інстытуцыі і ўстановы, прызначаныя для яе культывавання і распаўсюджвання. Але, сфармаваўшыся, гэтыя ўтварэнні набываюць уласныя інтарэсы, часам супрацьлеглыя, якія не супадаюць з інтарэсамі тых сацыяльных групаў і пластоў, чыю ідэалогію яны павінны вызначаць.

Вось так ідэя беларусізацыі ў нашай краіне пад уплывам таталітарных бюрактарычных уладаў перайшла ў русіфікацыю, а прыязнае стаўленне да габраяў — у дзяржаўны нібыта неафіцыйны антысемітызм пад вонкавым выглядам антысіянізму і антыізраэлізму.

У выніку ідэалогія пераўтвараецца, выраджаецца, адрываецца ад сваіх сацыяльна-класавых каранёў і поўнасцю падпарадкуецца інтарэсам бюракратыі.

«Экспансіянісцкія схільнасці», якія нікім не стрымліваюцца, ператвараюць ідэалогію ў адзін з сама грубых палітычных інструментаў.

Камуністычная ж ідэалогія, а па сутнасці «квазіідэалогія» — гэта набор псеўдамарксісцкіх догмаў, якія асвячалі асновы таталітарнага рэжыму.

ПАСЛЯМОВА

Ад часу напісання гэтае кнігі да падрыхтоўкі яе ў друк прайшло некалькі гадоў. Некалі аўтар спадзяваўся, што згубны для гістарычнай адукацыі беларусаў, ненатуральны імперскі, расейскацэнтрычны кірунак у выкладанні гісторыі зменіцца на іншы, карысны свайму народу.

Так не сталася.

Пачалася новая хваля русіфікацыі гістарычнае асветы ў Беларусі.

Хацелася б напомніць, што толькі гісторыя, якую выкладаюць з пазіцый сваёй, а не чужой нацыі, - адзін з галоўных гарантаў існавання народаў. Абарона гісторыі, тлумачанай з нацыянальнага гледзішча — бадай, найбольш просты спосаб нацыянальнага самасцверджання.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже