Читаем Гісторыя і міфы полностью

Разгляданая нататка, даволі грубая і нетактоўная ў дачыненні да апанента, агрэсіўнасць яе аўтара толькі пацвярджаюць думку неартадаксальных беларускіх гісторыкаў аб збянтэжанасці пэўнай часткі выкладчыкаў гісторыі ў Беларусі (язык не варочаецца называць такіх, як В. Сураеў, беларускімі гісторыкамі), аб прыхаваным і час ад часу адкрытым супраціве новаму, аб суме па старых часах, аб імкненні захаваць былую фантомную, сфальшаваную, расейскацэнтрычную мадэль гістарычнай навукі і адукацыі Беларусі, аб боязі магчымай атэстацыі і верыфікацыі навукоўцаў, выкладчыкаў і настаўнікаў гісторыі.

У апошняй фразе свайго артыкула В. Сураеў выказвае меркаванне, што выйсце з крызісу гістарычнай навукі Беларусі «не лежит на пути замены сталинско-брежневских схем истории на другие, не менее догматичные». Па ягоным артыкуле не бачна, каб за год пасля абароны сваёй дысертацыі, напісанай паводле той сама сталінска-брэжнеўскай схемы гісторыі, якую ён нібыта адпрэчвае, ён здрадзіў гэтай схеме. З такімі людзьмі на гістарычныя тэмы няма сэнсу спрачацца. Яны ведаюць толькі тое, што ведаюць. У гэтым не віна іхная, а бяда.

Варта падаць яшчэ прыклад арыгінальнага падыходу да праблемаў выкладання гісторыі. Менскі настаўнік М. Сянькевіч выказвае прэтэнзіі да «Канцэпцыі гістарычнай адукацыі ў сярэдняй школе Беларусі», якую склала група гісторыкаў на чале з доктарам гістарычных навук М. Бічом [125]. За што? А за тое, што ў канцэпцыі «няма месца для гістарычнай адукацыі ў нацыянальнай школе рускім і ўкраінцам, палякам і яўрэям, літоўцам і латышам, татарам і ўсім тым…, каго беларуская дзяржава… павінна бараніць ад дэнацыяналізацыі, максімальна набліжаючыся да таго, як гэта робяць, напрыклад, у Швецыі. Тут вельмі клапоцяцца аб тым, каб кожнае дзіця вучылася роднай мове (вылучанамною. — В. Г.), каб у яго было пачуццё сваёй нацыі і сваёй сям'і. Калі ў школу трапіў хлопчык, які размаўляе на якой-небудзь зусім экзатычнай мове: яму будуць шукаць настаўніка і вучыць яго аднаго» [126].

Я не зразумеў, якое дачыненне мае пададзены М. Сянькевічам прыклад Швецыі да тэмы. Згодна з ім, там навучаюць дзяцей не гісторыі этнасу, да якога яны належаць, а іхнай мове. А гэта далёка не адно і тое ж.

Намер М. Сянькевіча добры. Але ці магчымае яго ажыццяўленне ў Беларусі (дзе якраз найбольш занядбаная свая гісторыя), калі нават у болей развітых і матэрыяльна, і, не баюся сказаць, духоўна Швецыі і Нямеччыне ён не ажыццяўляецца.

Я не з'яўляюся поўным прыхільнікам канцэпцыі М. Біча. Ёсць за што яе крытыкаваць. Але аднаго ў канцэпцыі не адбярэш — жадання для занядбанай гісторыі Беларусі і яе этнасаў таго месца ў адукацыі, якое ёй належыць па праве.

М. Сянькевіч жа пад вонкава дэмакратычнымі заклікамі, па сутнасці, адмаўляе гэтую станоўчую тэндэнцыю канцэпцыі М. Біча. Ён прапануе стварыць падручнікі, дзе вывучэнне пэўнага перыяду гісторыі ажыццяўлялася б у рамках аднаго падручніка. Скажам, для беларускай школы — гісторыя Беларусі, гісторыя народаў Беларусі і ўсеагульная гісторыя, для расейскай школы — гісторыя Расеі (вылучанамною. — В. Г.), гісторыя Беларусі і ўсеагульная гісторыя, для польскай школы — гісторыя Польшчы (вылучанамною. — В. Г.), гісторыя Беларусі і ўсеагульная гісторыя. І гэта так па класах.

М. Сянькевіч лічыць, што гэткім чынам у падручніку гісторыі кожнага класа будзе гісторыя адпаведнага этнасу, гісторыя Беларусі і ўсеагульная гісторыя.

Але каму ж невядома, што між гісторыяй дзяржавы і гісторыяй этнасу існуе розніца. Яна даволі значная. Падручнікі гісторыі Расеі (у нас на іхнай вокладцы надрукавана «История СССР», але гэта нічога не мяняе) і гісторыі Польшчы — гэта падручнікі не па гісторыі этнасаў, а па гісторыі іхных дзяржаваў, як правіла, з выразнымі вялікадзяржаўніцкімі тэндэнцыямі.

Зазірніце нават не ў падручнік, а ў выданне «Nasza Ojczyzna. Szkolny atlas historyczny» (4-е выданне, Варшава, 1988). Вы ўбачыце там, напрыклад, карту XVII стагоддзя з надпісам «Rzeczpospolita Polska» на абсягах беларускіх тэрыторый, а таксама характэрную карту «Змены межаў Польшчы на працягу гісторыі». Там нашыя землі, насуперак фактам, уведзеныя ў межы Польшчы. Пра падручнікі і карты па гісторыі СССР я ўжо і не кажу.

Што з гэтага вынікае? А тое, што, згодна з прапановай М. Сянькевіча, у расейскіх школах, якіх у Беларусі пераважная бальшыня, зноў будуць вывучаць не гісторыю расейскага этнасу, тым больш не гісторыю ягонай часткі ў Беларусі, а гісторыю вялікай Расейскай дзяржавы, адзінай і непадзельнай.

У польскай жа школе выкладаецца не гісторыя польскага этнасу — тым больш не гісторыя палякаў у Беларусі (якая б выкрыла ілюзорнасць уяўлення пра нібыта масавую міграцыю палякаў у Беларусь), а гісторыя Польскай дзяржавы, якая толькі ў 1920–1939 гадах валодала часткаю Беларусі і да астатнай часткі нашай краіны мела ўскоснае дачыненне.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже