Яна адчыніла дзверы, і чалавек увайшоў, уносячы з сабой пах поту. Следам за ім у бар шмыгнулі хлапчукі і адразу пайшлі да прылаўка з цукеркамі — утаропіліся на іх, але ў вачах у іх не загарэлася ні прага, ні надзея, ні нават жаданне іх пакаштаваць, а было толькі здзіўленне, што ёсць такія рэчы на свеце. Хлопчыкі былі аднаго росту і на адзін твар. Адзін з іх стаяў, паскрэбваючы пальцамі нагі брудную шчыкалатку. Другі раптам нешта шапнуў яму на вуха, і абое ўсунулі рукі ў кішэні, і тонкую сінюю тканіну іх камбінезонаў адтапырылі сціснутыя ў кулакі далоні.
Мэй высунула шуфляду і выняла адтуль буханку хлеба ў васкаванай паперы.
— Вось за пятнаццаць цэнтаў.
Чалавек зноў надзеў капялюш і сказаў усё гэтак жа прыніжана:
— А ці нельга… Можа, вы адрэжаце на дзесяць цэнтаў?
Эл сярдзіта рыкнуў:
— Госпадзі, Мэй! Аддай ім усю.
Чалавек павярнуўся да Эла:
— Не, нам трэба толькі на дзесяць цэнтаў. Даводзіцца ўсё дакладна разлічваць, містэр, інакш не дабяромся да Каліфорніі.
Мэй пакорліва прамовіла:
— Бярыце ўсю за дзесяць цэнтаў.
— Гэта ж як рабаваць вас, мэм.
— Бярыце. Раз Эл сказаў, бярыце. — Яна пусціла па стойцы загорнуты ў васкаваную паперу хлеб. Чалавек дастаў з задняй кішэні скураны капшук, развязаў шнуркі і раскрыў яго. Капшук быў туга набіты сярэбранымі манетамі і залапанымі грашовымі паперкамі.
— Вам, відаць, дзіўна, што я так скуплюся, — выбачлівым тонам сказаў ён. — Але наперадзе ў нас яшчэ тысяча міль дарогі, і невядома, ці дабяромся яшчэ. — Ён пакорпаўся ўказальным пальцам у капшуку, намацаў дзесяціцэнтавую манету і выцягнуў яе. Калі паклаў на стойку, убачыў, што выпадкова прыхапіў яшчэ адзін цэнт. Ён хацеў ужо схаваць яго назад у капшук, але раптам позірк яго ўпаў на хлопчыкаў, што застылі перад прылаўкам з цукеркамі. Ён паволі падышоў да іх, паказаў пальцам на доўгія палачкі ледзянцоў пад шклом у паласатых абгортках. — Гэтыя — цэнт за штуку, мэм?
Мэй нахілілася і глянула пад шкло.
— Якія?
— Вось гэтыя, паласатыя.
Малыя паднялі на яе вочы і перасталі дыхаць — замерлі, крыху раскрыўшы раты і напружыўшы паўголыя цельцы.
— Гэтыя? Не. Яны на цэнт пара.
— Дык дайце дзве штучкі, мэм. — Чалавек беражліва паклаў медную манетку на прылавак. Хлопчыкі ледзь чутна перавялі дух. Мэй дастала два мятныя ледзянцы.
— Бярыце, — сказаў бацька дзецям.
Хлопчыкі нясмела працягнулі рукі, узялі па адной ледзянцовай палачцы і апусцілі ўніз, не кінуўшы на іх позірку. Але зірнулі адзін на аднаго, куточкі іх губ ледзь варухнуліся ад бянтэжлівай усмешкі.
— Дзякуй вам, мэм. — Чалавек узяў бохан і выйшаў за дзверы; хлопчыкі неяк ненатуральна чынна пайшлі следам, і кожны прыціскаў да нагі доўгую цукерку ў абгортцы з чырвонымі палоскамі. А ў машыне яны, як бурундукі, скокнулі з пярэдняга сядзення на самы верх паклажы і зашыліся, як у норку, сярод клункаў.
Чалавек сеў у машыну, завёў матор, і лядашчы «нэш», равучы і выпусціўшы клуб масляністага дыму, уз'ехаў на шашу і пакіраваў на захад.
З бара глядзелі яму ўслед абодва шафёры, Мэй і Эл.
Вялікі Біл павярнуўся да Мэй.
— Такія ледзянцы каштуюць не цэнт за пару, — сказаў ён.
— А табе што? — агрызнулася Мэй.
— Ім цана кожнаму пяць цэнтаў.
— Ну паехалі, — сказаў другі вадзіцель. — А то час трацім.
Абодва палезлі ў кішэню. Біл кінуў на стойку манету, другі шафёр, глянуўшы на яе, зноў палез у кішэню і паклаў сваю манету побач. Потым яны павярнуліся і пайшлі да дзвярэй.
— Бывай, — сказаў Біл.
Мэй аклікнула іх:
— Гэй! Пачакайце! Рэшту вазьміце.
— Ідзі ты к чорту, — сказаў Біл, і сеткаватыя дзверы бразнулі за ім.
Мэй глядзела, як вадзіцелі садзіліся ў вялікую грузавую машыну, як яна з грукатам цяжка кранулася з месца, потым, заскрыгатаўшы перадачамі і набраўшы газ, пайшла сваёй звычайнай рэйсавай хуткасцю.
— Эл… — ціха паклікала Мэй.
Повар адвёў вочы ад катлеты, якую ён спляскваў лапаткай, збіраючыся абкласці яе васкаванымі паперкамі.
— Што там у цябе?
— Зірні сюды, — яна паказала на грошы, што ляжалі каля кубкаў, — дзве манеты па паўдаляра.
Эл падышоў да стойкі, глянуў на іх і вярнуўся да сваіх гамбургераў.
— Вадзіцелі грузавікоў, — паважліва прамовіла Мэй, — гэта вам не задрыпы.
Мухі раз-пораз натыкаліся на драцяныя сеткі і з гудзеннем адляталі прэч. Кампрэсар халадзільніка павуркатаў і сціх. Па шашы № 66 міма бара са зласлівым віскам праляталі машыны — і грузавыя, і зграбныя абцякальныя легкавыя, і нехлямяжыя драндулеты; і ўсе пранізліва вішчалі. Мэй сабрала талеркі і счысціла з іх у вядро крошкі ад торта. Потым узяла мокрую анучу і пачала кругамі выціраць стойку. А вочы яе былі прыкаваныя да шашы, па якой віхрам праносілася міма жыццё.
Эл выцер рукі аб фартух і паглядзеў на паперку, прышпіленую да сцяны над плітой. На ёй былі нейкія кропкі — радкамі ў тры слупкі. Эл падлічыў самы доўгі радок. Тады пайшоў уздоўж стойкі да касы, націснуў на кнопку «Выкл.» і ўзяў з высунутай шуфлядкі жменю манет па пяць цэнтаў.
— Што ты там робіш? — запыталася Мэй.