З клапана кававаркі выбіваецца пара. Кампрэсар халадзільніка пачынае ціха гусці, потым сціхае. Электрычны вентылятар у куце паволі паварочваецца з боку ў бок, абвяваючы пакой цёплым ветрыкам. Па шашы № 66 з шумам праносяцца аўтамашыны.
— У нас незадоўга перад вамі машына з Масачусетса спынялася, — сказала Мэй.
Вялікі Біл абхапіў кубак зверху далонню так, што лыжачка тырчыць у яго паміж вялікім і ўказальным пальцамі. Ён шумна ўцягнуў у рот каву разам з паветрам, каб астудзіць яе.
— Паездзіла б ты цяпер па шэсцьдзесят шостай. Машыны з усёй краіны. Усе на Захад ідуць. Раней ніколі гэтулькі машын не бачыў. Сярод іх такія трапляюцца прыгажуні!
— Сёння раніцай мы бачылі аварыю, — сказаў яго зменны. — Вялікая машына — «кадзілак», зроблены, відаць, па спецыяльным заказе, прыгожы такі. Нізкая пасадка, крэмавы колер. На грузавік наляцеў. Радыятар умяла проста ў вадзіцеля. Гнаў пад дзевяноста міль. Рулявой калонкай наскрозь прапарола, курчыўся, як жаба на круку. Была шык, а не машына, адна любата. А цяпер што — хоць задарма бяры. Адзін ехаў, без нікога.
Эл падымае вочы ад пліты:
— А з грузавіком што?
— Божа мой, які там грузавік! Проста машына з адрэзаным верхам, набітая ўсялякім кухонным начыннем — пліта, рондалі, а яшчэ матрацы, дзеці, куры. Ну ведаеце ж — на Захад едуць. «Кадзілак» прамчаўся паўз нас з хуткасцю мо дзевяноста міль, — абагнуў на двух колах, а насустрач машына. Ён — убок, а тут грузавічок гэты. Урэзаўся ў яго на ўсім хаду. Вадзіцель п'яны быў, ці што. Коўдры, куры, дзеці — усё ўзляцела ў паветра. Аднаго малога забіла, проста раздушыла. Жудаснае відовішча. Мы пад'ехалі. Чалавек, што вёў грузавік, стаіць як укапаны, пазірае на сынка мёртвага. Ні слова з яго не выцягнулі. Маўчыць, як знямеў. Мноства людзей на шашы — цэлымі сем'ямі на Захад едуць. І з кожным днём іх усё больш і больш. Адкуль яны толькі бяруцца?
— Лепш спытайцеся — куды едуць? — сказала Мэй. — Бывае, заязджаюць да нас па бензін і, акрамя яго, нічога не купляюць. Кажуць, яны на руку не чыстыя. Але ў нас нідзе нічога лішняга не валяецца. Нас не абкрадалі.
Жуючы на поўны рот торт, Вялікі Біл глянуў праз зацягнутае сеткай акно на шашу.
— Ну вось, прывязвай сваё дабро мацней. Здаецца, едуць сюды.
З шашы стомлена збочыў «нэш» выпуску 1926 года. Задняе сядзенне ў яго было высока завалена мяхамі, рондалямі і патэльнямі, а на самым версе, амаль упіраючыся макаўкамі ў дах, сядзелі два хлопчыкі. На даху ляжалі прывязаныя да яго матрац і палатка, слупкі ад яе былі прымацаваны да падножкі. Машына пад'ехала да бензінавых помпаў і спынілася. З кабіны вылез цёмнавалосы чалавек з вострым скуластым і насатым тварам. Абодва малыя ссунуліся з паклажы на зямлю.
Мэй абагнула стойку і стала ў дзвярах. На чалавеку былі шэрыя шарсцяныя штаны і сіняя кашуля, пацямнелая ад поту на спіне і пад пахамі. На хлопчыках — камбінезоны на голае цела, патрапаныя, залатаныя. Валасы ў малых былі светлыя, стрыжаныя «пад вожык» і тырчалі, як шчаціна. Твары ў брудных плямах. Дзеці адразу пабеглі да лужыны пад водаправодным шлангам і засунулі пальцы босых ног у гразь.
Чалавек запытаўся:
— У вас можна вады ўзяць, мэм?
Цень нездавальнення мільгануў на твары Мэй.
— Пэўна ж, налівайце, — адказала яна і ціха кінула цераз плячо: — Я пасачу за шлангам. — Яна глядзела, як чалавек няспешна адкручваў каўпачок радыятара і ўсунуў у адтуліну наканечнік шланга.
Бялявая жанчына, што сядзела ў кабіне, сказала:
— Спытайся, можа, тут дадуць.
Чалавек выняў шланг з радыятара і прыкруціў каўпачок. Хлопчыкі ўзялі з рук бацькі шланг, павярнулі яго наканечнікам угору і пачалі прагна піць. Чалавек зняў з галавы цёмны запэцканы капялюш, падышоў да драцяных дзвярэй бара і стаў перад імі з нейкім дзіўным, прыніжаным выглядам.
— Ці не прадасце нам буханку хлеба, мэм?
Мэй адказала:
— Тут не бакалейная крама. Хлеб у нас ідзе на сандвічы.
— Ведаю, мэм. — У яго прыніжанасці адчувалася ўпартасць. — Нам трэба хлеб, а да крамаў, кажуць, ехаць яшчэ і ехаць.
— Прадасі, і сама без нічога застанешся. — У голасе Мэй прагучала нотка нерашучасці.
— Мы галодныя, — сказаў чалавек.
— Дык чаму ж не купіце сандвічаў з катлетамі?
— Мы б радыя купіць гамбургеры, мэм. Ды не можам. Нам трэба абысціся дзесяццю цэнтамі на ўсіх. — І, сумеўшыся, чалавек дадаў: — Грошы зусім канчаюцца.
Мэй сказала:
— За дзесяць цэнтаў буханкі хлеба не купіш. У нас толькі па пятнаццаць.
Ззаду буркнуў Эл:
— Госпадзі, Мэй, дай ім хлеба.
— Да прывозу самім можа не хапіць.
— І няхай не хопіць, чорт з ім, — сказаў Эл і пахмурна глянуў на бульбяную салату, якую ён перамешваў.
Мэй паціснула круглявымі плячамі і азірнулася на шафёраў, нібы кажучы: бачыце, як бывае.