— Ты, тата, выпусці пару, ты, Эл, саджай усіх на грузавік, знайдзі месца для прывалу, дапамажы і вяртайся сюды. А мы з прапаведнікам знімем паддон. Пабачым, як работа пойдзе, можа, яшчэ дацямна зганяем у Санта-Росу і дастанем там шатунны падшыпнік. Магчыма, і ўдасца — яшчэ ж субота. Толькі давай не марудзь, каб нам паспець. Прынясі з грузавіка развадны ключ і пласкагубцы. — Том прасунуў руку пад ніз машыны і памацаў замаслены паддон. — І яшчэ дай мне сюды бляшанку якую ці вядро — я масла спушчу. Яго трэба берагчы. — Эл прынёс вядро, Том падставіў яго пад машыну і пласкагубцамі аслабіў каўпачок. Пакуль ён адкручваў яго пальцамі, чорнае масла залівала яму руку, а потым бясшумным струменем хлынула ў вядро. Да таго часу, як налілася палова вядра, Эл паспеў ужо ўсіх пасадзіць на грузавік. Запэцканы маслам Томаў твар вызірнуў між двух колаў легкавой машыны. — Хутчэй вяртайся! — крыкнуў Том і пачаў адкручваць балты паддона. Грузавік тым часам асцярожна пераехаў неглыбокі кювет і пайшоў па шашы. Балты Том адкручваў па чарзе толькі на адзін абарот, каб не папсаваць пракладкі. Прапаведнік апусціўся каля колаў на калені.
— А мне што рабіць?
— Пакуль што нічога. Сцячэ масла, я выкручу балты, і ты паможаш мне апусціць паддон. — Том зусім запоўз пад машыну, аслабляючы балты развадным ключом і выкручваючы іх пальцамі. Бакавыя балты ён адкруціў не да канца, каб паддон не зваліўся. — Зямля тут, пад машынай, яшчэ гарачая, — зазначыў Том і запытаўся: — Што гэта ты, Кейсі, апошнія дні такі маўклівы стаў? Чаму? Калі мы з табой першы раз стрэліся, ты ледзь не кожныя паўгадзіны прамовы гаварыў. А за гэтыя два дні і дзесяці слоў не вымавіў. Што з табой — занудзіўся?
Кейсі ляжаў на жываце, зазіраючы пад машыну. Зарослы рэдкай шчэццю падбародак апіраўся на тыльны бок рукі. Капялюш ссунуўся на патыліцу, прыкрыўшы ззаду шыю.
— Я на ўсё жыццё нагаварыўся, як быў прапаведнікам, — сказаў ён.
— Ну так, але ж часам ты слушна гаварыў.
— Я ўвесь растрывожаны, — сказаў Кейсі. — Калі быў прапаведнікам, я надта не задумваўся, а цяпер вось дайшло: здорава распуснічаў я тады. А цяпер, раз я не буду больш прапаведаваць, мне трэба ажаніцца. Ведаеш, Томі, вельмі ўжо кроў зайграла.
— У мяне таксама, — сказаў Том. — У той дзень, як я выйшаў з Макалестара, я проста дыміўся. Падчапіў нейкую дзеўку, шлюху. Што потым было, табе не скажу. Гэтага я нікому сказаць не магу.
Кейсі засмяяўся:
— Што было потым, я ведаю. Неяк раз я адышоў у пустыню папасціцца, а калі выйшаў, са мной тое самае было.
— Чорт ведае што! — сказаў Том. — Грошай я не патраціў ні цэнта, але дзеўцы той здорава дасталося. Відаць, падумала, я чокнуты. Трэба было, безумоўна, заплаціць. Толькі ў мяне за душой нічога не было, акрамя пяці зялёненькіх. Яна сказала, што грошай ёй не трэба. Ну, залазь сюды, трымай. Зараз я яго выслабаню. Ты адкруці вось гэты болт, а я той, што з майго боку, тады пойдзе лёгка. Асцеражней з пракладкай. Цяпер увесь цалкам і выйдзе. Стары «додж» — усяго чатыры цыліндры. Ужо раз неяк такі разбіраў. Карэнныя падшыпнікі вялізныя, як мускатныя дыні. Ну апускай… мацней трымай. Прасунь руку, там пракладка задзёрлася… лягчэй. Ну вось! — Замаслены паддон ляжаў між імі на зямлі, і ў карытцах яго яшчэ заставалася крыху масла. Том выняў з аднаго карытца кавалак бабіту. — Вось, — сказаў ён і пакруціў абломак пальцамі. — Вал стаіць каленам угору. Там, ззаду, у машыне завадная ручка, вазьмі яе. Пакруці, пакуль я не крыкну.
Кейсі падняўся, знайшоў завадную ручку і прыладзіў да матора.
— Ну, можна?
— Давай крутні… цішэй… яшчэ трохі… яшчэ крышачку, ага, вось… Хопіць.
Кейсі апусціўся на калені і зазірнуў пад машыну. Том пабразгаў шатунным падшыпнікам па каленчатым вале.
— Так яно і ёсць.
— А чаму, па-твойму, гэта здарылася? — пацікавіўся Кейсі.
— Чорт яго ведае. Драндулет гэты гадоў ужо трынаццаць па дарогах бегае. На спідометры шэсцьдзесят тысяч міль накручана. Значыць, на самай справе тысяч сто шэсцьдзесят — колькі разоў лічбы назад пераводзілі, аднаму богу вядома. Моцны перагрэў — можа, хто з маслам недагледзеў ці яго проста не хапіла. — Том выцягнуў шплінты і захапіў ключом адзін з балтоў, што трымалі падшыпнік. Рэзка павярнуў ключ, і ён сарваўся з галоўкі балта. На тыльным баку рукі з'явіўся доўгі і глыбокі парэз. Том глянуў на ранку — з яе выступіла кроў і, змешваючыся з маслам, закапала ў паддон.
— Дрэнь справа, — сказаў Кейсі. — Дай я буду адкручваць балты, а ты чым-небудзь рану завяжы.