У сваім новым рамане Ксенія Шталенкова запрашае чытача ў чарговае падарожжа. Гэтым разам – у Менск ХІХ стагоддзя.
Детективы / Исторический детектив / Роман, повесть / Современная русская и зарубежная проза18+Ксенія Шталенкова
Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах
© Шталенкова К., 2017
© ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў», 2017
© Распаўсюджванне e-book. ТАА «Электронная кнігарня», 2018
Пралог
Вось і ўсё. Справа выканана, цяпер можна пачынаць новае жыццё. Нават дзіўна, што ўсё адбылося так проста і хутка. Калі ён накіроўваўся сюды, то чакаў усялякага, трымаўся насцярожана. Ніколі не ведаеш, што там робіцца ў чужой галаве.
Але ўсё абышлося.
Ён дбайна завязваў мяшэчак, сэрца радасна, па-дзіцячаму, трапятала ў грудзях: даўно забытае пачуццё. Але што рабіць з іншымі – тут ён вагаўся, але пакуль адагнаў турботныя думкі. З гэтым ён вырашыць трохі пазней, а зараз трэба ўсё спакаваць, затушыць свечку, каб не прыцягваць залішняй увагі, і класціся спаць. Гэтую ноч ён правядзе тут – не самае паганае мейсца, а заўтра ўжо выправіцца ў дарогу. І ўсё будзе інакш.
Раптам за спінай зарыпелі дзверы. Ён не паспеў нават павярнуцца, як яго пачалі душыць, шчыльна абхапіўшы шыю моцнай рукою. Ён заляпаў далонямі па стале, паляцелі на падлогу рэчы, але ж урэшце атрымалася выцяць душагуба ў шчыкалатку, той адступіўся на імгненне і тут жа зрабіў новы кідок. Ды не, брэшаш, і мы не горшыя – атрымалася выкруціцца.
– Ты што робіш? – толькі і выдыхнуў ён, гледзячы на прыхадня, а той ужо з сілай тузануў у яго з рук радно.
Ён хацеў быў адпусціць, але пальцы па-здрадніцку заблыталіся ў вяроўцы. Яны разам паваліліся на падлогу, ён убачыў, як над ім занесена чужая рука, і пасля кароткага ды трапнага руху ўжо больш нічога не бачыў. Галава безжыццёва звалілася набок.
Вось і ўсё. Вось і ўсё.
Раздзел I
Гэтакага роду меркаванні, што патрабавалі неадкладнага фіксавання ў журнале, займалі ранішні час Яўгеніі Канстанцінаўны панны Пракшыной, пакуль незамужняй, як яна сама любіла паведамляць, дзявіцы ад роду гадоў дваццаці аднаго, якая пражывала разам з бацькамі і бабуляй у бельэтажы аднаго з тых даходных дамоў на вуліцы Петрапаўлаўскай, які найзручнейшым чынам месціўся непадалёк ад скрыжавання з галоўнай вуліцай губернскага горада – Захар’еўскай.
Звычку ж запісваць думкі, што прыходзілі ў яе светлую галаву, Яўгенія Канстанцінаўна займела яшчэ ў дзяцінстве, пад уплывам ангельскай пісьменніцы Іаанны Остэн, якой з таварышак ейных ужо, наадварот, ніхто асабліва не зачытваўся, аддаючы ўсё большую перавагу новым імёнам кантынентальнай літаратуры. А вось бацька панны Пракшыной, Канстанцін Мікалаевіч Пракшын, у цяперашні час палкоўнік у адстаўцы, а таксама – паспяховы man of business[2]
у галіне лесапільнай вытворчасці, быў заўзятым англаманам, прытым не ў першым пакаленні. А таму ў фамільнай бібліятэцы за многія гады сабралася нямала выданняў, што прыбылі з саміх Брытанскіх астравоў. І хаця імі хатні збор зусім не абмяжоўваўся, Яўгенія Канстанцінаўна больш за ўсё любіла менавіта ангельскія раманы і ўсё часцей – рамантычных уласцівасцяў, ну а ўжо ў міс Элайзе Бэнэт панна Пракшына бачыла самую сябе. Нягледзячы на тое, што з мінулага траўня яна ўжо не магла падобна той бравіраваць сваім юным узростам, выдуманая міс дагэтуль служыла для Яўгеніі Канстанцінаўны прыкладам, а стваральніца яе – натхненнем у творчасці.