— Што, зноў клапы турбуюць? — смеючыся, спытаў дзяжурны.
— Не, яшчэ горш за клапоў,— адказаў Міхась.
— А што такое? Гавары.
— Мне трэба ведаць, за што я трапіў у гэтую пастку. У чым мяне абвінавачваюць?
— Я — не пракурор і не следчы. І на такія пытанні не ўпаўнаважаны адказваць,— сказаў як адрэзаў дзяжурны.
— Тады паклічце сюды пракурора, няхай ён адкажа на маё пытанне.
— Гэтага я таксама не магу зрабіць.
— Дык што ж вы тады можаце? Клапоў падсмажыць — і ўсё?
— Гэта ўжо не твая справа, чым мне займацца. А табе, калі скажаш хоць адно абразлівае слова, заткну глотку.
— У такім выпадку я аб’яўляю галадоўку,— нечакана для самога сябе выпаліў Міхась.
— Гэта тваё права,— раўнуў дзяжурны і зачыніў за сабою жалезныя дзверы.
Міхась зразумеў, што па-добраму тут нічога не даб’ешся. Трэба прымаць іншыя захады. І ён.тут жа прыняў рашэнне аб’явіць галадоўку, пакуль яму не скажуць, у чым яго абвінавачваюць, за што яго тут трымаюць. Ён сказаў сабе: «З голаду загіну, а ў рот нічога не вазьму, пакуль не дачакаюся афіцыйнага адказу на сваё пытанне. Бо я нідзе нікому вады не замуціў. Я — шчыры савецкі чалавек, а не які-небудзь бандзюга-крымінальнік».
Слова сваё Міхась стрымаў: з раніцы наступнага дня ён адмовіўся ад пайкі і баланды. І так ён рабіў на працягу трох дзён. А на чацвёртыя суткі да яго ў камеру ўляцелі двое ў цывільных касцюмах і дуэтам закрычалі:
— Гэта хто тут надумаўся пратэставаць?
— Я,— рашуча адказаў Міхась.
— Ах ты, нягоднік!..
І тут пасыпаліся брыдкія, нецэнзурныя словы, якіх Міхась ніколі ў жыцці сваім не чуў.
— Пракурора патрабуеш? Я пракурор! — крычаў чалавек у чорным касцюме.— Кажы, што табе трэба?
— Мне трэба ведаць, за якія грахі я тут пакутую? — стрымана, але цвёрда адказаў Міхась.
— Марш наперад! Пойдзем у кабінет, там даведаешся, варожае адроддзе, недабітая контра! — грымеў чалавек у чорным.
Ужо на лесвіцы, калі гэтыя дзяржыморды працягвалі абзываць яго рознымі брыдкімі словамі, Міхасю здалося, што ён гэтых тыпаў недзе бачыў. Ён падумаў, што яны — даўнія яго знаёмыя. Маўляў, пазналі яго і, шуткуючы, вырашылі разыграць, а потым паздароўкаюцца, пагутараць па-сяброўску і пусцяць дадому. Асабліва старэйшы, што быў апрануты ў чорны касцюм і называў сябе пракурорам. Міхась думаў, што пракурор — гэта святы чалавек, ён лаяцца матам не будзе. А гэты тып — самазванец. Значыць, пазнаў яго і разыгрывае сцэну. А таму на лаянку Міхась пачаў адказваць лаянкай, каб не паказацца хлюпікам і баязліўцам, не ўпасці перад ім, як кажуць, тварам у гразь. Нават і тады, калі ўжо сышлі на першы паверх і ўвайшлі ў кабінет, дзе гэтыя «пракуроры» пачалі пагражаць яму кулакамі, Міхасю яшчэ не верылася, што гэта сапраўдныя каты. Ён узяўся за спінку крэсла і сказаў:
— Ну, што ж, давайце будзем біцца! — думаючы, што яны вось-вось адкрыюцца, хто яны такія і чаго тут апынуліся.
Але не на тых натрапіў. Людзі, якіх ён прыняў за знаёмых, і не думалі гуляць з ім у жмуркі — яны паказвалі сваю натуру ва ўсім бляску.
— Ты, г..., хрэн маржовы, пастаў крэсла на месца, а то мы з цябе адбіўную зробім! — гаркнуў старэйшы, што быў у чорным касцюме.— Лепш паслухай адказ на сваё пытанне. Цябе будуць судзіць за тваю контррэвалюцыйную агітацыю і дзейнасць. Абвінавачваешся ты па артыкуле 58, пункт 10 Крымінальнага кодэкса РСФСР. Зразумела ці не?
— Зразумела, але ж гэта паклёп, цень на белы дзень! Скажыце, чыя гэта работа? Хто прыдумаў, сачыніў гэтую ліпу? — пытаўся Міхась.
— Падрабязна аб усім даведаешся ў следчага. А наш абавязак — сказаць табе тое, чаго ты хацеў. У заключэнне адно табе параю: у гэтай установе ніколі не хапайся за крэсла, калі хочаш жыць і застацца цэлым-непашкоджаным. Тут ты адзін, а нас шмат, і ўсе як адзін атлеты, не тое што ты — цывільны фіціль. На сёння мы табе даруем, а ў далейшым — прабач. А цяпер ідзі ў свае апартаменты і еж усё, што даюць. Ведай, што будзе яшчэ горш... Адвядзіце зняволенага ў 889 камеру,— звярнуўся ён да канваіра, які ўжо чакаў ля адчыненых дзвярэй.
На гэтым і скончылася трохдзённая галадоўка Міхася Асцёрскага. Яна не прайшла дарэмна. Сяму-таму навучыла яго. Ён цяпер ведае, у чым яго абвінавачваюць — у нейкай контррэвалюцыйнай змове, аб якой і ў сне не сніў. Ён цяпер лічыцца «ворагам народа», як Бухарын, Рыкаў, Томскі, як Чарвякоў, Галадзед, Гікала, Чубар, Скрыпнік; як Якір, Убарэвіч, Ягораў, Гамарнік; Цішка Гартны, Міхась Чарот, Міхась Зарэцкі, Платон Галавач, Уладзіслаў Галубок, Астап Вішня і іншыя, пра якіх у апошні час так многа пісалі ў газетах. Значыць, і іх вось так жа змялі, скруцілі, прышылі ярлыкі і... бывайце здаровы?.. Каму і навошта гэта патрэбна?