Читаем Каласы пад сярпом тваiм. Кнiга I полностью

– Разумная галава думала аж дзве хвіліны. Хто яе возьме? Ты? Я? Грыма?.. Пяць гімназістаў. Ты ж ведаеш: і ў нас, і ў шостым, і ў сёмым класе больш не знайшлося ніводнага.

– Можа, і ёсць, ды маўчаць.

– Дык будуць маўчаць і тады.

– Вашчыла пачаў з трыма сябрамі, – сказаў Алесь. – А потым вакол іх стала войска.

– Ну і скончыў, як пачаў.

– Але ж чатыры гады трос дзяржаву.

– Тады народ быў смелы.

– А цяпер? Цяпер яму яшчэ горш. Лепей смерць, чым гэтакае жыццё. Усе разумеюць… І гэта пякельнае, абразлівае рабства!..

Мсціслаў глядзеў праз акенца, завея паўзла на сляды палазоў.

– Не, – сказаў ён нарэшце. – Ты ведаеш, я не баязлівец. Але колькі нас. Мы толькі пачалі разумець сябе. Нават калі мы знойдзем яшчэ сотню-другую людзей, гэта скончыцца стратамі і ганеннямі. Наша маленькая думка проста не вытрымае, згасне, мы загінем, а з намі першыя парасткі. І тады нам канец.

Дзеці сур’ёзна гаварылі аб паўстанні і зброі, і гэта было б нават смешна, каб не іхнія пашыраныя вочы, ліхаманкавы румянец шчок і перарывістыя галасы.

– Не, – паўтарыў Мсціслаў. – Мы страцім усё, прыдбанае з такой цяжкасцю.

– Ты мяне не зразумеў, – сказаў Алесь, – я не кажу пра бунт сепаратыстаў, я кажу пра бунт нездаволеных, хто б яны ні былі. Палякі… рускія… літоўцы… людзі Інфлянтаў.

– Тым больш, – сказаў Мсціслаў. – Астатнім што?! У іх шмат астанецца, калі расстраляюць нават тысячы. А ў нас не астанецца нічога, нават калі расстраляюць сто чалавек. Мы маленькі агеньчык, які ледзь пачаў гарэць.

– Знойдуцца яшчэ.

– Праз сто год? – іранічна спытаў Мсціслаў. – Гэта ты важна прыдумаў.

– Няхай, – упарта сказаў Алесь. – А зброю браць усё адно давядзецца. Да таго часу знойдзем людзей… Зразумей, трэба… У рабстве гіне дух.

Вазок ехаў цяпер зусім па чыстым полі, пакідаючы за сабою самотны звілісты след. І ўсё паўзлі, паўзлі на гэты след белыя змеі.

…Дзед быў усё той самы. Сустрэў абодвух з лёгкай іроніяй і дрэнна схаванай пяшчотай у старэчых вачах. За вячэраю гаварылі аб нязначным: аб зайчыным паляванні, аб тым, што Кроер яшчэ раз паўтарыў свае хаўтуры, на гэты раз куды больш віртуозна, і зноў многія трапілі ў ягоную пастку; аб тым, што ў Маскве згарэў Вялікі тэатр.

– Гэта ён ад сораму, – заўважыў Вежа. – Бо кожны дзень спявалі “Жыццё за цара”.

А пасля вячэры Мсціслаў, відаць, вырашыў трохі выпрабаваць старога на радыкалізм.

– Дастаў бы ты, Алесь, тое, што ў цябе ў кішэні, ды пачытаў пану Данілу.

Алесь збялеў. У кішэні ў яго ляжаў спісак “Паэм на маларасійскай гаворцы”. Паэмы зваліся “Каўказ” і “Сон”. Прозвішча аўтара не было, але яго шэптам перадавалі адзін аднаму: Шаў-чэн-ка.

Алесь паглядзеў на сябра з такім дакорам, што той сумеўся. Але дзед зрабіў выгляд, што нічога не разумее.

– Адну давай, – сказаў ён.

І тады Алесь пачаў чытаць. Дзед слухаў сурова, а калі ўнук скончыў, доўга маўчаў.

– Сцеражыцеся, хлопцы, – сказаў ён нарэшце звонкім ад хвалявання голасам. – Я не буду забараняць: бачу, чаго вы там нахапаліся, ведаю, што позна, вы не паслухаеце. Але сцеражыцеся. Павагаю вашай да мяне прашу. Мне будзе… крыўдна, калі з вамі што-небудзь здарыцца.

Хлопцы, прыгнечаныя страшнай сілай гэтага “сцеражыцеся”, маўчалі, быццам упершыню самім сэрцам адчулі небяспеку. І тады стары, шкадуючы іх, раптам сумна ўсміхнуўся:

– А propos de[70] вершаў… Я б гэтага хахла не ў Сібір, а міністрам асветы замест дурня Уварава зрабіў. Нічога, хлопцы. Усё нічога.

І прыкрыў вялікімі далонямі рукі юнакоў.


XXVI


Над Вільняй павольна плыў звон. Званілі ў праваслаўных цэрквах, званілі ва ўсіх касцёлах ад Вострай Брамы да Антокаля. Пад гэты звон, які зусім не пасаваў да празрыстай вясновай лістоты, пакідала горад брычка, у якой, заціснутыя між чамаданамі і кофрамі, сядзелі два – цяпер ужо шасцікласнікі – хлопцы. Пан Юры, збіраючыся ехаць з Вільні на ўвесь час, дабіўся ад папячыцеля вучэбнай акругі дазволу, каб сын і Мсціслаў здалі экзамены датэрмінова. Яны і здалі. З вышэйшымі адзнакамі па ўсіх дысцыплінах.

У апошні момант пан Юры, лаючыся, паведаміў хлопцам, што губернскія дваранскія справы прымушаюць яго на тыдзень затрымацца ў Вільні і што ім давядзецца, каб не мазоліць вачэй сябрам, якія ўсё яшчэ пацелі над вакабуламі ў святаянскім гімназічным падвор’і, ехаць адным пад наглядам Халімона Кірдуна. Грэх сказаць, але сябры ўзрадаваліся і абставінам пана Юрыя, і падарожжу.

Загорскі бачыў гэта, але апраўдваў хлопцаў. Што зробіш, больш за ўсё на свеце маладосць любіць самастойнасць.

Брычка ляскатала па бруку, і Алесь бачыў на тратуары бацькаву пастаць.

Потым тройка завярнула на Дамініканскую. Коні нерваваліся, са званіцы сабора Дамініканаў падаў густы чорны звон.

Над усёй Вільняй гаварылі званы.

Дамініканам праз нейкіх сто сажняў басавіта адказаў святы Ян. Злева пацягнуліся святаянскія муры, дзе была гімназія. На другім паверсе, пэўна, якраз гадзіну таму назад, селі за сачыненне малодшы Біскуповіч, Ясюкевіч і цельпукаваты Грыма.

Перейти на страницу:

Похожие книги

10 мифов о князе Владимире
10 мифов о князе Владимире

К премьере фильма «ВИКИНГ», посвященного князю Владимиру.НОВАЯ книга от автора бестселлеров «10 тысяч лет русской истории. Запрещенная Русь» и «Велесова Русь. Летопись Льда и Огня».Нет в истории Древней Руси более мифологизированной, противоречивой и спорной фигуры, чем Владимир Святой. Его прославляют как Равноапостольного Крестителя, подарившего нашему народу великое будущее. Его проклинают как кровавого тирана, обращавшего Русь в новую веру огнем и мечом. Его превозносят как мудрого государя, которого благодарный народ величал Красным Солнышком. Его обличают как «насильника» и чуть ли не сексуального маньяка.Что в этих мифах заслуживает доверия, а что — безусловная ложь?Правда ли, что «незаконнорожденный сын рабыни» Владимир «дорвался до власти на мечах викингов»?Почему он выбрал Христианство, хотя в X веке на подъеме был Ислам?Стало ли Крещение Руси добровольным или принудительным? Верить ли слухам об огромном гареме Владимира Святого и обвинениям в «растлении жен и девиц» (чего стоит одна только история Рогнеды, которую он якобы «взял силой» на глазах у родителей, а затем убил их)?За что его так ненавидят и «неоязычники», и либеральная «пятая колонна»?И что утаивает церковный официоз и замалчивает государственная пропаганда?Это историческое расследование опровергает самые расхожие мифы о князе Владимире, переосмысленные в фильме «Викинг».

Наталья Павловна Павлищева

История / Проза / Историческая проза
Иван Грозный
Иван Грозный

В знаменитой исторической трилогии известного русского писателя Валентина Ивановича Костылева (1884–1950) изображается государственная деятельность Грозного царя, освещенная идеей борьбы за единую Русь, за централизованное государство, за укрепление международного положения России.В нелегкое время выпало царствовать царю Ивану Васильевичу. В нелегкое время расцвела любовь пушкаря Андрея Чохова и красавицы Ольги. В нелегкое время жил весь русский народ, терзаемый внутренними смутами и войнами то на восточных, то на западных рубежах.Люто искоренял царь крамолу, карая виноватых, а порой задевая невиновных. С боями завоевывала себе Русь место среди других племен и народов. Грозными твердынями встали на берегах Балтики русские крепости, пали Казанское и Астраханское ханства, потеснились немецкие рыцари, и прислушались к голосу русского царя страны Европы и Азии.Содержание:Москва в походеМореНевская твердыня

Валентин Иванович Костылев

Историческая проза