– Вэндзіць фазана будзеш як заўсёды, на драўляным пілавінні з цукрам. І каб тушкі не дакраналіся адна да адной! А індыка, перш чым рэзаць, напаі п'яным – за паўгадзіны ўлі ў рот лыжку гарэлкі: мяса будзе смачнейшае...
Дзверы ў спальню адчыніліся. Дзед зайшоў і сеў каля ложка.
– Не спіш? – спытаў ён.
– Не-а.
– Усё мучышся?
Дзед маўчаў, і цень ад яго галавы схіляўся ўсё ніжэй.
– Хочаш астацца са мной?..
– А бацькі?
– Ну, прыязджаць, калі захочаш...
– Хачу.
– Ну вось. А я стаў лянівы на дабро... Усё думаеш: можа, другім разам. А гэтага нельга!.. За гадзіну я абдумаў. На ўсіх актораў запавет, што яны будуць вольныя пасля маёй смерці. А ёй – вось ён, – і дзед паказаў жаўтаваты аркуш паперы. – Заўтра яна можа ісці, куды хоча.
– І яна можа?..
–Тут сказана: хоча – няхай ідзе. Хоча – няхай астаецца ў маім тэатры, грае ўжо як вольная.
Алесь прыўстаў і схапіў дзедавы рукі.
– А цяпер ідзі, занясі сам...
...Ён ляцеў начным калідорам – аж рэха лунала. Кінуўся ў дзверы і пабег пераходам над аркай. Загрукаталі вінтавыя сходы на антрэсолі.
...Ён нечакана ціха пастукаў у дзверы...
Дзверы адчыніліся, і ён убачыў жаночую постаць у доўгім начным халаце, валасы, сабраныя стужкай, і вочы.
У гэтых вачах і цяпер жыў сум, але яны трошкі пацяплелі.
– Заходзьце, – сказала яна.
...Просценькі туалетны столік, дзве свечкі на ім. Разгорнутая кніга на крэсле.
– Сядайце.
Усё было звычайнае. І ўсё ж за гэтым пакоем ён бачыў вязніцу і полымя вогнішча.
Пачырванеўшы, працягнуў ёй скрутак паперы.
– Што гэта?
– Прачытайце. І не бойцеся турмы. Я вас абараню.
Яна з усмешкай паглядзела на яго, такога наіўнага ў сваёй веры. Што мог зрабіць ён?
Пасля разгарнула скрутак і з той самай памяркоўнай усмешкай пачала чытаць.
Усмешка знікла.
Страшна бледная, яна глядзела на яго.
– Стары пан піша, што ён вызваляе мяне па вашаму жаданню.
– Калі ён піша так – значыць, ён добры да мяне.
І тут ён убачыў яе вочы. Што гэта было, ён не ведаў, але гэта былі зусім другія вочы, не тыя, што вось толькі, не тыя, што на сцэне.
Маўчанне панавала ў пакоі. А за паўкруглым акном ляжала глыбокая ноч.
– Дзякую вам, – сказала яна. – Я гэтага ніколі не забуду. Ніколі не забуду.
Гэта было непатрэбна. І ён, адчуваючы, што слёзы вось-вось зноў пырснуць з вачэй ад захаплення і шкадобы, павярнуўся і кінуўся з пакоя.
XVII
Раніцай сонца прабівалася праз плюшч на вялізную верхнюю тэрасу, што з фасаднага боку. У вальерах сварыліся і шалёна крычалі папугаі.
Дзед сядзеў у крэсле. Перад ім дымела філіжанка шакаладу і стаяла бутэлька белага віна. Убаку сядзела за каклюшкамі Глебавічна.
А перад Алесем акрамя шакаладу ляжалі лісты жоўтай слановай паперы, стаяла ў чарніліцы кітайская туш. Дзед у гэтых адносінах быў вялікі сноб, – пісаць, дык пісаць так, каб была асалода: ільсняным чорным па гладкім жаўтаватым, тады пішацца нешта талковае. “Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер’і: скрабуць ды рыпяць”.
А пер'і былі адмысловыя: гусіныя, тонка завостраныя, мяккія, заўсёды з левага крыла, каб зручна ляжалі ў руцэ.
Дзед прыгубляў віно і пачынаў, быццам бавіўся новай гульнёй, але так, што гэтага нельга было заўважыць:
– Разважанні аб злачынстве і пакаранні...
Пяро ў Алеся пачынала бегаць.
– Не спяшайся, – казаў дзед. – Выслухвай і запісвай самае галоўнае... Дык вось, мы спыніліся на неадпаведнасцях паміж людскімі законамі і натуральным законам прыроды...
Дзед думаў хвіліну.
– Чалавек следуе законам натуры толькі ў горшым. Ён карае смерцю нават за тое, за што натура даруе ў літасці і жорсткасці сваёй... А між тым, безумоўна, падлягае смерці толькі адно злачынства – здзек з чалавечай душы, катаванне чалавечага цела... Сюды трэба аднесці гвалт над жанчынай...
– Бацюхна, – з дакорам казала Глебавічна. – Яму рана.
– Маўчы... Заўтра я, магчыма, памру, так і не дачакаўшыся, калі яму будзе “час”. Хай слухае. Ён не зразумее гэтага брудна...
– Табе лепей ведаць, – прымірылася яна.
– Вы гаварылі, што ў Півошчах стралялі, – сказаў Алесь. – Што атаман Прайдзісвет забіваў з голаду... Тады і... нас.
– Магчыма, сынок.
– Ба-ацюхна мой, – уздыхнула Глебавiчна. – Вы ж не ўдарылі нікога за ўсё жыццё.
– Ён разважае разумна, матухна, – казаў князь. – Я не ўдарыў, але маё становішча такое, што я м а г у ў д а р ы ц ь чалавека, які не можа адказаць. Значыць – розніца невялікая.
– Вы пан літасцівы.
– У літасці ўся і справа. Літасцівы. Ашчаслівіў. А яго сын, скажам, будзе нелітасцівы. Або мы загінем падчас навальніцы на Дняпры. Усе.
– Свят-свят, – хрысцілася Глебавічна. – Вы нешта жахлівае кажаце.
– Так, дзядуля, – казаў Алесь. – Я і сам гэта думаў. А потым прыйдзе нейкі Кроер.
– Вось, – казаў дзед. – І таму мы, незалежна ад нашых добрых якасцей, удзельнічаем у адным вялізным злачынстве, імя якому... Расійская імперыя.
Стары вальтэр'янец усміхнуўся. Зялёны і сонечны цень ляжаў на яго абліччы, а ў вальерах далёка і прыглушана крычалі птушкі.
– Чаму ж не змяніць гэтага? Ёсць разуменне, ёсць воля,
ёсць зброя.