...Разгарачаныя скокамі, Алесь і Майка выбеглі з пакояў і спыніліся ў халаднаватай лоджыі. Праз вялікія вокны свяцілі марозныя зоры.
Дзве малюсенькія постаці сталі каля акна і прытуліліся адна да адной, бо стала трошкі жудасна. Адчуваючы пад рукою яе плечыка, Алесь сказаў:
– Зоры. Настаўнік кажа, што на іх таксама ёсць людзі.
– А мы іх ніколі не ўбачым, – сказала яна. – А што, Алесь, можа там быць, як у нас у Загоршчыне? Ёсць там такія, як мы?
– На адной няма і на другой няма, – сказаў Алесь. – А на тысячнай, можа, і ёсць. Стаяць недзе, як мы, такія самыя хлопчык і таечка, і глядзяць на нас і думаюць: а ці ёсць там хто?
– І таксама не ўбачаць ніколі, – уздыхнула яна.
Зоры мігцелі над паркам.
– Алесь, – спытала яна, – можа нарадзіцца чалавек з такімі вачыма, што ўбачыць іх?
– Не ведаю, – сказаў Алесь. – Вочы ва ўсіх розныя. Бачыш Коўш?
– Бачу.
– А вунь другая зорка ў ягонай ручцы. Паглядзі, што ты бачыш ля яе?
– Ой, – шапнула Майка. – Яшчэ адна зорачка.
– Гэта Міцар і Алькор, – сказаў Алесь. – У цябе добры зрок. А вунь тую зорку як ты бачыш?
– Ніяк, зорка як зорка.
– А я ведаю, што яна падвойная. Гэта альфа Вагаў. Настаўнік здзіўляецца, якія ў мяне вочы. Ён правяраў. Ён бачыць толькі ў трубу тое, што я добра бачу і так. Ведаеш, Вечарніца мае сярпы, як месяц. А калі на ёй серп, то часам можна заўважыць, што астатняя яе частка попельная... Я заўважаю нават яшчэ больш. Ля Воўчага Вока[67]
ёсць дзве зусім малюсенькія зорачкі. Але я іх бачу толькі ў прыцемку, калі на небе зусім мала зор. Тады ніхто не забівае іх сваім ззяннем.Памаўчаў.
– Можа, і народзіцца некалі чалавек з такім зрокам, што ўбачыць на зорках людзей.
– Слухай, – сказала яна. – Давай зробім... ведаеш што?
– Ведаю, – сказаў ён, нейкім шостым пачуццём адгадаўшы, што яна думае. – Трэба назваць дзве гэтыя зоркі ля Воўчага Вока. Іх жа ніхто не бачыць. Дык мы дамо адной тваё імя, а другой – маё. І гэта будзе наша таямніца. І нашы імёны будуць вечныя, як тыя зоркі. Заўсёды.
– Заўсёды-заўсёды, – сказала яна. – Нават калі нас не будзе... праз тысячу год... Зорка – Майка і зорка – Алесь.
...Святкі ішлі далей: у танцах, пераапрананнях, варажэннях, у палёце санак, а хутаных вясёлкавым
снежным пылам. А ля Воўчага Вока жылі і свяціліся, нікому невядомыя, зорка – Майка і зорка – Алесь. Ім было
добра і весела разам з усімі, але яшчэ лепш адным.
Яны гаварылі і гаварылі. Алесь расказваў ёй аб сустрэчы на поплаве з Чорным Войнам. Яна аж пахаладзела, дачуўшыся, як ён падобны да яе Лазніка. Але яна нічога не сказала яму аб ім.
...Аднойчы, на чацвёрты дзень каляд, яны ўцяклі ад усіх і пайшлі ў далёкія, нежылыя пакоі дома “шукаць цікавага”. Цікавае было ўсюдых. То гэта была “скрыначка Пандоры”, якую яны знайшлі на століку ў кутнім пакоі. Яны доўга не маглі адчыніць яе, а потым выпадкова націснулі бліскучую пласцінку, і са скрынкі, адразу за адкінутым вечкам, выраслі кавалер і дама з бісквіту[68]
. Яны павольна круціліся ў нейкім невядомым танцы, а вакол іх, жвава пагойдваючыся, круціўся чорт.Цікавыя былі старыя партрэты, бо яны не маглі прачытаць лацінскіх і вязевых надпісаў на іх. Цікавы быў калейдаскоп, які яны знайшлі ў пустым пакойчыку. Калейдаскоп ляжаў у скрынцы, разам з рознакаляровымі шкельцамі. Дзеці селі на канапу і пачалі праз гэтыя шкельцы глядзець у акно, на дрэвы і аблокі.
Яны паглядзелі праз сіняе шкельца – і свет за акном стаў сіні і нежывы.
– Я не хачу такой зямлі, – сказала яна.
– Я таксама. Нá табе жоўтае шкло.
Жоўтае было вясёлае і радаснае. Свет ляжаў перад Майкай жоўценькі, і яна смяялася.
А потым трапілася чырвонае шкельца. Застрашлівае барвянае неба, цяжкія крывавыя аблокі, такія няўмольныя, павольныя, жахлівыя.
– Страшна, – сказала яна. – Вазьмі хутчэй.
Яны сядзелі моўчкі, аглушаныя страшным відовішчам. Майка была такая прыгнечаная... Алесь сам не ведаў, як гэта ў яго выйшла. Але ён абняў яе зусім бязважкімі рукамі і няўмела пацалаваў у нерухомы раток.
На хвіліну яна была раззлавалася, але потым толькі сышла з канапы і села на маленькае крэселка каля сцяны. Яна сядзела маўклівая і такая танюткая ў сваёй бэзавай сукенцы, што яму стала шкада яе.
Але ён не ведаў, як выпрасіць дараванне. Ён проста глядзеў на яе вялікімі ўмольнымі вачыма. А Майка нават павек не ўзняла на яго.
Тады ён адвёў вочы на сцяну і заўважыў дзіўнае. Заходняе сонца ляжала на сцяне пакоя. І там жа, на сцяне, Алесь убачыў чарнатварую Майку з фіялетавымі валасамі і ў сукенцы аранжава-барвянага колеру. Чорную-чорную Майку з фіялетавымі зіхоткімі валасамі.
– Майка! – крыкнуў ён такім голасам, што спалохаў яе. – Майка, глядзі на мяне. Доўга-доўга глядзі.
Непаразумелая, яна ўсё ж падпарадкавалася.
Захад ляжаў на сцяне пакоя. Яна глядзела на хлопчыка, на яго зялёную куртку, бачыла яго ўмольныя і спалоханыя вочы і разумела, што дарэмна пакрыўдавала на яго.