...У сваім спакоі, у плыні жыцця, якое нічога, здаецца, не абяцала, ён узрадаваўся лісту Каліноўскага.
Добра было ведаць, што трэба дацярпець толькі да восені, а там гары яно ўсё гарам. Увосень ён паедзе ў Пецярбург, звяжацца з Кастусём і сябрамі. Будзе віраванне спрэчак, учынкаў – усяго, што завецца жыццём.
І, калі спатрэбіцца, ён аддасць гэтае жыццё братам.
Усё добра. Хоць нехта ёсць на свеце, каму яно патрэбна.
Радзіма.
Родная зямля.
Беларусь.
...Майскімі раніцамі, да ўсходу сонца, скакалі ў жытах дзяўчаты.
Хлопцы ўначы, прабіраючыся на могілкі, палілі там невялікія, таемныя для ўсіх, хто не ведаў, вогнішчы і потым палохалі дзяўчат.
– А унь русалкі. Ты глядзі, не хадзі без мяне. Заказыча.
І дзяўчаты слухаліся іх.
Ярасна цвіло па-над шляхамі жоўтае купалле: ведала, што век у яго кароткі і хутка яго пачнуць увіваць у вянкі.
Набліжаўся час, калі русалкі асабліва шкодзяць людзям, і трэба знайсці хоць які дзень-два, каб утаймаваць іх, а заадно пасмяяцца, паспяваць ля вогнішчаў і ўдосталь нацалавацца дзе-небудзь у сініх ад празмернай зелені жытах.
Па сёмусе прыйшоў русальны тыдзень.
Азярышчанскія дзеўкі звівалі вянкі і вешалі іх на бярозах. А хлопцы неслі на зялёных насілках у бярозвавы гай абраную ўсімі русалку: самую ладную дзяўчынку, якая знайшлася ў Азярышчы, трынаццацігадовую Яньку Кагут.
У белым рубку[17] да лытак, з доўгімі, ледзь не да каленяў, распушчанымі валасамі, яна пагойдвалася ў сінім небе, вышэй за ўсіх. І свежы, пяшчотны тварык дзяўчыны ўсміхнуўся сонцу, нівам і зялёным гаям.
А за ёю ішла ў вянках яе прыгожая світа.
...Палілі агні. Кідалі ў іх вянкі. Дзяўчаты ўцякалі ад Янькі, а яна лавіла іх і казытала. Дзеўкі ў парах гулялі з хлопцамі.
Не абышлося і без бойкі. Сутыкнуліся за Галінку Янук Лапата і Кагутовы блізнюкі. Медзведзяваты Аўтух заступіўся за брата і пачаў валяць Кандрата з Андрэем. У бойку ўлез Алесь і, на агульнае здзіўленне, даў Аўтуху такога дыхту, што той нават кінуўся ўцякаць. Уцячы Алесь яму не даў.
Урэшце іх памірылі, хоць Янук і глядзеў ваўком... Пілі піва і скакалі ля вогнішчаў.
І ўсё гэта было весела, але весялосць была афарбавана лёгкім адценнем журбы. Магчыма, таму, што набліжаўся Ян Купала, і хоць лета было яшчэ ледзь не ў самым пачатку – усім было ясна: сонца вось-вось пойдзе на сход.
Спаляць сабраныя з двароў старыя бароны, разбітыя сані, аглоблі. Кожны дасць трохі цеплыні са свайго двара, але ўсё адно не падтрымае гэтым сонца. І, як сонца, скоціцца з высокай гары ахопленае агнём кола. Будзе каціцца ніжэй і ніжэй, а потым кане ў Дняпро і згасне.
Журба, амаль непрыкметная, жыла ва ўсім, і перш за ўсё ў травах, якія ведалі, што пасля Янавага дня ім не хаваць у сваіх нетрах Янавых ліхтарыкаў, што прыйшоў іхні час і іх пасцінаюць звонкай касой.
Утрапёнасць квітнення, песень і пацалункаў скончылася. На яе месца прыйшло задумлівае чаканне плёну.
І таму на кветках, на вярбовых косах, на дарогах, што заблудзіліся ў палях, панаваў спакой і лёгкі сум.
Усё было аддадзена. Усё было споўнена на зямлі.
Яны стаялі ля храма бога вод. Сонечныя, зеленаватыя плямы святла беглі па іхніх абліччах, а проста ад ног ішоў у імшаную, як мядзведзь, цёмна-зялёную цемру доўгі адхон, што ўвесь тачыўся вадой.
Ад густой зеляніны жывое срэбра струменьчыкаў здавалася зеленаватым. Журлівым звонкім халадком патыхала ў яры.
Родная зямля – гэта крыніцы. І тут было адно з незлічоных месцаў іх нараджэння.
Выйсце крыніц. Воды. Воды. Струменьчыкі, ручаіны, рака, мора. Зялёны звон пад нагамі.
Чаму ты ўнікаеш мяне, Гелена? – спытаў Алесь.
Я не ўнікаю.
Вочы глядзлі ўбок, вышэй Нептуна, дзе зеленаваты ад ценю струменьчык выбіваўся з зямлі.
У яе сапраўды было змарнелае і светлае аблічча. Новае, нічым не падобнае на ўсе яе іншыя абліччы.
– Сядзь, – ён пасадзіў яе на каменную лаву. – Ты... не трэба так... Ты ведаеш, я шкадую цябе, як нікога. І я не хачу быць ні з кім, акрамя цябе.
Яна адмоўна паківала галавой. Струменьчыкі звонка скакалі ў яр.
– У мяне будзе дзіця, Алесь.
Ён маўчаў, так раптам упала сэрца ад нечаканасці і дзіўнага прадчування, падобнага да прадчування бяды. Гэтага не магло быць. Ён – і дзіця.
– Я думала спачатку, што гэта памылка. І вось пераканалася. Будзе.
Бледны ад разгубленасці, ён глядзеў на яе. Гэтыя вочы, і іскрыстыя валасы, і тонкая постаць – гэта цяпер не проста яна. Гэта ўжо і ён, і тое, аб чым яшчэ ніхто нічога не ведае. Трое ў адной.
– Праўда?
Зусім неспадзявана нарадзілася недзе глыбока пад сэрцам, пачала расці, расці, узрастаць, затапіла ўрэшце ўсё на свеце, усю існасць і ўсё, што вакол, несамавітая, дурная, шалёная радасць.
У яго перахапіла дыханне. Адчуванне шчасця і ўласнай значнасці было такое вялікае, што ён тросся, захлынаючыся паветрам.
– Не можа быць... Гелена, праўда? Гелена, мілая... мілая...
Голасам, што быў поўны бязмернай пяшчоты, яна спатала:
Ты праўда ўзрадаваны?
Я не ведаю. Гэта – падобна... Не, гэта не радасць, – ён вінавата ўсміхнуўся. – Я ж яшчэ не ведаю, як... І яшчэ, я кахаю цябе.. Як ваду і неба... Як жыццё.
........................................