Алесь не смяяўся. Клейна не была яму смешная. Занадта добра, працягла, зусім як нейкая вясковая бабуля, гаварыла яна па-мужыцку. I было ў яе мове тое, чаго не бывае не ў вясковых людзей: закончаная меладычнасць кожнага сказа, уласцівая для мужыцкай мовы. Як удых і выдых. Колькі набрала паветра ў грудзі — столькі і аддала ім і праспявала сказ, шчодра, не пакінуўшы для сябе ні драбніцы паветра, каб вымавіць яшчэ адно слова.
A малая Ядвіга і наогул кранала яго. Такая маленькая, як лялька. I раток лялечны. I вялізныя сінія вочы глядзяць з такой нявіннасцю і дабрынёй.
A старая ўжо скардзілася бацьку:
— Што гэта за час пайшоў? Што ўжо за долечка такая ліхая, апошняя? Гасцінец каменем забрукавалі ірады гэтыя дурныя. Грукоча і грукоча пад коламі. Раней дык як добра было! Пыл мякенькі, як той дзьмухавец, рысораў табе гэтых ніякіх. A цяпер! I брук, і рысоры. Быццам каменнямі мяне ўсю дарогу білі, як першапакутніка Стафана, бог яму няхай за ўсё адплаціць дабром… Рысораў напрыдумвалі… Гэта ўжо горш за карабель, на якім да мужа на Каўказ ехала, — так закалыхвала. Пасля іх гэта ўжо апошнія часіны нашы настаюць. Апошняя гадзіначка наша. Мудруюць людзі!
Ядзя прыціснулася лялечным тварыкам да яе рукі, і яшчэ больш пяшчотнай і свежай здавалася скура на шчоках дзяўчынкі ў параўнанні з цёмнымі пальцамі старой.
— Глядзі, — шапнуў Алесю Мсціслаў. — Гэта яшчэ што?
У карэце яшчэ нешта заварушылася, a потым з яе вылез нехта такі дзіўны, што Алесь уздыхнуў. У гэтага дзесяцігадовага чалавека зусім не відаць было носа. Скура чорная, як вакса, і таму нос нельга было адразу заўважыць. Чорны, як сажа, стаяў ля карэты хлопец y блакітным курціку, і толькі вільготна блішчалі яго белыя зубы.
— Гэта мой мурын, — з некаторым гонарам растлумачыла старая пані. — Саслужывец мужа-нябожчыка прывёз падарунак. Вымяняў аж y Турэччыне, калі хлот туды хадзіў…
Мсціслаў падштурхнуў Алеся:
— Пра гэтага і я чуў. Таркайлаў брат плётку пусціў, што гэта яна звычайнага хлапчука сажай вымазала… для пыхі. Дык яна яго набіла. Проста так і набіла старэчым сваім кіем. Каб не плявузгаў.
— A нашы і не ведалі…
— Вашы мала з кім сустракаюцца. Шляхта кажа: грэбуюць, заганарыліся… Ды і я толькі што чуў пра яго. Але ж які чорны! Я і не думаў, што можна быць такім чорным.
Старая з дзяўчынкай і пан Юры ішлі ўжо да сходаў.
— Ды нашто ён вам? — спытаў пан Юры.
— A я i сама не ведаю нашто. Але ж павагу аказаў чалавек, нельга не ўзяць.
Старая ўсміхнулася:
— Мурын… Розныя дзiвы бываюць… ой, розныя!
I занепакоена спытала ў бацькі:
— Быў жа, здаецца, святы з мурынаў? Ці, можа, не?
— Быў, — сказаў бацька. — Здаецца, Хведар-мурын.
— Ну вось, — уздыхнула з палёгкаю Клейна. — A я ж і спрачалася, што быў. Таксама, значыць, божыя душы. З сабак, скажам, a ці то з малпаў святых не бывае, не папусціць бог.
— A людзі папусцяць?
— Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.
— Святых жа, здаецца, на ўсяленскіх саборах зацвярджалі? — блюзнерыў бацька.
— A там што, не людзі? Таксама, брат, людзі. Не серафімскімі ж крыламі яны ў Нікеі Арыя завушалі. Звычайнымі кулакамі… Біліся, як мой Марка ў карчме.
— Які гэта Марка?
— Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць…
Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.
— A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія "серафімскія крылы".
Усміхнулася:
— Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам…
— Ды які я яму хросны? — зарагатаў бацька.
— A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна… A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.
— Прыгоннага.
— Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.
I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.
— A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?
— Дык хто пойдзе?
— Уce пойдуць, — сказала старая. — Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б… A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п'янюгі ды сабакары, — прабач, бацюхна.
Памаўчала, падціснуўшы вусны.
— A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.
I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:
— Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка… квадратамі… Га?
— Такія не будуць.