Читаем Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц полностью

— Ну то тады і добра… Будзе мне занятак на старасці год.

Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.

— Гэты, — пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. — Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.

Зрабіла рэзкі рух.

— I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы… Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту… Ну, давай пацалуемся, Антаніда… A вы, дзеці, марш гуляць… I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.

Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб'ёў, сыпанулі па сходах.

— Karo яшчэ няма, Georges? — спытала матухна.

— Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.

— Добра. Хай ідуць дзеці, — уздыхнула Загорская.

Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.

Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.

— Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? — спытаў Алесь.

Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.

— Я з маці жыву. I з Янкам. У мяне тры старэйшыя браты… Былі тры браты… Два загінулі на вайне… Адзін — хто яго ведае дзе, мне не кажуць. Я апошняя. Ніхто ўжо не чакаў мяне, a я ўзяла ды і нарадзілася. Усе за мяне таму вельмі баяцца. Толькі я не баюся. Я люблю, каб цёпла. Люблю, калі спяваюць. Люблю, каб мне не перашкаджалі. A баюся толькі, калі хлопчыкі злыя… I сабак.

Алесь слухаў гэта з памяркоўнай усмешкай.

— Мы не будзем злыя, — сказаў Алесь. — Праўда, Мсціслаў? I сабакам яе ў крыўду не дамо. Што сабакі. У мяне унь два кані ёсць.

— Сапраўдныя коні? — спытала малая Клейна.

— Анягож.

Дзяўчынка паглядзела на яго з павагай.

— Ну a ты, Янка? — спытаў Алесь.

— Я зусім як яна, — вінавата ўсміхнуўся хлопец, і ўсе зноў здзівіліся, як па-вясковаму, амаль зусім чыста вымаўляе ён словы. — Толькі я не ведаю, дзе мае бацькі.

— Так зусім і не ведаеш? — спытаў Мсціслаў.

— Помню… Слаба… Помню агні… Вакол іх, на ражнах, сушылі рыбу… I зусім не помню бацькоў… Толькі аднаго Кемізі… Напэўна, ён быў мне брат… Не ведаю… I яшчэ помню жаночыя рукі… Нічога больш — адны рукі… Аднойчы з'явіліся крылатыя чаўны… Людзі казалі — "даў"[32] і паказвалі на іх пальцамі. Дзяцей схавалі, але нас усё адно адшукалі… Усе нашы, акрамя нямногіх, ляжалі на пяску… У Кемізі тырчала ў грудзях палка… Потым нас везлі морам… Потым быў нейкі бераг, і белы-белы пясок, і пячора з крыніцай, куды нас заганялі на ноч. Усё гэта звалася Мангапвані[33], a вартавалі нас людзі ў белых павязках на галаве… Потым я згубіў сваіх, іх не стала… Зноў было мора і потым вялікі горад, дзе мяне зноў купілі… I прывезлі сюды.

— Янка, — падаў голас Мсціслаў. — Няўжо гэта ты ад прыроды такі? Можа, гэта проста таму, што ты мыешся не так, як трэба?

— Я мыюся, — уздыхнуў Янка. — Не, тут ужо нічога не зробіш. I спрабаваць не варта.

— Ну і чорт з ім, — сказаў Алесь. — Падумаеш, бяда вялікая.

Яны сядзелі і гаварылі аб розных цікавых рэчах даволі доўга. Потым здалёк, з лагчынкі пад горкай, ударылі чатыры гарматы. Адным залпам.

— Прыехаў нехта, — з неахвотай падняўся Алесь. — Трэба ісці.

— Сядзі-і, — сказаў Мсціслаў.

— Не, брат, трэба. Можа, гэта дзед. Тады не пахваляць.

— Дзеду тройчы стралялі б… Гэта або Раўбічы, або Кроер.

— Усё адно. Трэба ісці.

Калі яны падыходзілі да круга гонару, на ім, ля самай тэрасы, кідалі павады на рукі слугам два чалавекі. Адзін з іх, худы і жылаваты, вельмі пахмуры, быў незнаёмы Алесю. Гэты чалавек злазіў з белай кабылкі павольна, з падкрэсленай стрыманасцю. Ваўкавата глядзелі вочы з-пад калматых брывоў, доўгія, як вiлы, вусы звісалі на зялёны паляўнічы гарнітур.

Затое другога Алесь пазнаў адразу. Ні з чым нельга было зблытаць гэтыя зеленаватыя, як y рысі, вочы пад брывамі пясочнага колеру. Ні ў кога не было такіх учэпістых рук і такіх кашэчых спрытных рухаў.

Жандарскі паручнік Мусатаў уласнай персонай завітаў y Загоршчыну.

Перадаўшы коней слугам, абодва пайшлі па сходах на тэрасу — адзін справа, другі злева, быццам не жадаючы папіраць нагамі адны і тыя ж прыступкі.

Алесь заспяшаўся. Калі дзеці падышлі да Загорскіх, Клейны і Ісленьева, Мусатаў ужо стаяў перад імі. A пахмуры чалавек чакаў наводдаль, муляўся, быццам не адважваючыся падысці.

— Прабачце, мадам, — сказаў Мусатаў. — У мяне справа да іх сіяцельства.

На абліччы Ісленьева з'явілася грымаса пакуты.

— Ну што яшчэ? — спытаў ён.

Матуля, каб не перашкаджаць віцэ-губернатару, звярнулася да бацькі:

— Чаму ж гэта Кроер не едзе?

— Асмелюся звярнуцца, мадам, — шчоўкнуў абцасамі паручнік. — Пан Кроер не прыедзе.

— Чаму? — спытаў бацька.

— У адной з вёсак пана Кроера бунт, — ціха сказаў Мусатаў.

— Дзе?

— У Півошчах.

— З якой прычыны?

Паручнік паціснуў плячыма. Твар Ісленьева скрывіўся.

— Якія загады вы прынялі? Спадзяюся, ніякіх агіднасцей? Стараліся ўгаварыць?

Перейти на страницу:

Похожие книги

Вечер и утро
Вечер и утро

997 год от Рождества Христова.Темные века на континенте подходят к концу, однако в Британии на кону стоит само существование английской нации… С Запада нападают воинственные кельты Уэльса. Север снова и снова заливают кровью набеги беспощадных скандинавских викингов. Прав тот, кто силен. Меч и копье стали единственным законом. Каждый выживает как умеет.Таковы времена, в которые довелось жить героям — ищущему свое место под солнцем молодому кораблестроителю-саксу, чья семья была изгнана из дома викингами, знатной норманнской красавице, вместе с мужем готовящейся вступить в смертельно опасную схватку за богатство и власть, и образованному монаху, одержимому идеей превратить свою скромную обитель в один из главных очагов знаний и культуры в Европе.Это их история — масшатабная и захватывающая, жестокая и завораживающая.

Кен Фоллетт

Историческая проза / Прочее / Современная зарубежная литература
Николай II
Николай II

«Я начал читать… Это был шок: вся чудовищная ночь 17 июля, расстрел, двухдневная возня с трупами были обстоятельно и бесстрастно изложены… Апокалипсис, записанный очевидцем! Документ не был подписан, но одна из машинописных копий была выправлена от руки. И в конце документа (также от руки) был приписан страшный адрес – место могилы, где после расстрела были тайно захоронены трупы Царской Семьи…»Уникальное художественно-историческое исследование жизни последнего русского царя основано на редких, ранее не публиковавшихся архивных документах. В книгу вошли отрывки из дневников Николая и членов его семьи, переписка царя и царицы, доклады министров и военачальников, дипломатическая почта и донесения разведки. Последние месяцы жизни царской семьи и обстоятельства ее гибели расписаны по дням, а ночь убийства – почти поминутно. Досконально прослежены судьбы участников трагедии: родственников царя, его свиты, тех, кто отдал приказ об убийстве, и непосредственных исполнителей.

А Ф Кони , Марк Ферро , Сергей Львович Фирсов , Эдвард Радзинский , Эдвард Станиславович Радзинский , Элизабет Хереш

Биографии и Мемуары / Публицистика / История / Проза / Историческая проза