Натоўп займаўся тым, што цягнуў дамбу яшчэ далей. Мільгалі рыдлёўкі, рыпелі коламі вазы з пяском, сыпалася зямля. Угразаючы ў глеі, людзі цягнулі вярэйкі з зямлёй, трамбавалі. Кіпела шалёная праца. Усе верылі: не паспееш зрабіць справу ў тэрмін — канец. За суткі дамбу працягнулі яшчэ сажаняў на дзвесце. Да астраўка заставалася яшчэ столькі, колькі было зроблена, з невялічкім гакам. І тут работу спынілі. Пачалі забіваць у дно палі з роўна зрэзаным верхам.
Толькі тут ачуняла Магдаліна. Загадала паклікаць Хрыста. Замест яго прыйшоў цыган Сымон Кананіт, сказаў, што Хрыстос, Фама, Іуда і яшчэ некалькі чалавек ловяць дарогаю ўцекачоў і прымушаюць іх ісці ў Крыцкае ўрочышча, дзе сабраўся ўжо сякі-такі народ: рэшткі разбітых вартавых атрадаў з маленькіх гарадкоў, узброеныя вольныя мужыкі, дробная шляхта… Магдаліна ахнула, даведаўшыся, колькі была ў непрытомнасці.
— Ды ты разумееш, што Анею яны з кляштара павезлі?!
— Анею? Позна. Уквэцаліся ў такую саладуху, што ці будзем жывыя. Застанемся на зямлі — знойдзе. А не, то і Анея і іншыя будуць нам без патрэбы.
…Хрыстос сапраўды тым часам перапыняў уцекачоў. Наскроб трохі людзей. Ганцы з возера даносілі, што справа ідзе, але да канца яшчэ даволі далёка. Ганцы з татарскага боку спавяшчалі, што Марлора ідзе, што ён блізка, што частку коннікаў, на чале з Сялімам, аддзяліў і паслаў на Волхаў: гнаць быдла дзеля катлоў, коней дзеля падмены і паліць дарогаю вёскі, гарадкі і крэпасці. Хрыстос, пачуўшы аб падзеле, пачаў лаяцца так, што ганец з павагі толькі галавою круціў… Пасля ён сеў і думаў некалькі хвілін. Хрыстос надумаўся. Паклікаў распарадчыка, змрочна сказаў:
— Хутчэй забівайце палі. Не паспяваем… Таму ты, ганец, скачы да Марлоры, нясі яму вось жменю зямлі.
— Ты што? — збялеў ганец. — Зямлёй кланяцца?!
— Лепей прыгаршчай, чым усёй, ды яшчэ з тваёй шкураю ў дадатак. Скажы, што ваяводы разбегліся, што папы моляцца, што не маюць яны права гаварыць, калі сам Бог тут… Скажы: хай возьме сорак чалавек і чакае мяне на Князёвым кургане. Скажы: я вазьму трыццаць воінаў. Слова даю.
— Ды нас дваццаць восем, — сказаў начальнік варты.
— Са мною Фама і Іуда… І я прыйду да яго. Будзем гаварыць. А войскі нашыя хай будуць далёка за нашымі спінамі. За трэць дня дарогі. Ну, давай.
Ганец пусціў белага наўскач.
РАЗДЗЕЛ ХХХІІ МЯСА ПА-ТАТАРСКУ, АБО ПАДСТАЎ ДРУГУЮ ШЧАКУ
У другі раз я хацеў падцерці зад кошкай, але яна падрапала мне абодва паўшар'і.
Курган быў утаптаны стагоддзямі да каменнай цвёрдасці, зарослы пушыстым палыном, лямцаватым сабачнікам, укрыты сінімі зоркамі цыкорыя і ўвесь застаўлены чартапалохамі, што тапырылі свае стальныя дзіды і высока ўзносілі малінавыя шапкі.
Вельмі стромы, нягледзячы на ўзрост, ён высока-высока ўзвышаўся над гэтым роўным, амаль не паплямаваным дрэвамі, вялікім аполлем сярод лясоў. Куды ні зірнеш — роўнядзь. Толькі вельмі далёка, на самым даляглядзе, дымна сінелі бясконцыя лясы.
— Якшы, — сказаў Марлора. — Абшар. Коням ёсць дзе пасвіцца, воку ёсць куды глядзець. Мы падумаем. Можа, мы ў наступны раз прыйдзем і застанемся тут. Тады мы прымусім вас высечы лясы, гэтую брыду, дзе няма куды глядзець, дзе лёгка хавацца баязліўцам.
Дзве групы кальцом сядзелі на кургане. Стракатая, смугастая група татар і строгая група мясцовых людзей: шаломы ў руках, белыя адзенні, цьмяны бляск кальчуг. У цэнтры, адзін супраць аднаго, сядзелі Марлора і Братчык.
Хрыстос глядзеў на грузлага хана, на ястрабіныя яго вочы і думаў, што вось на гэтым кургане сядзяць звычайна сокалы, а сёння, сагнаўшы іх, уладкаваўся стары падлаед, воляй лёсу нарочаны імем Бога.
— Не кажы, — адказаў ён. — Ну, а калі мы не паслухаемся? Калі нам дарагі гэты лес?
— Кх! Мы гаворым і гаворым, але ў нас, відаць, нічога не будзе. Давядзецца ісці з крывёй і попелам. Бачыць алах, я не хацеў гэтага. І я не ведаю аднаго: нашто ты кланяўся мне зямлёй.
— Я не кланяўся. Я паслаў табе жменю зямлі.
— Ну-у…
— У кожнай рэчы, створанай алахам, ёсць некалькі сэнсаў, — сказаў Братчык.
— Які сэнс у гэтай жмені, няверны?
— Некалькі… Магчыма, гэта прапанова задаволіцца гэтай жменяй і, пакуль не позна, адысці…
— У мяне чатыры цьмы магутных людзей. У цябе? Далёка з-за тваёй спіны прыйшоў чалавек і сказаў, што ў цябе ледзь набярэцца адна цьма, без мячоў, амаль без кальчуг… Тут, у трох гадзінах дарогі, у мяне тры цьмы; цьма блукае па вашых гарадах, і вядзе яе сын мой. Нават калі за цябе Бог або ты сам, калі людзі кажуць праўду, вашых сем тысяч… Ха!… Кожны з іх будзе біцца супраць пяці, а Бог за таго, у каго сіла… Ну, якія яшчэ сэнсы ў гэтай жмені?
— Ты можаш з'есці яе, калі будзеш клясціся, што ніколі больш не прыйдзеш сюды. Можаш засыпаць ёй свае вочы, каб не бачыць, як уцякаюць твае чатыры цьмы. Гэта будзе. Ты сам ведаеш.