А і іншы слых быў, нібыта кат з паплечнікамі прыйшоў канчаць з ёю і пра апошняе жаданне спытаў. Ну, яна і папрасіла клеткі ёй паказаць ды сказала, што загадзя яго за працу ягоную дзякуе. Той расчуліўся, усё паказаў, а пасля клетку паказаў найлепшую. Сам чалавек зразумее калісь, што так царкве з ім зручней за ўсё. І тады ўсе людзі па добрай волі сваёй увойдуць у такія клеткі хадзячыя, зачыняцца дый хадзіць будуць. Знутры колькі хочаш адчыняй, ды толькі веруючы клетачнік на гэта не пойдзе. А знадворку не адчыніш, бо гэта ўжо будзе замах на свабоду волі таго, хто сядзіць. Ён бо свой абавязак разумее і з клеткі не выйдзе. У розум канчаткова ўвайшоў таму што.
І нібыта Анея папрасіла ўсіх адвярнуцца, бо маліцца будзе, а сама скочыла ў тую клетку і зачынілася. Тыя просяць, каб выйшла, а тая моліцца здзекліва, язык паказвае ды кажа, што яна якраз і ўвайшла канчаткова ў розум. І тады тыя вымушаны былі кінуць яе ў сутарэнні і ўцякаць, бо ўварваўся ўжо ў замак народ.
Не ведаем мы, як і верыць таму. Адно ведаем: на судзілішчы была ўжо яна побач з Хрыстом. Толькі і гаворыць яму: «Ты ішоў?» А ён ёй: «Я ішоў». А яна зноў: «Ты ішоў? Як жа доўга ты ішоў».
А мы вакол стаім ды плачам.
Ката ж таго схапілі на вуліцы. І крычалі: «Вось ён, клетачнік! Вось, душадзёр!» І як ён ні гарлаў, што «дзякуй сказалі б», што «катаў нельга ў клетку», што «яны ўсім прыдатныя, каты», запхнулі яго ў клетку і пагналі сваёй хадою, як труну павапленую, да Нёмана. Хлапчукі ж беглі за катам і шчыкалі яго за ногі».
Хрыбтамі стаялі над Нёманам чорна-шызыя навальнічныя хмары. І па ўсёй дузе берага стаялі незлічоныя глаголі шыбеніц, а трохі адступіўшы ад іх, варушыўся народ. Скакала ў паветры полымя, і аднекуль наносіла дымам. Таму нехта, каб не закураў белы Хрыстоў хітон, накінуў яму на плечы нечы чорны з золатам плашч. Братчык стаяў на ўзгорку. Анея сядзела, прыціснуўшыся да ягоных ног, а трохі ніжэй стаялі апосталы.
Мяшчане і мужыкі гналі паўз іх скручаных. Твар Братчыкаў пасля апошніх падзей страшэнна змяніўся, стаў сухі, з праваленымі шчокамі. Ашклянелі вялізныя вочы. Ён разумеў, куды ён трапіў, які цяжар рашэнняў ускінуў на свае плечы. Ведаў, што ягоныя вочы, вочы сведкі, могуць убачыць смерць двухногіх, асуджаных ім самім.
Ён не хацеў гэтага. Але ён ведаў, што нічога не здолее зрабіць, калі смерці вось гэтых, схопленых, пачне патрабаваць люд. І тады вяртання да чысціні не будзе.