— Можаш павесіць іх? — з абрыдлівасцю спытаў Братчык.
— Дык… Пане Божа. Служба ж такая. Фах.
Братчык бачыў, як дрыжэлі вейкі Анеі.
— Праца, зноў жа, — меланхалічна сказаў кат. — Таму што не можаць етага на нашай зямлі быці, каб не было ў ката шырокага кола знаёмстваў, і высокіх і нізкіх. І, зноў жа, не было такога ўладара, каб абышоўся без ката.
Хрыста перасмыкнула.
— А не было… наколькі я ведаю.
Сціснуліся ў кулакі пальцы. Вялікім намаганнем волі ён стрымаўся, не ўдарыў. Вось і гэты лічыць…
— Не было. Але павінна быць. Будзе. І давайце, людзі, пачнём. Камусьці ж трэба пачаць, га? Падлу гэтую ў спадчыну браць — чаго мы тады вартыя? Дый рукі аб яго пэцкаць — брыдка.
Выскаліўся весела:
— Ану, кідайце яго з клеткаю ў Нёман. Можа, хаця трохі адмыецца.
Дзесяткі рук падхапілі клетку, пацягнулі з адхону, разгайдалі, кінулі. Яна нырнула, а пасля з шумам усплыла ў струменях вады. Кат сядзеў у ёй па грудкі. Клетку закруціла плынню, памчала. Забляяла ёй наўздагон дуда.
— Сам пакаштуй! — крычаў Кірык.
— Клетка для жаб! — захлынаўся Зянон.
— І гэтых у ваду ганіце, — узвысіў голас Хрыстос. — Каб не смярдзела тут.
Схопленых пагналі ў ваду, дрэўцамі дзід саштурхнулі з берага. І вось паплыла, паплыла, паплыла ракою чарада разубраных у золата людзей: вартыя жалю, адвіслыя вусы; рукі ў парчы працуюць па-сабачаму.
— Гусі-гусі… — з берага загарлаў Тумаш.
Ад рогату, здаецца, скалыхнуўся бераг. І Хрыстос зразумеў, што гэта, магчыма, самая вялікая з яго перамог. Цяпер можна было казаць усё. Слухаць — будуць. І ён узняў рукі:
— Слухайце, хлопцы! Што, так мы і крыўдзіць адзін аднаго давеку будзем? Ці, можа, не? Дык вось што я вам кажу. З дня гэтага Гародня — зямля праўды. Пакрыўджаных не будзе. Усім роўна — і ні ў кога болей. Галодных не будзе. За веру кагосьці забіваць — хай яны лузнуць. Пакаранне адно — выгнаць да тых, да ваўкоў.
Ён пашукаў вачыма і выдраў з рук у кагосьці паходню. Паднёс яе да чорнага, прасмоленага глаголя шыбеніцы. Паступова пацягнуліся ўгору, пачалі лізаць смалу языкі полымя.
— Чуеце? Шы-бе-ніц больш не бу-дзе!
У адзіным імпэце, у пачуцці нейкага дзіўнага ачышчэння людзі кінуліся да мярзотных спаруд. Падносілі паходні, крычалі і плакалі.
Сотні глаголяў палалі над вялікай ракой.
РАЗДЗЕЛ ХLІІІ ЗЯМЛЯ СПРАВЯДЛІВАСЦІ
У другую краіну, у шчаслівы край
Залаты адчыніўся ўваход.
Плач Пятра — Аратая