— Ёсць?! Ты добрых сярод іх пашукай! Дзе яны?! Смурод суцэльны ўсе справы іхнія! Запалохалі, загадзілі… Вы тут сядзелі, а я надпісы на помніках чытаў! Я іх да смерці не забуду! Няма даравання зямлі, дзе нават пра нябожчыкаў так пішуць, пра тых, пра каго хлусіць нельга… І пісалі, і хвастом круцілі. І ўсё адно кімсьці знішчана вёска. Могілкі!
Ён не ведаў, што вёску сапраўды знішчылі за «ерась і непакорлівасць», а месца аддалі праклёну, што абрабавалі нават клады, што нават на могілках разбілі ўсе звычайныя пліты. Але ён і ведаў гэта. Падсвядомай упэўненасцю душы. І рука ягоная торкала ў помнікі.
— У-унь. Так на дух чалавечы замахнуліся, што перад імі і ў смерці баяцца, трусікі.
Ён стаў на магілу і прачытаў:
— «Дзеля Бога вялікага чакаю… Жыццё ўслаўленню ягонаму аддаўшы, не пісаў я канонамі незацверджаных, непадобных ікон».
Цяпер ён з ярасцю папіхаў нагою другую пліту.
— «Не быў я арыянінам, ані багамілам, ані ў іншай ніякай ерасі не быў. Сплю спакойна».
Ён пхнуў нагою збуцвелы крыж.
— Унь, дзеці пастараліся: «Тата, заўсёды ты быў з ісцінным Богам, верыў у яго, літасцівага, пакорлівы быў намеснікам яго і ўладзе, а ерась ненавідзеў чыстай душою сваёй. Спі спакойна».
І Хрыстос выскаліў зубы, як ваўкалак:
— Ён спіць спакойна. А вось пад якой спаленай хатай, пад якой з іх, у якім попеле спяць вашы костачкі? Ды што ж гэта за быдла! Ды колькі ж разумным людзям вучыць вас, каб былі вы не чарвякамі, а людзьмі? — Шкаляр затрос кулакамі ў паветры. — Законнікі, кажаш? Паны? Тысячаначальнікі кепскія? Брэшаш! Не яны смярдзяць! Справа смярдзіць! Справа іхняя ў шкоду чалавеку і зямлі! Не чалавек вінен — кодла! «Род лукавы і любадзейны! Сляпыя правадыры сляпых! Дрэва па пладах пазнаюць. Як жа яны могуць гаварыць добрае, будучы злы!»
— Ціха! — сказаў раптам Фама. — Чуеце?
Запанавала маўчанне. Усіх уразілі не столькі словы шляхціца, колькі ягоны выгляд, насцярожаны, увесь нібы напяты, з прыхаванай трывогай у вачах.
— Ціха… Чуеце?
Вогнішча амаль дагарэла. Цемра насоўвалася на маленькую лагчынку. І ў гэтай цемры, недзе ўнізе, у лесе, на подступах да вялікай лагчыны, яны пачулі нейкі дзіўны трывожны шолах, нейкія рытмічныя ціхія гукі.
— Ідуць, — шэптам сказаў Тумаш.
І сапраўды, гэта было падобна на прыглушаныя, слізготныя крокі дзесяткаў маленькіх ног, сярод якіх часам выдзяляліся цяжкія, нібы ішла вялікая жывёла. Набліжалася нібыта нешта шматногае, і яно ці грузна ступала па зямлі і моху, ці скакала, ці гучна наступала на карэнні. Ціхі пошчак, нібы ад буслінай дзюбы, часам гучаў у змроку, нейкія пагрозлівыя ўздыхі.
— Хто гэта? — спытаў Сымон. — Або што гэта?
— Ціха, — сказаў Тумаш.
Глухі, бы з-пад зямлі, раздаўся раптам нейкі прызыў — а можа, маленне? — і сціхнуў. Зноў паўтарыўся… І нечакана ў адказ на яго прагучаў нечуванай сілы голас, ад якога ў нявольных сведкаў пабег па спінах мароз.
— Хто там кліча мяне? — біўся ў вялікай лагчыне голас.
— А-о-о-о-оў-у-у! — праспявалі з цемры галасы.
— Хто не баіцца праклятага Богам і слугамі яго месца?
— Слабыя, — прастагнаў нечы голас у адказ.
— Чаму слабыя не баяцца зямлі, ад якой адступіўся Бог? — бразгаў металам пачварны голас.
— Бо выракаюцца. Бо хочуць быці моцнымі.
— Хто жыве на пустой зямлі?
— Ніхто.
— Хто пануе над ёй?
— Ты.
— Чаго хочаце вы?
— Быці тваімі. Мана.
— Як гэта на мове таго, каго выракаецеся?
— Аман.
— А папраўдзе?
— Мана.
У цішыні прагучаў нібы здушаны, пачварны рогат многіх галасоў.
— І вучыць, — захлыналіся галасы. — І сэнс таемны… І ў кожным амане — вялікая мана.
— Імя маё? — спытаў голас.
— Сатанііл, — ціха застагналі галасы. — Люцыпар… Светаносны… Пахвіст… Чарнабог!…
— І-мя ма-ё! — быццам галоўнага патрабаваў голас.
— Уладар! — прарыдаў нечы голас. — У-ла-дар!
— Што прынеслі вы мне?
— Сябе. Душы свае. Кроплі крыві сваёй на гэтым лісце.
— Што яшчэ?
— Слухай, — сказаў нехта.
І тут над лагчынай прагучаў немы, нібы ў сонным кашмары, чалавечы крык. Нават не чалавечы, а такі, нібы рыкаў пад няўдалым нажом у перадсмяротным жаху бугай. Пасля нехта замыкаў.
— Пазнаю голас ворага майго і людскога. Чакайце з ім.
Крык яшчэ гучаў у вушах сведкаў. А вакол даўно стаяла мёртвая цішыня начнога лесу.
— Цяпер кажыце вы, — гулка, нібы ў бездань, пралунаў голас.
Па шолаху травы можна было меркаваць, што нехта зрабіў крок наперад.
— Вялікі ўладар роду зямнога, усіх нас, — сказаў чалавек. — Яшчэ пазаўчора ніхто з нас не думаў ісці сюды. Прабач нам. Мы неслі наш цяжар і спадзяваліся і цярпелі. Твае ганцы ўмаўлялі нас, але мы заставаліся вернымі сынамі трыадзінага нашага Бога.
Голас з цемры з'едліва зарагатаў.