— Нас заганялі ў смяротны загон, нас вабілі туды байкаю аб райскай канюшыне, а мы жылі, як у пекле. І нас палохалі пеклам. Нас, верных. Мы галадалі і паміралі з голаду, а нас палохалі пеклам, бо не маглі мы купіць ані індульгенцыю, ані імшу. Нас білі, як хацелі, а пасля палохалі пеклам за адсутнасць смірэння. Нас гналі ў рай сілай, а мы бачылі, што месца і там купілі багатыя. Вогнішчы гараць на нашых плошчах, нас катуюць, дзеці нашы паміраюць з голаду, не зрабіўшы яшчэ і першага граху. На зямлі гэтай пануе зло… Нічога не можа Бог. Ён бяссільны супраць ім самім пастаўленай улады, супраць уласных слуг. Ён бяссільны супраць цябе, уладар зла. Ён катуе, гоніць і распінае лепшых сваіх сыноў, лепшых сваіх абаронцаў, або проста не можа абараніць іх. Ты, прынамсі, не мучыш верных сваіх слуг. Ты не будзеш, як ён, гнаць светлых розумам і душою, лепшую надзею, цвет стварэння свайго. Ведаем, што цябе няма тут, што гэта толькі голас твайго першасвяшчэнніка, але ты пачуеш, уладар. Твой слуга — не клірык. Твой храм — не царква. Ты пачуеш… Мы знемаглі. Мы не можам больш. Мы дапаможам табе зрынуць таго, каб на гэтай зямлі было нешта адно. Ці не ўсё адно, з кім будаваць добрае?
Ён перадыхнуў.
— Бяры нас. Мы больш не можам. Мы паміраем усё жыццё ў нашых складзеных з гною хатах. Чым больш яны гоняць нас да святасці і будучай райскай канюшыны — тым нам цяжэй, тым больш мы прагнем цябе. Яны даб'юцца, што ўсе мы зробімся тваімі. Усё жыццё мы зажыва паміраем, Чарнабог. Дай нам царства тваё, дай нам хаця аднекуль палёгку ў гэтым жыцці. Нам няма адкуль больш чакаць яе. Дай нам водбліск хаця нейкага святла, хай сабе і чорнага. Або — калі нельга і гэтага — дай нам на сваіх патаемных шабашах хаця адну хвіліну забыцця. Дай нам забыць вось тут, хаця на хвіліну, наша страшнае жыццё. Мы больш не можам. Забяры нас.
Юрась адчуў, што рука Тумаша халодная як лёд.
— Што гэта? — спытаў ён.
— Ціха, — аднымі вуснамі адказаў Фама. — Іначай — смерць. — І адным подыхам адказаў: — Чорная імша*.
* Пачварная тыранія над целам і думкай спарадзіла не менш пачварны, але законны адказ. Гэтая форма пратэсту называлася «чорнай імшой». Кажуць, што цяпер сям-там у Еўропе (Іспанія, Італія і інш.) заўважаны рэцыдывы. Сімптаматычна!
Лягла доўгая паўза. Магчыма, уладар голасу думаў. Пасля зноў металам пралуналі ў цемры словы:
— Людзі! Вы, якія з вёсак Красовіца, Хітрычы, Бярэзіна і іншых, лікам дваццаць. Гаспадыні вашы — верныя дочкі мае. Імем сваім загадваю — хай яны дадуць вам трохі святла. Імем Чарнабога заклінаю іх забараніць згон, адмяніць стаўны невад і прыгон кормных кабаноў. Хай скінуць грашовага ўзносу па дваццаць грошай з кожнай капы. Клянецеся?
— Але, — уразнабой уздыхнулі жаночыя галасы.
— На знак згоды дасцё сёння подпіс уласным целам з тым сваім падданым, якога абярэце… Іншыя слухайце. Вялікі ўладар падумае і пра вас. Вам не трэба чакаць іхняга страшнага суда, якога не будзе. А яго не будзе! Я абяцаю вам гэта.
Рэхам задрыжала лагчына.
— Я знікаю. Вам скажуць, што рабіць. Спаліце крыж. Я знікаю…
Зырка пабеглі ўгору першыя языкі полымя. Праз хвіліну над котлішчам палаў вялізны, з цэлай сасны, крыж. Агонь вырваў з цемры лагчыну, навакольныя зарасці, прывіды сухіх дрэў і шматлікія твары людзей.
Іх было мноства. Некалькі сотняў. Цэлае мора. Збольшага зусім голыя. Крыж палаў над іхнімі галовамі. Вогненнымі і чорнымі птушкамі мітусіліся над імі святло і цень.
Ля крыжа стаяў чалавек у чорным плашчы. На твары — груба намаляваная маска, на шапцы — турыныя рогі. У руцэ — доўгая дзіда.
— Неафіты, дзе ваша абяцанне?!
Над галовамі людзей паплыў вялікі, увесь няроўна, плямамі спярэшчаны чырвоны ліст пергаменту.
Мужчына сярэдніх год, вельмі падобны на таго, сівога, што спалілі сёння, магчыма брат, узяў яго ў рукі. Сказаў ужо знаёмым голасам, тым самым, што казаў «забяры нас»:
— Мы выдзерлі яго з самага вялікага Евангелля, калі бралі ахвяру. І кожны пакінуў на ім кроплю крыві. Вось.
Ён узняў вялікі палец левай рукі. І за ім пачалі сямтам уздымацца рукі з адстаўленымі пальцамі. Дзесяць… трыццаць… сто… яшчэ і яшчэ.
— Ён чырвоны, — сказаў мужчына. — Кроў выклікае кроў. Зло не нараджае дабрыні, але гнеў і зло. Дарэмна стараюцца.
Рагаты ўзняў на дзіду пергамент і падпаліў яго ад крыжа.
— Гары, — хрыпата сказаў ён. — Попел — разам. Кроў — разам. Гнеў — разам.
Усе моўчкі глядзелі, як скура карабацілася ў агні.
— Кляніся, — сказаў рагаты, калі попел абсыпаўся на зямлю.