- Маруся! Выходзь за мяне замуж! - адкусваючы кавалак курынага мяса, прамармытаў Анатоль. - Заўтра нясём заяву! - выцерся папяровай сурвэткай i дадаў, стукнуўшы Сцяпана па плячы: - Будзеш сведкам на вяселлi!
Маруся ўспыхнула ад радасцi. А Сцяпан моўчкi выйшаў на балкон i запалiў ён не ведаў, радавацца яму цi плакаць: Маруся ўжо i для яго рабiлася як свая, як родная...
IV
Мiкола доўга не мог знайсцi патрэбнай мелодыi для сваёй песнi. Струны да болю ўпiвалiся ў пальцы...
- Ды кiнь ты бразгацець! - незадаволена прагугнеў Антось.
Вялiкiя вочы на хударлявым твары, блакiтныя, празрыстыя, яны падобны на лятучыя пёрыстыя хмаркi. Калi Антось засмучаўся, хмаркi гэтыя цямнелi, а калi смяяўся - сярод хмарак успыхвала вясёлка...
- Слухай, Пiтоша, а чаму ты нiкога не кахаеш? - засмяяўся Мiкола. Гэтую мянушку ён даў хлопцу за вялiкiя вочы i цiхi, пранiклiвы голас.
- А што такое ў тваiм разуменнi каханне? - адказаў Антось. - Мары альбо секс? Каханне - гэта тое, што мы самi прыдумваем пра аб'ект закаханасцi. Вось як Аленка, напрыклад, молiцца на цябе, як на Бога, i не ведае, што на самай справе ты - нiкчэмнасць... А Вольга, якой ты пiшаш вершы i з якою нi разу не сустракаўся, гэта што, платанiчнае каханне? Яна ж усё роўна не пачуе тваiх песень у сваёй вёсцы, не даведаецца пра тваё "каханне". Цi ты паедзеш да яе па размеркаваннi?
- Вядома, не! - кiнуў гiтару Мiкола. - Як жа я кiну спорт i аўтарскую песню? У вёсцы нiхто ранiцою не бегае - засмяюць! Басейна няма. Мiнулым летам на конкурсе аўтарскай песнi я заняў трэцяе месца... Столькi апладысментаў!
- Згадзiся, што па вялiкiм рахунку ты - шэрасць, - цiха мовiў Антось. - I ў iнтэлекце таксама, нахапаўся вяршкоў, усяго патроху... Аленцы мазгi пудрыш, Вользе такiя вершы прысвячаеш, каб людзей дурыць, маўляў, якое ў яго пакутнае каханне... Калi ты кахаеш тую Вольгу, чаму не едзеш да яе? Дык яна ж у цябе проста фетыш, вобраз, на якi ты працуеш, i ўсё! Цi не так?
- Абставiны не дазваляюць нам быць разам, - уздыхнуў Мiкола. - А Аленку мне проста шкада - яна закахалася, i я не магу груба з ёю абысцiся...
- Ды лепш горкая праўда! Перахварэе, як дзецi вятранкай...
Антось не дагаварыў - у пакойчык зайшоў Сцяпан, у касцюме, расшпiленай куртцы, з вялiкаю поўнаю торбаю.
- Грэчкi прынёс, хлопцы! - гучна вымавiў Сцяпан. - У паход возьмем! Бацька дасць яшчэ тушонкi...
- Вось што значыць быць сынам фермера! - задаволена сказаў Мiкола.
- Ды якi там фермер! - засмяяўся Сцяпан. - Мой бацька на хутары жыве, акрамя мяне двое сыноў жанатых, разам працуюць, вось i багатыя.
- А сястра ёсць? - пацiкавiўся Мiкола.
- Ёсць, малая яшчэ, толькi школу скончыла, але крыху хворая...Вось паеду i я на хутар жыць, не хачу нi ў горадзе эканамiстам працаваць, нi ў калгасе! На хутары лепш жыць, сярод братоў, дружна ў нас, весела! Кожны вечар да бацькi ў хату прыходзяць браты з жонкамi, размаўляем, у карты гуляем...
Мiкола закiваў галавою i заспяшаўся адчынiць дзверы - нехта стукаў. Аслупянеў - побач з Аленкаю стаяла сапраўдная прыгажуня: пшанiчныя валасы выглядваюць з-пад моднага каптурыка, шэрае дэмiсезоннае палiто, доўгi шарф заколаты жоўтаю брошкаю ў выглядзе вялiкага матылька...
- Я - Iрэна! - працягнула дзяўчына руку, i зачараваны, прыемна ўражаны Мiкола пацалаваў яе руку.
Сцяпан заспяшаўся зняць палiто з прыгажунi, акуратна павесiў яго на цвiк. Антось ласкава запрасiў дзяўчат за стол, усмiхаючыся, налiў па кубку гарачай гарбаты.
- Iрэначка, я чуў, што ты iграеш на фартэпiяна, - падсеў да яе Мiкола. - А цi ўмееш ты пiсаць музыку? Вось, напрыклад, на мае вершы...
Ён падаў ёй сшытак. Iрэна асцярожна, кончыкамi пальцаў з вялiкiмi нафарбаванымi пазногцямi разгарнула яго. Пачала чытаць.
- Я праслаўлю цябе, як Петрарка Лауру... - усмiхнулася Iрэна. - А што праслаўляць? - здзiвiлася. - Чалавек - эгаiстычны i недасканалы, няўдзячны... Наш свет поўны цудаў: захад сонца падобны на мора вогненных фарбаў; начное неба ўсыпана зоркамi; лес пранiзаны промнямi сонца... Спеў птушак, кветкi-матылькi... Чалавеку ўсё гэта падараваў Бог, але чалавек губiць прыроду, зямлю, на якой жыве... Мы на першым курсе хадзiлi ў паход па вёсках, i я заўважыла, што вясковыя людзi не бачаць той прыгажосцi, якая акружае iх: дзецi ламаюць дрэўцы, дарослыя па цаглiнцы разбiраюць царкву альбо палац, забруджваюць сажалкi... Гарадскiя, якiя выраслi i большую частку свайго жыцця жывуць на асфальце, так не ставяцца да прыроды...
- Ведаеш, Iрэна, - звярнуўся да яе Сцяпан, - калi ў вёсцы натомiшся ад працы, дык не да гэтага! Так на зямлi напрацуешся, што табе не да любавання прыродаю!
- А цi ведаеш ты гiсторыю сваiх мясцiн? - пацiкавiлася Iрэна.