- Калі выгарыць тое, што надумалі, і іхні строй расстроіцца, па майму сігналу торгайце за шнурок і кідайце ім проста пад ногі.
- Гэта што? - спытаў я.
- Гэта пад час тактычных заняткаў ужываць. Называецца «выбухпакет».
- Дзе ўзяў?
- На яўбазе ў таго гандляра выменяў сёння. Гадзіну таргаваўся, гад.
- Што аддаў? Раланд маўчаў.
- Няўжо «Цэйса» свайго?
- Не, хлопцы, бінокль нам спатрэбіцца. Ён у гарах - першы сябар, - і ўздыхнуў. - Шаблю аддаў.
Мы ахнулі. Гэта быў скарб, якім ганарыліся ўсе мы, хаця належаў ён Раланду. Нямецкая парадная шабля. Танюткая, у чорных лакіраваных ножнах, тупая, лёгенькая, з «залатым» эфесам. Нейкі афіцэр салютаваў ёю на парадах, магчыма.
- Адолець трэба, - сказаў Ролік і ўспыхнуў. - Ды чаго, як на хаўтурах? Парадная яна. Цацка. У паходзе яна нам - ну, ні да чаго. Тупая, адных жаб рэзаць. I потым, вы ж бачылі на эфесе круг, а ў крузе арол на свастыцы. На якога д'ябла нам іхні арол? Ды яшчэ на фашысцкім знаку?
Гэта сапраўды крыху мяняла справу. Ва ўсякім разе, мы зрабілі выгляд, што нам не шкада.
А ланцуг стаяў на ўзгорку і чакаў.
- Значыць так, - сказаў Ролік. - Б'ёмся амаль усур'ёз, бо іначай не павераць, не завабім. А пасля падамося назад. А пасля ўцякаць.
Мы глядзелі на тых, на градзе. Чатырнаццаць чалавек. Два на аднаго. Але горш было тое, што некаторых хлопцаў з Падвальнай не было. Замест іх былі ландскнехты і подлыя найміты з Пірагоўскай. Значыць, мы мелі рацыю і частка іхняга атрада была засланая нам у тыл.
А тыя, на градзе пачалі нас свалачыць.
- Гэй вы, калі здрэйфілі - бяжыце па хатах. А то здавайцеся. Тады адхвошчам крыху крапівой, дый канцы.
Мы маўчалі. Мы проста ішлі па схіле ўгору. Зрэдку даводзілася адскокваць ад каменя, пушчанага з прашчы. I гэта яшчэ больш распаляла нашу ярасць. Быдла паршывае! Камянямі!
- Ідзіце-ідзіце, - яны наперабой надасканальваліся ў сінонімах. - Мы вас адлупцуем. Узгрэем! Адвозім! Накладзём! Аддубасім! Гарачых усыпем!
Маўчанне ў адказ. Мы проста не спешна падымаліся на касагор. Тыя таксама чакалі. I праз хвіліну мы зразумелі, чаго. Загрукаталі за нашымі спінамі, у пад'ездзе, скрынкі, і тут жа раздаўся львіны рык разбуджанага шафёра:
- А?! Гэта вы чаго тут, мазурыкі? Вось я вам. Ах, злодзеі! Ну, чакайце! Вушы зараз вам абарву, - і адразу за лаянкай гук матора: шафёр даваў задні ход, каб мець змогу вылезці і абарваць вушы.
Я ўсміхнуўся, уявіўшы, як яны драпанулі. Нічога, болей не палезуць. Не захочуць звязвацца з дарослым. Шафёр прыкрыў наш тыл. А пакуль яны аббягуць вялізны, на ўсю вулачку, квартал, каб прыяднацца да гэтых,- шмат што можа адбыцца.
Гэта, відаць, зразумелі і тыя. Зразумелі, што чакаць цяпер няма чаго. I з дзікім згэлкам і лямантам павалілі на нас.
Праз пару імгненняў два ланцугі перайшлі ўрукапашную. Шчыра кажучы, у некалькі гзтых хвілін нам давялося кепска. Яны, праўда, ужо не кідалі камянёў, баючыся трапіць у сваіх, але кулакамі і кіямі дзейнічалі як маглі. I шмат іх было, вельмі шмат, як на нас. Занадта.
Усё круцілася ў вачах. Як у тумане, як на гіганцкай каруселі, мільгалі твары, ногі, кулакі. Вішчала, кусалася і брыкала нагамі Нонка, якую два ворагі цягнулі ў палон, але не маглі адцягнуць і на пяць крокаў ад месца бойкі. Раланд схапіўся з Гнатам і двума ягонымі целаахоўнікамі. Тыя саплі, хрыпелі і лаяліся, імкнучыся дарвацца. А гэты маўчаў, бярог дыханне і толькі з'едліва ўсміхаўся праз распухлыя вусны.
Мы пачалі задкаваць, а пасля пабеглі з узгорка. 3 дзікім крыкам, цюгаканнем, лямантам і згэлкам павалілі за намі праследавацелі. 3 першабытным рыкам ляцела за намі лава, ламілася праз густы бур'ян. А мы беглі і там, дзе трэба, скакалі. I я ўбачыў, як Жэнька ўпаў, а Гнат, прабягаючы, пхнуў яго наском чаравіка ў рэбры, а Кульба адкаціўся.
I мы таксама адкаціліся. Да самай падэшвы ўзгорка. А пасля павярнуліся. Дзіўнае рабілася вышэй па схіле. Хто ляжаў, хто торгаўся, хто спрабаваў паўзці ўгору, а нешта трымала яго.
Дурні! Кінуліся гнаць, ляцелі, як на злом галавы, дарваліся, лічылі, што авалодалі становішчам, бязмозглыя. I ніхто нават не падумаў, што мы завабілі іх, як неразумных шчанюкоў, што мы яшчэ папярэдняй ноччу прыцягнулі з Батанічнага саду (там такой раскошы была куча, сапраўды куча, якую сабралі адусюль і не паспелі вывезці) некалькі доўгіх кавалкаў супрацьпяхотнай спіралі з калючага дроту, пасеклі яе на камянях, каб не была такой высокай, і замаскавалі ў бур'яне, і скакалі над ёю. А паклалі мы яе не роўнымі палосамі, а нібы хвалямі, і вось яны, ворагі, торгаліся ў дроце, як мухі ў павуцінні.
- Назад, хлопцы! - крыкнуў Дзмітрэнка.
Я таргануў за шнурок і кінуў выбухпакет проста пад ногі аднаму «заблытанаму». Успышка агню, і досыць гучны ўдар. Вораг таргануўся, упаў і закрыў галаву рукамі. А пасля па ўсім схіле забухала і зараўло, і пачалі ўсплёсквацца ўспышкі агню.
Тыя, хто не заблытаўся, пабеглі, канчаткова дэмаралізаваныя тым, што адбывалася вакол. Але тут пагналіся ўжо за імі мы. Досыць з нас было смешачак, досыць іхняй подлай жорсткасці. Віно, як кажуць, стукнула нам у галаву. Мы даганялі, і валілі, і таўклі; звераняты, выгадаваныя суслам вайны.