Так, вернуты. Як я мог сумнявацца ў гэтым хаця б хвіліну? Як яшчэ можна было патлумачыць паводзіны гэткай прыгожай, багатай і, несумненна, культурнай, бездакорна выхаванай дамы з гэткім статусам у свеце і гэтак паважанай усімі, якой, безумоўна, была мадам Лаланд? О так, яна кахала мяне — яна адказала на маё палкае каханне гэткай жа бяспамятнай, няспыннай, бурлівай палкасцю — гэткай жа бурлівай, як мая ўласная! Мае прыўкрасныя фантазіі і летуценні былі, аднак, перапыненыя падзеннем заслоны. Заля ўстала, тут жа ўсчаўся звычайны ў такіх выпадках гармідар. Спехам развітаўшыся з Толбатам, я з усіх сілаў паспрабаваў як мага шчыльней наблізіцца да мадам Лаланд. Паколькі натоўп не дазволіў мне здзейсніць гэтага намеру, я спыніў пераслед і выправіўся дадому; свой адчай з той нагоды, што мне не ўдалося крануцца і акрайчыка яе сукні, я ўтаймоўваў думкай, што наступнага дня Толбат прадставіць мяне ёй належным чынам.
I ён надышоў, гэты дзень; дню, трэба сказаць, папярэднічала доўгая бяссонная ноч нецярплівасці; але вось развіднела — і пацягнуліся бясконцыя, незлічоныя гадзіны «да першай дня». Але нават Стамбулу, як гаворыцца, аднойчы будзе крэс, быў крэс і гэтаму пакутліваму чаканню. Прабіла гадзіну. Ледзь аціхла рэха ўдару, як я ўвайшоў у гатэль Б. і папрасіў паклікаць сябра.
— Нямашака, — адказаў служка — лёкай Толбата.
— Ня-ма-ша-ка? — перапытаў я, адступіўшы на колькі крокаў. — Мушу сказаць вам, шаноўны, што гэта абсалютна немагчыма і недапушчальна. Містэра Толбата не можа не быць. Што вы маеце на ўвазе?
— Толькі тое, сэр, што містэра Толбата няма ў апартаментах, вось і ўсё. Ён выехаў у С. адразу пасля сняданку і прасіў перадаць, што не вернецца ў горад раней чым праз тыдзень.
Я скамянеў ад жаху і раз'юшанасці. Я намагаўся гаварыць, але мой язык адмаўляўся слухацца. Нарэшце я выйшаў вонкі, збялелы ад гневу, у думках пасылаючы ўсё Толбатава племя ў найжарчэйшыя мясціны Апраметнай. Было відавочна, што мой абавязальны таварыш, гэты оперны маніяк, выкінуў з галавы нашую сустрэчу, не паспелі мы прызначыць яе. Зрэшты, ён ніколі не быў чалавекам, які надта трымаецца свайго слова. Але не было рады, утаймоўваючы, як мог, сваё злаванне, я панура сунуўся па вуліцы, завязваючы марныя размовы з кожным стрэчным, спрабуючы выпытаць нешта пра мадам Лаланд. Як я выявіў, ведалі яе ўсе, многія толькі з выгляду — яна гасцявала ў горадзе адно пару тыдняў, і ўсяго некалькі асобаў маглі пахваліцца асабістым знаёмствам з ёю. Гэтыя людзі, аднак, лічылі сваё знаёмства павярхоўным і не маглі — або не хацелі — узяць на сябе місію прадставіць мяне ёй падчас фармальнага ранішняга візіту. Пакуль я, поўны адчаю, гутарыў пра адзіны аб'ект маіх думак з трыма сябрамі, здарылася так, што аб'ект гэты мінаў нашую кампанію.
— У імя ўсяго святога, вось і яна! — ускрыкнуў першы сябар.
— Рэдкая красуня! — заявіў другі.
— Анёл на зямлі! — заключыў трэці.
Я абярнуўся. У дрожках, што паволі набліжаліся да нас па вуліцы, сядзела чароўная здань оперы ў кампаніі маладой дамы, якая тады была з ёй у ложы.
— Яе спадарожніца таксама выглядае даволі няблага, — сказаў той з тройцы, хто пачынаў першым.
— Неверагодна — ніяк не завяне: мастацтва здзяйсняе цуды. Клянуся, яна выглядае лепей, чым пяць гадоў таму ў Парыжы. Усё яшчэ прыгажуня, га, Фруасар, я хацеў сказаць, Сімпсан?
— Усё яшчэ? — быў мой адказ. — А чаму не? Але ў параўнанні са сваёй сяброўкай яна як свечка поруч з Мілавіцай, святляк поруч з Антарэсам*.
— Га-га-га, Сімпсан, у вас дзівосны дар рабіць адкрыцці — і вельмі арыгінальныя, я вам скажу.
Мы развіталіся, і адзін з тройцы пачаў напяваць вясёлы вадэвільчык, з якога я ўлавіў адно радкі:
Падчас гэтай сцэнкі, аднак, здарылася рэч, якая суцешыла мяне, хоць і падагрэла маю ўсёабдымную жарсць. Калі дрожкі мадам Лаланд міналі нашу кампанію, я заўважыў, што яна мяне пазнала і, больш за тое, недвухсэнсоўна дала гэта зразумець, надзяліўшы самай анёльскай з усіх магчымых усмешак.
Што да нашага афіцыйнага знаёмства, я мусіў пакінуць усялякія спадзевы на гэта да моманту, калі Толбату заманецца вярнуцца з правінцыі. Цягнучы час, я спраўна наведваў усе папулярныя месцы свецкіх збораў і ў выніку, у тэатры, дзе я пабачыў яе ўпершыню, я меў шчасце пабачыць яе зноў, яшчэ аднаго разу абмяняўшыся з ёй позіркамі. Здарылася гэта, аднак, праз два тыдні. Усе два тыдні я штодня заходзіў да Толбата ў гатэль і штодня заходзіўся ў прыступе нямой ярасці ад вечнага «яшчэ нямашака» з вуснаў яго лёкая.
Вось жа, у вечар, пра які будзе гаворка, я быў у стане, блізкім да шаленства. Мадам Лаланд, якая, як мне сказалі, была парыжанкай — нядаўна з Парыжу, — магла туды нечакана вярнуцца — да прыезду Толбата, — і тады я страціў бы яе назаўсёды. Думаць пра гэта было невыносна. Вялося пра маё будучае шчасце, і я пастанавіў дзейнічаць як сапраўдны мужчына. Таму пасля заканчэння п'есы я пайшоў за дамай да яе дому, запомніў адрас і наступнага ранку даслаў ёй падрабязны ліст, у якім разнасцежыў сваю душу.