Ад мадам Л'Эспанэ не засталося ніякіх слядоў, але калі ў каміне заўважылі незвычайна вялікую колькасць сажы, то праверылі дымаход і — які жах! — выцягнулі адтуль за галаву труп дачкі: значыць, нехта запхнуў яго ў вузкі праход, і даволі далёка. Цела было яшчэ цёплае. Як высветлілася ў час агляду, скура ў многіх месцах была паздзіраная — несумненна, вынік таго, што яе гвалтоўна запіхвалі ў комін. На твары шмат глыбокіх драпін, на шыі сінякі і глыбокія сляды ад пазногцяў, падобна да таго, што дзяўчыну душылі.
Пасля таго як старанна абшукалі ўсе куткі і нічога больш не знайшлі, усе пайшлі ўніз у брукаваны дворык за домам, дзе ўбачылі труп старэйшай жанчыны — рана на шыі была настолькі глыбокая, што калі труп паспрабавалі падняць, адразу адвалілася галава. I цела, і галава страшэнна знявечаныя, асабліва цела, якое было ўжо амаль не падобнае да чалавечага.
Як нам вядома, для разгадкі гэтай жудаснай гісторыі не знойдзена пакуль што ніводнага ключа».
На другі дзень газета паведаміла новыя падрабязнасці:
«Трагедыя на вуліцы Морг. У сувязі з гэтай неверагоднай і жудаснай афёрай (слова «афёра» не набыло ў Францыі такога фрывольнага сэнсу) дапытаныя многія асобы, але так нічога і не высветлілася.
Ніжэй падаюцца найбольш істотныя сведчанні:
Палін Дзюбур, прачка, сведчыць, што ведала нябожчыц апошнія тры гады, прала іх бялізну. Старая пані з дачкой жылі, відаць, дружна, любілі адна адну. Плацілі вельмі добра. Наконт таго, за што яны жылі, на якія сродкі, нічога сказаць не можа. Лічаць, што мадам Л'Эспанэ зарабляла на жыццё варажбой. Гаварылі, што грошы ў яе былі. Сведка нікога чужога ў доме не сустракала — і калі прыходзіла па бялізну, і калі вяртала яе. Ведае дакладна, прыслугі яны не трымалі. Як ёй вядома, мэбля была толькі на пятым паверсе.
П'ер Маро, уладальнік тытунёвай крамы, сведчыць, што цягам чатырох гадоў прадаваў мадам Л'Эспанэ тытунь і табаку невялікімі порцыямі. Ён нарадзіўся і ўсё жыццё жыў у гэтым квартале. Нябожчыца з дачкой займалі дом, дзе былі знойдзеныя іх трупы, больш за шэсць гадоў. Раней там жыў ювелір, які здаваў пакоі на верхніх паверхах розным асобам. Дом належаў мадам Л'Эспанэ. Ёй не спадабалася, як кватарант ставіцца да яе маёмасці, таму сама пераехала ў дом і адмаўляла ўсім, хто хацеў зняць той ці іншы пакой. Старая пані здзяцінела. Цягам усіх гэтых гадоў сведка бачыў дачку разоў пяць-шэсць. Абедзве жанчыны жылі надзвычай адасоблена і, паводле чутак, былі пры грашах. Чуў, суседзі гаварылі, што мадам Л'Эспанэ займалася варажбой, але ён гэтаму не верыў. Ніколі не бачыў каб хто-небудзь заходзіў у дом, акрамя самой гаспадыні і дачкі, разы два быў прыбіральшчык, восем-дзесяць візітаў зрабіў доктар.
Прыкладна тое самае засведчылі і іншыя асобы, якія жывуць па суседстве. Яны не маглі назваць нікога, хто б часта наведваўся ў дом. Невядома, ці былі ў нябожчыц сувязі з навакольным светам. Аканіцы на фасадзе адчыняліся рэдка, а тыя, што з двара, былі зачыненыя заўсёды, за выняткам аднаго вялікага пакоя на пятым паверсе. Будынак моцны — не вельмі стары.
Ізідор Мюзэ, жандар, сведчыць, што яго выклікалі каля трох гадзін ночы. Калі падышоў да дому, убачыў ля ўваходных дзвярэй чалавек дваццаць-трыццаць, якія спрабавалі зайсці ўсярэдзіну. Праз некаторы час ён узламаў дзверы, штыхом, а не ломам. Зрабіць гэта было няцяжка, бо дзверы двухстворкавыя і не замкнёныя на засаўку ні зверху, ні знізу. Крыкі чуліся ўвесь час, пакуль адчынялі дзверы, — а потым раптам сціхлі. Відаць, крычалі (цяжка сказаць, адзін чалавек або некалькі) у перадсмяротнай агоніі — моцна і працягла, а не адрывіста. Наверх сведка падымаўся ў ліку першых. Апынуўшыся на першай лесвічнай пляцоўцы, ён пачуў, як двое гучна і са злосцю сварацца — адзін хрыплым, а другі — больш пранізлівым, вельмі дзіўным голасам. Змог разабраць некалькі словаў, што сказаў першы. Ён быў француз. Можна сказаць дакладна, што не жанчына. Змог разабраць словы sacrе́ і diable [44].
Пранізлівым голасам гаварыў чужаземец. Сведка не мог разабраць, быў гэта мужчынскі ці жаночы голас. Што гаварылі — не зразумеў, але лічыць, што мова была гішпанская. Выгляд пакоя і трупаў, згодна з апісаннем сведкі, не адрозніваецца ад апісання, дадзенага ва ўчорашняй газеце.
Анры Дзюваль, сусед, па прафесіі срэбранік, сведчыць, што ў ліку першых зайшоў у дом. Увогуле пацвярджае тое, што паведаміў Мюзэ. Як толькі яны зайшлі ў пад'езд, то адразу ж зачынілі за сабой дзверы, каб стрымаць натоўп, які сабраўся вельмі хутка, нягледзячы на позні час. На думку сведкі, пранізлівы голас належаў італьянцу. Упэўнены, што гэта быў не француз. Не можа сказаць дакладна, ці мужчына. Магла быць і жанчына. Сведка італьянскай мовы не ведае. Словаў не разабраў, але па інтанацыі лічыць, што гаварыў італьянец. Мадам Л'Эспанэ і яе дачку ведаў. Часта гутарыў з імі. Упэўнены, што пранізлівы голас належаў не ім.