Сашчапіўшы зубы, Жавэль-малодшы ўкленчыў, вочы яго блукалі. Ён маўчаў. Зноў падбег старэйшы брат, з апаскай зірнуў на нож у матроса: «Чакай, чакай, не рэж! Трэба кінуць якар!»
Якар быў кінуты, увесь ланцуг выпушчаны, тады пачалі круціць калаўрот, каб паслабіць канаты, што трымалі сетку. Нарэшце яны паслаблі, і змярцвелая рука ў скрываўленым ваўняным рукаве была вызваленая.
Жавэль-малодшы, здавалася, ачмурэў. З яго сцягнулі нацельнік і ўбачылі нешта пачварнае, куламесу з мяса і крыві, якая лілася ракой, нібы яе гнала помпай. Хлопец зірнуў на сваю руку і прашаптаў: «Гамон».
Урэшце, заўважыўшы, што на мосце карабля ўтварылася цэлая лужына крыві, адзін матрос крыкнуў: «Ён гэтак увесь сплыве, трэба перавязаць вену».
Яны ўзялі аборку, тоўстую, чорную, прасмоленую аборку і, агарнуўшы ёю руку вышэй за рану, як найтужэй нацягнулі яе. Цурок патроху пачаў меншаць, і нарэшце кроў спынілася зусім.
Жавэль-малодшы ўстаў, яго рука бяссільна матлялася збоку. Ён памацаў яе, прыўзняў, пакруціў, патрос. Усё было ўшчэнт разадранае, косці пераламаныя; толькі цягліцы яшчэ трымалі гэты кавалак яго цела. Ён задуменна глядзеў на руку згаслым позіркам. Потым сеў на згорнуты ветразь, і прыяцелі параілі яму ўвесь час паліваць рану, каб не было агнявіцы.
Перад ім паставілі вядро, і ён, чэрпаючы з яго конаўкай, пачаў прамываць жахлівую рану тонкім цурком празрыстай вады.
— Табе б лепей пайсці ўніз, — сказаў яму брат. Ён спусціўся, але праз гадзіну падняўся зноў, бо ў адзіноце адчуваў сябе ніякавата. Ды і наогул, яму лепш было на вольным паветры. Ён ізноў усеўся на ветразь і пачаў паліваць руку.
Ловы ішлі добра. Вялікія белабрухія рыбіны каля яго ног біліся ў смяротных сутаргах. Ён глядзеў на іх, безупынку абмываючы знявечаную плоць.
Калі ўжо падплывалі да Булоні, наляцеў новы парыў ветру; невялічкае судна зноў шалёна загойсала, пачало падскокваць і куляцца, трасучы параненага небараку.
Настала ноч. Навальніца не ўтаймоўвалася да світанку. Калі ж сонца ўзышло, яны зноў убачылі ўзбярэжжа Ангельшчыны, але мора было ўжо не такое грознае, і яны, лавіруючы, паплылі да Францыі.
Надвячоркам Жавэль-малодшы паклікаў прыяцеляў і паказаў ім чорныя плямы, брыдкую адзнаку гніення на той частцы рукі, якая ўжо ледзь трымалася.
Пазіраючы на іх, рыбакі выказвалі свае думкі.
— Напэўна-такі, вогнік, — меркаваў адзін.
— Мо трэба б яе салёнай вадой, — прапанаваў Другі.
Прынеслі салёнай вады і палілі рану. Паранены ўвесь збялеў, заскрыгатаў зубамі, скурчыўся, але не закрычаў.
Калі пякота сціхла, ён сказаў брату: «Дай нож».
Той падаў.
— Трымай мне руку на вісу, выпрастай, так, цяпер цягні.
Усё было зроблена, як ён прасіў.
Тады ён сам узяўся рэзаць. Ён рэзаў паціху, з развагай, адцінаючы астатнія жылы вострым, як галец, лязом; нарэшце ад рукі засталася адна кукса. Ён глыбока ўздыхнуў і прамовіў:
— Так было трэба. Усё роўна ўжо ёй быў гамон.
Мяркуючы па ўсім, яму палегчала, ён дыхаў цяпер вальней. І зноў пачаў паліваць ваду на абсечаны кавалак, які застаўся замест рукі.
Ноч здарылася ліхая, і падысці да берага па-ранейшаму было немагчыма.
Калі развіднела, Жавэль-малодшы ўзяў сваю адцятую руку і доўга яе разглядаў. Праявы гніення былі відавочныя. Прыяцелі таксама падышлі паглядзець, перадавалі яе адзін аднаму, мацалі, круцілі, нюхалі.
Брат сказаў:
— Ну, усё, трэба выкінуць яе ў мора.
Але Жавэль-малодшы незалюбіў:
— Э, ну не! Ну ўжо не! Не дам! Тут ужо мне вырашаць — ці не? — рука мая!
Ён узяў руку і паклаў яе паміж ног.
— Усё роўна ж яна згніе, — сказаў старэйшы.
Тады параненаму прыйшла ідэя. Каб захаваць рыбу падчас доўгіх вандраванняў у моры, яе кладуць у бочкі з соллю. Ён спытаўся:
— А што, калі яе пакласці ў лёк?
— Але, праўда, — згадзіліся астатнія.
Адну з бочак, ужо поўную ўловам апошніх дзён, апаражнілі і на самае дно паклалі руку. Зверху яе засыпалі соллю, а потым адну за адной заклалі рыбу назад.
Адзін з матросаў пажартаваў:
— Толькі не прадаць бы яе на кірмашы.
Усе засмяяліся, маўчалі толькі два Жавэлі.
Вецер дзьмуў гэтак жа моцна. І яны зноў лавіравалі непадалёку ад Булоні сама да дзесятай гадзіны наступнага дня. Паранены бесперастанку абмываў рану вадой.
Час ад часу ён уставаў і пачынаў хадзіць туды-сюды па судне.
Стоячы каля стырна, яго брат сачыў за ім і моўчкі ківаў галавой.
Нарэшце яны ўвайшлі ў порт.
Лекар агледзеў рану і сказаў, што справа ідзе на папраўку. Ён наклаў глухую павязку і прызначыў адпачынак. Але Жавэль не захацеў легчы ў ложак, не забраўшы сваёй рукі, і паспяшаўся ў порт, каб знайсці бочку, якую пазначыў крыжам.
Пры ім бочка была вывернута, і ён зноў завалодаў кавалкам свайго цела, які добра захаваўся ў лёку, зморшчыўся, пасвяжэў. Ён загарнуў руку ў сурвэтку, якую прынёс наўмысна, і пайшоў дадому.
Жонка і дзеці доўгі час разглядалі адсечаную бацькаву руку, мацалі пальцы, вымалі з-пад пазногцяў драбінкі солі; потым паклікалі сталяра, каб той зрабіў невялічкую дамавіну.
Назаўтра на пахаванні адцятай рукі прысутнічаў увесь экіпаж траўлера. На чале жалобнай працэсіі поплеч ішлі два браты. Парафіяльны дзяк нёс пад пахай труну з нябожчыкам.
Герман Гессе , Елена Михайловна Шерман , Иван Васильевич Зорин , Людмила Петрушевская , Людмила Стефановна Петрушевская , Ясуси Иноуэ
Любовные романы / Малые литературные формы прозы: рассказы, эссе, новеллы, феерия / Самиздат, сетевая литература / Проза прочее / Прочие любовные романы / Романы / Проза