Нарэшце граф вырашыў пытанне. Ён павярнуўся да збянтэжанай таўстушкі і з сама велічным выглядам, на які быў здольны, прамовіў:
— Мы з удзячнасцю прымаем вашу прапанову, мадам.
Цяжкі быў толькі першы крок. Як толькі Рубікон аказаўся пяройдзеным, усе перасталі саромецца. Карзіна ўмомант была апарожнена. У ёй знайшоўся яшчэ паштэт з гусінай пячонкі, паштэт з жаваранкаў, кавалак вэнджанага языка, красанскія грушы, пон-левэкскі сыр, пячэнне і цэлы слоік марынаваных карнішонаў і цыбулі — Пампушка, як большасць жанчын, любіла ўсё вострае.
Нельга было пустошыць прыпасы гэтай жанчыны і не размаўляць з ёю. І гаворка ўрэшце завязалася, напачатку трохі асцярожная, аднак з цягам часу ўсё болей нязмушаная, бо Пампушка трымалася проста слаўна. Пані дэ Брэвіль і Карэ-Лямадон, якія валодалі вялікай свецкай абыходлівасцю, выявілі вытанчаную прыязнасць. Асабліва на вышыні аказалася графіня са сваёй ветлівай паблажлівасцю велікасвецкай пані, што не траціць сваёй годнасці, да каго б яна ні звярталася. Але энергічная мадам Люазо, якая мела душу жандара, заставалася непрыступная і гаварыла мала, затое шмат ела.
Гамонка, вядома, вялася пра вайну. Гаварылі пра жорсткасць прусакоў, пра адвагу французаў; і ўсе гэтыя людзі, якія ратаваліся ўцёкамі, ухвалялі мужнасць іншых. Спакваля пачаліся расказы пра сябе, і Пампушка са шчырым хваляваннем, з палкасцю, якую часам выяўляюць публічныя жанчыны, калі гавораць пра натуральныя пачуцці, расказала, чаму яна пакінула Руан.
— Спачатку я намервалася застацца, — сказала яна. — Прыпасаў дома было поўна, і па мне лепей было б карміць некалькі салдатаў, чым перціся немаведама куды ў свет. Але калі я пабачыла іх, гэтых прусакоў, то ўжо не магла саўладаць з сабою! Усё ўва мне так і пераварочвалася ад злосці, я цэлы дзень праплакала ад сораму. Ох, была б я мужчынам, я ім паказала б! Я глядзела ў акно на гэтых свінтухоў у вастраверхіх касках, а пакаёўка трымала мяне за рукі, каб я не пашпурляла ім на галовы ўсю маю мэблю! Потым яны з'явіліся да мяне на пастой, і я першага ж ухапіла за горла. Задушыць немца не цяжэй, чым каго другога! І я б яго прыкончыла, калі б мяне не адцягнулі за валасы. Пасля гэтага давялося хавацца. А як толькі надарылася магчымасць, я выехала — і вось я тут.
Усе хвалілі яе. Яна адразу вырасла ў вачах у сваіх спадарожнікаў, якія не выявілі такой адвагі; Карнюдэ, слухаючы яе, усміхаўся адабральнай і зычлівай усмешкай апостала: гэтак святар слухае набожнага чалавека, які славіць Бога, бо пышнабародыя дэмакраты зрабіліся такімі самымі манапалістамі ў дачыненні да патрыятызму, як свяшчэннаслужыцелі — у пытаннях набожнасці. Потым ён загаварыў павучальным тонам, узнёсла, засвоеным з пракламацый, якія штодня расклейваліся на сценах, і завяршыў красамоўнай тырадай, якою бязлітасна расправіўся з «гэтай падлай Бадэнге»!
Але Пампушка зазлавалася: яна была банапартыстка. Яна запунсавела, як вішня, і, заікаючыся ад абурэння, вымавіла:
— Хацела б я пабачыць вас на яго месцы! Вы лепшыя былі б, то дзіва! Ды гэта ж вы і прадалі яго! Калі б Францыяй кіравалі штукары накшталт вас, толькі б і заставалася — уцякаць без аглядкі!
Непарушны Карнюдэ, як і раней, усміхаўся пагардліва, але адчувалася, што вось-вось выбухне сварка; тут умяшаўся граф і не без цяжкасці супакоіў разгневаную жанчыну, уладна заявіўшы, што любое шчырае перакананне заслугоўвае павагі. Між тым графіня і фабрыкантава жонка, якія ў душы, як і ўсе пачцівыя людзі, падсвядома насілі нянавісць да Рэспублікі і дужа ўласцівую ўсім жанчынам цягу да прыдворнай мішуры і дэспатычных манархаў, адчулі міжвольную сімпатыю да гэтай прастытуткі, якая трымалася з зайздроснаю годнасцю і выказвала пачуцці, якія апаноўвалі і іх.
Карзіна была спарожнена. Удзесяцёх яе лёгка спустошылі і толькі пашкадавалі, што яна малаватая. Размова доўжылася яшчэ пэўны час, хоць і стала меней ажыўленая, як толькі кончылася яда.
Вечарэла, змрок спакваля гусцеў; пры страваванні холад заўжды робіцца асабліва адчувальны, і Пампушка дрыжала, нягледзячы на сваё сальца. Пані дэ Брэвіль прапанавала ёй сваю грэлку, у якую ўжо адзін раз падкладвала вугаль; Пампушка адразу згадзілася, бо ногі ў яе ўжо зусім заледзянелі. Пані Карэ-Лямадон і пані Люазо аддалі свае грэлкі манашкам.
Фурман запаліў ліхтары. Яны ярка асвяцілі воблачка пары над потнымі крыжамі караннікоў і снег абапал дарогі, які бясконцым сувоем слаўся ў рухомым водбліску іх агнёў.
У дыліжансе ўжо нічога нельга было разгледзець; неспадзявана ў кутку, дзе сядзелі Пампушка і Карнюдэ, узнік нейкі рух; Люазо, які пільна ўзіраўся ў цемру, падалося, што барадач рэзка адхіснуўся, быццам атрымаў моцны тумак.
Уперадзе на даляглядзе паказаліся дробныя агеньчыкі. Гэта быў Тот. Ехалі ўжо адзінаццаць гадзін, а калі дадаць дзве гадзіны, патрачаныя на чатыры супынкі, каб пакарміць коней і даць ім перадыхнуць, дык выходзіла ўсе трынаццаць. Дыліжанс уехаў у мястэчка і спыніўся каля «Гандлёвага гатэля».