Читаем Навелы полностью

Нахіліўшыся да слухачоў, як пастух да авечак, ён дадаў канфідэнцыяльна:

– Сэр Роберт нарадзіўся за чатыры гады да прыезду лорда Байрана ў Уайндхорст.

Маладзенькая дзяўчына запытала:

– А чаго Байран прыязджаў сюды?

– Таму што ён быў другам сэра Ўільяма.

– Вунь яно што! – згадзілася дзяўчына.

Эрвэ Марсена адстаў ад групы, каб больш уважна разгледзець абодва партрэты. У мужа быў шырокі твар, чырвоны ад добрага віна і свежага паветра. Ён здаваўся фанабэрыстым і сярдзітым. Жонка была ўвасабленнем спакойнай нявіннасці, прыгажосці амаль нябеснай. Аднак, прыгледзеўшыся, можна было ўгадаць за чыстым позіркам вачэй прытоеную пачуццёвасць і гарэзлівасць, нават даволі жорсткую. Малады чалавек яшчэ быў у сваіх марах, калі група турыстаў пратупала назад. Дварэцкі, нахіліўшыся над яго вухам, ветліва прашаптаў:

– Прабачце, сэр, ці ёсць у вас білет? Вы з'явіліся пазней за ўсіх… Яны ўжо ўсё аплацілі… Так што, калі вы жадаеце…

– Я не турыст. Лэдзі Спенсэр-Свіфт мела ласку запрасіць мяне сюды правесці пару вольных дзён і азнаёміцца з паперамі, якія мяне цікавяць.

– Прашу прабачэння, сэр. Значыць, вы і ёсць той малады француз, рэкамендаваны лэдзі Хемптан? Хвіліначку, сэр… Я праводжу гэтых людзей, потым падымуся папярэдзіць яе міласць. Пакой вам падрыхтаваны, сэр. Багаж у машыне?

– У мяне толькі чамаданчык.

Лэдзі Спенсэр-Свіфт у тыя дні, калі пускала ў свой замак чужаземцаў, бо гэтыя візіты давалі ёй права не плаціць падаткаў, самотна бавіла час у салоне на другім паверсе. Дварэцкі прывёў француза туды. Эрвэ Марсена ўбачыў старую даму, паважную і не такую ўжо грозную. Жартаўлівая непасрэднасць змякчала яе фанабэрыю.

– Я не знаходжу слоў, каб выказаць вам сваю падзяку, – прамовіў ён. – Прыняць незнаёмага…

– Нонсэнс! – адказала яна. – Для мяне вы знаёмы. Вас адрэкамендавала мая лепшая сяброўка, і я чытала вашы кнігі. Я даўно шукаю чалавека, які з належным тактам апісаў бы гэту гісторыю. Мабыць, вы якраз той.

– Спадзяюся, мадам… Але цяжка паверыць, што пасля многіх выдатных ангельскіх біёграфаў мне ўдалося выявіць паперы, якія яшчэ нідзе не публікаваліся.

– Яно здарылася так, – сказала лэдзі Вікторыя, – што, пакуль мой муж быў жывы, ён і блізка нікога не падпускаў да дзённіка маёй прабабкі. Небарака Аляксандр на гэты конт трымаўся старамодных звычаяў.

– А што, хіба ў гэтых паперах ёсць нешта… страшнае?

– Пра гэта нічога не ведаю. Я іх не чытала. Не… Почырк такі дробненькі, што ў мяне баляць вочы, апроч таго, мы ўсе добра ведаем, пра што піша жанчына ў дваццаць год, ды яшчэ закаханая.

– Але можа быць так, лэдзі Спенсэр-Свіфт, што я знайду ў гэтых паперах доказы… сувязі Байрана з прабабкай вашага мужа. У такім выпадку ці дазволена будзе мне гаварыць пра ўсё?

Яна глянула на яго са здзіўленнем, нават з пагардай:

– А як жа. Іначай я б вас не запрашала.

– О, вы сама велікадушнасць!.. Ёсць столькі фамілій, што гатовы абараняць дабрачыннасць сваіх продкаў, нягледзячы на яўныя факты, аж да трыццатага пакалення.

– Нонсэнс! Сэр Уільям быў дубіна, ён не разумеў сваёй жонкі і, апроч таго, здраджваў ёй з усімі навакольнымі дзяўчатамі. Ёй папаўся лорд Байран. Гэта быў не толькі вялікі паэт, а мужчына прыгожы, як анёл, і разумны, як д'ябал. Не дзіва, што яна выбрала лепшага. Хто яе асудзіць?

Эрвэ адчуў, што спрачацца не варта. Аднак не мог стрымацца, каб не сказаць:

– Прабачце, лэдзі Спенсэр-Свіфт, вы ж не чыталі папер, то як жа вы ведаеце, што лорд Байран быў тут не як госць мужа, а выступаў у іншай ролі.

– Фамільнае паданне, – прамовіла яна строга. – Мой муж чуў ад бацькі, а той ад свайго бацькі. Зрэшты, доказы знойдуцца, бо, паўтараю яшчэ раз, паперы будуць у вас. Зараз я іх вам пакажу, і вы мне скажаце, як вам лепш працаваць.

Яна паклікала свайго магутнага дварэцкага:

– Мілер, адамкніце чырвоны склеп, прынясіце свечкі і дайце мне ключы ад сейфа. Я туды спушчуся з панам Марсена.

* * *

Тэатральнасць афармлення рабіла ўражанне. Склеп, які знаходзіўся ў сутарэнні, абабіты чырвоным шоўкам, не меў электрычнага асвятлення, як іншыя пакоі замка. Ад свечак распаўзаліся цені і дрыжалі ў кутках. Да бакавой сцяны быў прысунуты вялізны сейф, стылізаваны пад сярэдневяковы куфар. Насупраць красавалася шырокая канапа. Старая дама, велічна спусціўшыся ўніз пад руку з французам, узяла ключы і, пакруціўшы імі ў трох адмысловых шчылінах, набрала сакрэтную лічбу. Пасля чаго Мілер расчыніў насцеж цяжкія акованыя жалезам дзверцы.

Бліснула сталовае серабро… Марсена заўважыў скураныя каробкі, і гаспадыня адразу ж дастала тоўсты альбом у белым саф'яне.

– Вось дзённік Пандоры… А вось пісьмы, перавязаныя ёю ўласнаручна ружовай стужкай.

Яна азірнулася:

– Ну вось… Дзе ж вас пасадзіць? Вунь той дубовы стол вам будзе зручны… Ён прасторны… Падыходзіць? Добра… Мілер, пастаўце два кандэлябры каля пана Марсена, справа і злева… Замкніце сейф, і мы пакінем маладога чалавека, няхай працуе.

– А ці магу я застацца тут на ўсю ноч? Часу мала, а хочацца прачытаць усё.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза