– Дарагі пан Марсена, ніколі не трэба спяшацца. Калі ёсць жаданне, зрабіць паспееце. Абед вам прынясуць сюды, і ніхто вашага спакою не парушыць. Заўтра раніцай вам пададуць снеданне ў ваш пакой, потым яшчэ можаце працаваць. А першай гадзіне палуднаваць будзеце разам са мной… Вас задавальняе такі расклад?
– Цудоўна, лэдзі Спенсэр-Свіфт… І выказаць не магу, як я вам…
– І не выказвайце. Спакойнай ночы!
Эрвэ застаўся ў падвале адзін. Выняў з партфеля аўтаручку, паперу, прымасціўся каля вялізнага стала і з асалодай разгарнуў белы альбом. Почырк быў дробны і невыразны, старая лэдзі сказала праўду. Відаць, Пандора знарок пісала так, каб цяжка было прачытаць. Альбом мог трапіць у рукі яе мужа, і асцярожнасць тут была дарэчы. Марсена прывык разбіраць рукапісы з пропускамі і скарачэннямі. Ён лёгка расшыфраваў радкі, накрэмзаныя Пандорай. Тон запісак адразу ж яго развесяліў. Было ў іх тоне нешта дзіцячае.
Адчувалася, што піша вельмі маладая жанчына. Многія словы былі падкрэслены – адзнака палкасці альбо нецярплівасці. Дзённік пачынаўся з 1811 года, праз некалькі тыдняў пасля шлюбу.
25 кастрычніка 1811. – Сёння адчуваю сябе стомленай, хворай і не магу сесці на каня. Уільям на паляванні з сабакамі. Рабіць мне няма чаго, пачну пісаць дзённік. Гэты альбом мне прэзентаваў мой мілы, мілы тата, і я страшэнна шкадую, што разлучылася з ім. Баюся, што мой муж мяне ніколі не зразумее. Уільям не злы чалавек, але ён не ведае, што жанчыне патрэбна пяшчота. Мабыць, ён не цікавіцца мною. Ён больш гаворыць пра палітыку, аб сваіх конях, аб сваіх арандатарах, чым аб сваёй жонцы. Як я помню, ён ні разу не вымавіў слова «кахаю» ад самага нашага вяселля. Ах! Праўда! На другі дзень ён сказаў Брыгіце: «Мая жонка закахалася ў мяне па вушы». Я і вокам не маргнула.
Эрвэ перагарнуў шмат старонак, поўных скаргаў і насмешак. Пандора была цяжарная і без радасці чакала дзіцяці. Гэта яшчэ больш звязвала яе з чалавекам, да якога яна не адчувала ніякай прыхільнасці. З яе наіўных заметак паступова вырысоўваўся брыдкі вобраз сэра Ўільяма. Яго эгаізм, фанабэрыя, пошласць былі занатаваны бязлітаснай сведкай, у душы якой нарастаў да яго люты гнеў. Зусім іначай, далікатна і цёпла, апісвала яна свайго суседа, лорда Пітэрсана. У процілегласць агіднаму сэру Ўільяму той выглядаў на рэдкасць прывабна.
26 снежня 1811. – Учора, у першы дзень каляд, лорд Пітэрсан прынёс мне ў падарунак цудоўнага шчанючочка. Як заўсёды, я сядзела адна, але прыняла лорда П., паколькі ён значна за мяне старэйшы. Ён мне расказваў пра літаратуру і мастацтва. Мне хацелася запісаць яго бліскучыя думкі. Мне так прыемна было яго слухаць. У яго фенаменальная памяць. Ён чытаў мне вершы Вальтэра Скота і лорда Байрана. Якая асалода, век бы слухала! Адчуваю, што, каб я жыла з такім чалавекам, як лорд Пітэрсан, у мяне быў бы вялікі прагрэс. Але ён у гадах, а я выйшла замуж да канца сваіх дзён. Наглытаешся смутку, бедная Пандора!
Працяг дзённіка сведчыў, што на яе зрабіла моцнае ўражанне паэма Байрана «Паломніцтва Чайльд-Гарольда». У гэтым яна прызналася мужу, і той адказаў так: «Байран? Дык я ж яго добра ведаю. Я сустрэў яго тады, калі ён, як і я, вандраваў па свеце. Мы правялі разам вясёлыя ночы ў Італіі… Вярнуўшыся, ён запрашаў мяне да сябе ў Ньюстэдскае абацтва, дзе ён трымае трупу німфаў, пра якіх я мог бы расказаць шмат пікантных анекдотаў, але гэта не для нявінных вушэй маёй жоначкі… Ха-ха-ха!»