Читаем Навелы полностью

– А! Гэта ёсць. Я не знаходжу ў ім заган, нават празмерных захапленняў, за выключэннем, можа, аднаго… Ён імкнецца да славы, не да якіх-небудзь выпадковых пахвал, а да агульнага прызнання сваіх працоўных заслуг. Яму падабаецца быць адміністратарам, і ён хацеў бы кіраваць тэрыторыямі ў некалькі разоў большымі.

– Як маршал Ліатэй, які казаў: «Марока? Гэта – мястэчка. Мне патрэбен увесь свет».

– Іменна. Мой начальнік быў бы страшэнна задаволены, каб яму даручылі кіраваць нашай маленькай планетай… Ён бы рабіў гэта лепш, чым іншыя.

– Але ж ваш святы быў донжуанам.

– Святы Аўгусцін гэтак жа… Грахі юнацтва… Пасля жаніцьбы ён стаў прыкладам мужчынскай вернасці… Аднаму богу вядома, колькі ў яго становішчы было магчымасцей… Я сам, з'яўляючыся, так сказаць, яго ценем…

– Выкарыстоўвалі магчымасці?

– Я не губернатар, не святы, не жанаты… Стоячы збоку, лаўлю тое, што трапляецца… Пагаворым лепш аб вашым падарожжы, дарагі мэтр. Вы, мабыць, ведаеце, што губернатар надумаўся заўтра суправаджаць вас да вашага бліжэйшага пункта?

– Так, сапраўды ён абяцаў узяць мяне ў свой асабісты самалёт. У яго нейкая інспекцыя на ўзбярэжжы і адкрыццё помніка. Вы з ім паедзеце?

– Не… Апроч губернатара і вас там будуць мадам Бусар, якая не любіць пускаць свайго мужа лётаць над джунглямі без яе, пілот і ваенны камендант падпалкоўнік Анжэліні, таксама ўдзельнік інспекцыі.

– Я з ім сустракаўся?

– Не думаю, але ён вам спадабаецца… Відны, вясёлы… У баявых справах сапраўдны ас… Былы афіцэр разведкі ў Марока, адзін з вучняў вашага Ліатэя… Зусім малады падпалкоўнік, бліскучая будучыня.

– Падарожжа доўгае?

– Ды не! Гадзіна над лесам да самай дэльты, потым кіламетраў сто паўз бераг, і вы на месцы.


Апошні абед у палацы быў цудоўны. Падпалкоўнік Анжэліні быў запрошаны, каб падрыхтаваць вылет. Ён хутчэй меў выгляд капітана. Малады з твару, і гарачае сэрца. Ён гаварыў многа і складна; яго выказванні былі парадаксальныя, часам агрэсіўныя, але сведчылі аб высокай культуры. Пра звычаі туземцаў, іх татэмы і табу ён ведаў больш, чым губернатар, і, на вялікае маё здзіўленне, мадам Бусар зусім кампетэнтна яму адказвала. Губернатар слухаў сваю жонку з яўным захапленнем і час ад часу ўпотай кідаў позірк на мяне, каб праверыць маё ўражанне. Пасля абеду ён павёў Анжэліні і Дзюга ў свой кабінет, каб вырашыць некаторыя неадкладныя пытанні, а я астаўся адзін з «Жызэллю». Яна какетнічала, і ў гэтай гульні я ахвотна прымаў удзел, але, як толькі між намі наладзілася давер'е, мадам Бусар спытала пра падпалкоўніка:

– Якая ў вас аб ім думка? Вам, пісьменніку, ён павінен падабацца. Мы яго вельмі цэнім. У мужа ён з языка не сыходзіць… А мне, хто жыве тут, як у ссылцы, ён прыносіць каплю свецкасці і французскага паветра. Пры зручным выпадку вы папрасіце яго пачытаць вершы… Гэта – жывая анталогія.

– О, цікава будзе паслухаць у палёце.

– Не, прапелер усё заглушыць.

Гадзіне а дзесятай увечары губернатар і падпалкоўнік далучыліся да нас, але ненадоўга, таму што адлёт быў назначаны на чатыры гадзіны раніцы, калі спадае спякота.

Мяне разбудзіў слуга негр. Надвор'е не прадвяшчала нічога добрага. Дзьмуў моцны заходні вецер. За сваё жыццё я правёў у палёце не адну тысячу гадзін і саджуся ў самалёт без страху. Аднак я вельмі не люблю гэтых падарожжаў над джунглямі, дзе немагчыма прызямліцца, альбо, калі цудам і сядзеш на якой-небудзь прагаліне, мала шансаў, што цябе знойдуць і падбяруць. Я спусціўся паснедаць і ўбачыў за сталом Дзюга.

– Метэазводка дрэнная, – заклапочана паведаміў ён. – Пілот прапануе адкласці падарожжа, але начальнік і слухаць не хоча, гаворыць, што яму ў дарозе шанцуе і, апроч таго, метэаролагі заўсёды памыляюцца.

– Будзем спадзявацца, – сказаў я. – Сёння вечарам я павінен зрабіць даклад у Батоцы. Іншага спосабу дабрацца туды ў мяне няма.

– Мне то можна быць храбрым, – пажартаваў Дзюга. – Мне ляцець не трэба. Але я трымаюся думкі начальніка… Катастрофы, прадугледжаныя зараней, не адбываюцца.

Праз некалькі хвілін з'явіліся губернатар і яго жонка. Ён быў у белым мундзіры з ордэнскай планкай.

Мадам Бусар, элегантная, у спартыўным плацці, хутчэй нагадвала дачку свайго мужа. Яна яшчэ не вызвалілася ад дрымоты і гаварыла мала. На лётнай пляцоўцы (вялізная прагаліна, выцерабленая ў лесе) мы знайшлі падпалкоўніка – з зухаватай іроніяй ён углядаўся ў навальнічнае неба.

– Вы помніце, – спытаў ён у мяне, – паветраныя ямы ў гарах, апісаныя Сэнт-Экзюперы? Паветраныя ямы ў джунглях – значна горшыя. Пераканаецеся самі. Падрыхтуйцеся да танцаў. – І, звярнуўшыся да мадам Бусар, дадаў: – Вам трэба застацца тут, мадам.

– Аб гэтым не можа быць і гаворкі, – рашуча заявіла яна. – Я застануся, калі ўсе застануцца; я палячу, калі ўсе паляцяць.

Пілот аддаў чэсць губернатару і адышоў разам з ім ад нашай групы. Я здагадаўся, што ён раіць адкласці вылет і сустрэў супраціўленне. Праз хвіліну губернатар вярнуўся да нас і суха распарадзіўся:

– На пасадку!

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза