Тою ж зімой я закахаўся ў дзяўчыну рэдкай красы, родам з Вены, Інгеборг фон Дзітрых. Яна належала да збяднелай дваранскай фаміліі, сама сабе зарабляла на жыццё, працуючы ў выдавецтве. Я хацеў ажаніцца з ёю, прабаваў пасватацца, але яна, як большасць маладых дзяўчат, узгадаваных пасля вайны, трымала сябе з падкрэсленай незалежнасцю і, не адмаўляючыся ад знаёмства са мною, гаварыла, што сама думка звязаць сябе шлюбам ёй агідная. Мне было балюча бачыць гэту яе самастойнасць у вялікім горадзе, дзе не раз да яе чапляліся людзі без сораму і сумлення. Так прайшло некалькі цяжкіх месяцаў.
Увесну Інгеборг згадзілася наведаць мой дом у Вінэрвальдзе. У першы ж вечар, пасля абеду, мы выйшлі ў сад, і я ёй сказаў: «Калі ласка, зрабіце мне прыемнасць… Дазвольце, замест вашага манто, накінуць вам на плечы маю палярыну… Вы не сентыментальная, я ведаю… Гэта жаданне можа падацца вам недарэчным… Але што вам значыць?.. Вы ж у мяне ніколі не былі; калі ласка, апраніце, прашу вас».
Яна пасмяялася з мяне і, жартуючы, з чароўнай грацыяй дала згоду.
Ён перастаў расказваць, бо ў вячэрнім змроку ў глыбіні алеі выплыла зграбная постаць у карычневай палярыне і накіравалася да нас.
– Дазвольце вас пазнаёміць з маёй жонкай, – прамовіў ён.
Зялёны пас
– Бертран, – запытала Ізабэла, – вы будзеце сёння ўвечары дома да гарбаты? Вы б мне зрабілі прыемнасць. Я чакаю гэту бедную Наталі, і мне адной цяжка яе прымаць. Між іншым, яна піша ў сваім лісце, што хацела б з вамі параіцца.
Я зірнуў у свой блакнот і з прыкрасцю адмахнуўся:
– Гэта парушае ўсе мае планы.
– Даруйце, што дакучаю, Бертран, але вы не ўяўляеце, як мяне пужае гэта сустрэча… Мы не бачылі Наталі з таго часу, як памёр яе муж, і тое, што з ёю здарылася, мне здаецца такім жахлівым, што я проста не разумею, як яна перажыла… Можна ашалець з гора… Сямейная драма, беднасць… Ці не замнога для адной маленькай істоты!.. Шчыра кажу, няма ў мяне належных слоў… Не ведаю, чым яе ўцешыць!..
– І я таксама… А вам не здаецца, што найлепшы сродак у такіх выпадках гаварыць як мага менш?.. Я думаю, што, убачыўшы вас, яна пачне плакаць… Вы гэтак жа будзеце плакаць… Абдыміце яе, далейшае падкажа інстынкт.
Праз хвіліну ён дадаў:
– Уяўляю, якая гэта будзе для вас пакута. Пастараюся ў гэты час быць каля вас.
Вечарам, за некалькі хвілін да вызначанага тэрміну, ён увайшоў у пакой Ізабэлы.
– Ніяк не супакою нерваў, – сказала яна. – Спрабавала чытаць, але ўсе мае думкі аб гэтай няшчаснай… Гляджу на дзверы, праз якія яна зараз увойдзе, падбіраю словы і тут жа іх губляю. Мне так нядобра!.. Сама не свая…
– Вазьміце сябе ў рукі. Ніколі не трэба зараней рыхтавацца да выключных абставін. Кідайцеся ў цяжкую размову, як спрактыкаваны плывец у халодную ваду, – так раіў Стэндаль… Гарбата згатаваная?
– Так, я прасіла Марыю, каб яна прынесла нам гарбату хвілін праз пяць пасля яе прыходу… Я спадзяюся, што з'яўленне чужога чалавека спыніць рыданне і слёзы і пасля лягчэй будзе гаварыць.
Бертран узяў кнігу, разгарнуў яе, потым, уздыхнуўшы, адклаў. Абое маўчалі. Кароткі, нясмелы званок парушыў цішыню. Ізабэла паднялася.
– Гэта Наталі, – прашаптала яна.
– Сядзіце, не ўставайце, – прамовіў Бертран.
Яна пачула звонкі голас у пярэдняй.
– О, як у вас тут цёпла! Я скіну паліто.
Дзверы адчыніліся. На парозе паказалася Наталі. Яе твар трошкі схуднеў, трошкі пабляднеў, але амаль не змяніўся – быў такі ж малады і прыгожы.
– Добры дзень, – радасна прывіталася яна. – О! Бертран!.. Які вы слаўны!.. Я ніяк не спадзявалася, што вы захочаце мяне пабачыць… Як у вас тут цёпленька, Ізабэла!..
Калі праз гадзіну, праводзіўшы госцю, Бертран вярнуўся, Ізабэла сказала яму з абурэннем:
– Ніхто б не даў веры! Як вы лічыце, дарагі? Я ж дрыжала толькі ад адной думкі… А яна хоць бы слова аб сваім горы, аб сваім няшчасці…
– Хіба што туманныя намёкі, – пацвердзіў Бертран. – Часам уставіць нешта накшталт «у маім становішчы» і адразу ўбок. Нічога канкрэтнага. Дзіўлюся, нашто ёй спатрэбілася мая прысутнасць… Яна хацела нейкай парады, вы казалі?.. Але ж яна ў мяне нічога не спытала.
– Я тут ні пры чым, Бертран. Яе просьбу я перадала правільна. Не магу апамятацца!.. Вам даводзілася бачыць такое? Развяла нудную балбатню пра рукавы з напускам… Гэта праўда, што вам такія рукавы падабаюцца? Знайшлі што хваліць!.. А я думала, што вы прыхільнік строгіх строяў.
– Ды я зусім не хваліў… Вы маўчалі… Трэба ж было нейк заняць час.
– Я двойчы спрабавала нагадаць ёй пра мужа, і кожны раз яна спыняла мяне абыякавай фразай і пачынала гаварыць аб сваім намеры паехаць у Грэцыю, зрабіць марскую прагулку ў асобнай каюце. Відаць, яна яго ніколі не кахала.
– Хто ведае? – прамовіў Бертран.
– А яе дзеці?.. Вы чулі, што яна сказала, калі я заўважыла, што дзеці будуць ёй уцехай? «Вы так думаеце? – запытала яна. – Вы любіце дзяцей?.. А я – не… Заходжу ў дзіцячую. Калі яны гуляюць, то на мяне ніякай увагі… І мне тады робіцца сумна». Я не ведала, што адказаць… Затое пра вашу апошнюю кнігу яна гатова была гаварыць бясконца.
– А хіба гэта дрэнна? – заступіўся Бертран. – Відаць, яна яе з цікавасцю прачытала.