Читаем Навелы полностью

– Ёсць адзін чалавек, якога я ўсё ж баюся, – сказала яна прыглушаным голасам, – гэта наш метрдатэль, немец, што прыносіць нам падсняданак. Позірк, які ён кідае часам на гэтыя дзверы, мне страшэнна не падабаецца. Але раніцай мы дома абое. Я думаю, што ў гэты час няма ніякай пагрозы.

І яшчэ мелі клопат – сабаку. У іх быў прыгожы пудзель, на рэдкасць разумны, які заўсёды ляжаў у кутку гасцінай. Але ж тры разы на дзень яго трэба было выпускаць. І яны вадзілі яго напераменку.

Я развітаўся.

Мне было прыкра ад іх вар'яцкай маніі, дурной упартасці, і разам з тым нешта прыцягвала мяне да гэтых незвычайных людзей.

Пасля візіту да іх я часта знарок пачаў раней адрывацца ад работы, каб прыйсці на абед у «Залатую змяю» роўна а сёмай гадзіне. Тады я мог сесці за адзін стол з пані Бурдак. Яна не была такой ваўкаватай, як яе муж, і даволі наіўна дзялілася са мной сямейнымі трывогамі і праектамі.

– Эжэн, – аднойчы прызналася яна, – чалавек выключнай інтуіцыі. Ён прадугледжвае ўсё. Сёння ўночы раптам у яго з'явілася думка, што ўрад можа абвясціць абмен грошай, каб выбраць іх з прыватных рук, і тады мы будзем вымушаны прад'явіць свае даляры.

– Вядома. І што ж тут дрэннага?

– Гэта вельмі сур'ёзна, – сказала яна. – Мы нічога не прад'яўлялі, калі Міністэрства фінансаў Злучаных Штатаў у 1943 годзе ўзяло на ўлік маёмасць бежанцаў… На нас бы пасыпаліся непрыемнасці… Але ў Эжэна ёсць новы план. Здаецца, у некаторых рэспубліках Паўднёвай Амерыкі падатак на прыбыткі не накладаецца. Калі б нам удалося туды перакінуць наш капітал…

– Як жа яго перакінуць, не паказаўшы ў таможні?

– Эжэн мяркуе, што трэба спачатку прыняць падданства тае дзяржавы, якую мы сабе выберам. Калі, напрыклад, мы станем уругвайцамі, перавод туды грошай будзе законны.

Гэта мне паказалася настолькі забаўным, што назаўтра я прыйшоў у рэстаран снедаць. Пан Бурдак, як заўсёды, сустрэў мяне з радасцю.

– О? – заварушыўся ён. – Гэта так добра, што вы якраз прыйшлі. Я хацеў у вас запытацца… Ці не ведаеце вы, якія трэба выканаць фармальнасці, каб стаць венесуэльцам?

– Не скажу, не ведаю.

– А калумбійцам?

– Таксама не ведаю. Наконт гэтага вы звярніцеся ў консульствы адпаведных краін.

– У консульствы? Вы што, ашалелі? Каб прыцягнуць увагу!

Ён з агідай адсунуў смажанае кураня і цяжка ўздыхнуў:

– Што за эпоха! Вось бы нарадзіцца ў 1830-м і пражыць увесь век без казначэйскага гвалту, без страху, што цябе абрабуюць! А цяпер кожная краіна – разбойнік з вялікай дарогі… Нават Ангельшчына… Я там прыхаваў некалькі карцін і габеленаў з разлікам даставіць іх сюды. І ведаеце, што яны ад мяне патрабуюць? Стопрацэнтную пошліну за вываз, што раўназначна канфіскацыі… Нас абкрадваюць, дарагі мой пане, як у цёмным лесе, як у цёмным лесе.

Пасля гэтага я выехаў па справах у Каліфорнію, так і не даведаўшыся, кім яны сталі: уругвайцамі, венесуэльцамі ці калумбійцамі. Калі праз год я зноў вярнуўся ў Ню-Ёрк, я запытаў пра іх у пана Рабера, гаспадара «Залатой змяі»:

– Скажыце, як Бурдакі? Вы штодня іх бачыце?

– О не! – здзівіўся пан Рабер. – Што вы? Хіба вы не знаеце? Яна памерла месяц таму назад, відаць, ад сардэчнай хваробы, і з таго дня яе муж сюды ні нагой. Не іначай сам захварэў ад перажыванняў.

Я ж уявіў сабе зусім іншую прычыну. Я паслаў старому спачуванне і папрасіў дазволу яго наведаць. Назаўтра ён пазваніў мне па тэлефоне, каб я прыйшоў. Ён быў вельмі бледны, страшэнна худы, губы белыя, голас як з-пад зямлі.

– Я толькі ўчора дачуўся аб вашым няшчасці, – прамовіў я, – і з'явіўся неадкладна, каб вам чым-небудзь дапамагчы, бо, апроч смутку і болю пасля такой страты, вы, я ведаю, цяпер і самі ў немагчымым становішчы.

– Не, не, – запярэчыў ён. – Зусім не… Можна прывыкнуць… Праз акно мне відны прахожыя, праязджаюць аўтамабілі… І потым, скажу вам шчыра, жывучы так, я нарэшце адчуваю сябе ў бяспецы. Раней, ідучы снедаць, я проста мучыўся… Мала што магло здарыцца за маю адсутнасць… Хоць я ведаў, што там мая жонка, мой бедны друг, але ж яна не любіла брацца за рэвальвер, асабліва, калі пачало здаваць сэрца. Цяпер я адчыняю дзверы, і чамадан у мяне заўсёды на воку… Перада мной тое, што мне даражэй за ўсё… І пакуты мае акупаюцца… Вось толькі адна бяда – мой бедны Фердзінанд.

Пудзель, пачуўшы сваё імя, падняўся, падбег і сеў у нагах гаспадара, пільна на яго паглядаючы.

– Нічога не зробіш, я не магу цяпер сам вадзіць яго на прагулку, але дамовіўся з пасыльным, па-іхняму «бел-бой», і што за мова, называлі б, як людзі – «пасыльны», а то ламай язык. Ах, гэта ангельская мова – чысты смех! Я знайшоў маладога хлопца, і за невялічкую плату ён абслугоўвае Фердзінанда, гуляе з ім, ну і ўсё іншае… Так што болей ніякіх сур'ёзных праблем у мяне няма… Вы мелі ласку, дарагі мой пане, прапанаваць мне вашу падтрымку, але ж яно ідзе на лад, усё ідзе на лад, магу вас запэўніць.

– А вы больш не збіраецеся перасяляцца ў Паўднёвую Амерыку?

– Не, дарагі мой пане, не… Што я там буду рабіць? Вашынгтон больш не ставіць пытання аб абмене грошай, і ў мае гады…

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза