Читаем Навелы полностью

– Што ж мне рабіць? – забедавала яна. – Вы лічыце, што я павінна адвезці яго назад у Парыж, не пакідаць там? Мой муж разгневаецца… Ён кажа, што я надта пешчу Жана-Луі, а яго трэба загартоўваць… Па-мойму, думка слушная. Жан-Луі – хлопчык вельмі ўражлівы, выдумляе абы-што… Пасля нашага шлюбу лічыць, што ён – ахвяра… Гэта няпраўда, няпраўда, але калі дзіця ўваб'е сабе нешта ў галаву…

Мадам Кірыліна з сынам выйшлі на дзве-тры станцыі раней. Ален глядзеў у акно і доўга маўчаў.

– Тата, – сказаў ён нарэшце, – калі старэйшыя вучні будуць мяне біць і я прышлю табе тэлеграму, ты прыедзеш, забярэш мяне, праўда?

Пакаранне золатам

Я ўгледзеў, увайшоўшы ў ню-ёркскі рэстаран «Залатая змяя», дзе звычайна абедаў, за першым сталом невялічкага дзядка, які еў вялізны крывавы біфштэкс. Я звярнуў увагу на свежае мяса, вельмі рэдкае ў той час, і тонкі засмучаны твар старога. Напэўна, я яго калісьці ведаў, у Парыжы ці ў іншым месцы. Уладкаваўшыся, я паклікаў гаспадара, бойкага і спрытнага перыгорца, які здолеў з гэтага цеснага падвальчыка зрабіць прытулак для гурманаў:

– Скажыце мне, пан Рабер, кліент, што направа ад дзвярэй, француз, я не памыліўся?

– Каторы? Той, што адзін сядзіць?.. Гэта пан Бурдак. Ён тут бывае кожны дзень.

– Бурдак? Прамысловец? Ну так, я цяпер пазнаю. Я ніколі не бачыў яго ў вас.

– Бо ён прыходзіць, як правіла, раней за ўсіх. Чалавек гэты не любіць кампаніі.

Гаспадар нахіліўся да мяне і ціха прамовіў:

– Дзівакі яны, ведаеце, гэты пан і яго жонка… Нейкія не такія, як людзі. Ён заўсёды снедае адзін. Ну, добра! Прыходзьце ўвечары а сёмай гадзіне і за абедам вы застанеце яго жонку, таксама адну. Можна падумаць, што яны пазбягаюць адно аднаго. Тым часам адносіны ў іх найлепшыя, жывуць яны разам у гатэлі «Дэльмоніка»… Для мяне гэта сям'я – загадка.

– Шэф, рахунак на пятнаццаты, – далажыў афіцыянт.

Пан Рабер адышоў ад мяне, але з галавы маёй усё яшчэ не выходзіла гэта дзіўная пара.

Бурдак… Ну, ясна, я яго сустракаў у Парыжы. Паміж першай і другой вайной яго часта можна было бачыць у драматурга Фабера, які чамусьці сябраваў з ім. Мабыць, таму, што ў абодвух была аднолькавая цяга – надзейна хаваць капіталы, і аднолькавы страх – вылецець з капіталамі ў трубу… Бурдак… Напэўна, яму ўжо каля васьмідзесяці год. Я прыпамінаю, што ў 1923 годзе ён кінуў справы, нажыўшы немалую колькасць мільёнаў.

Тады яго турбавала зніжэнне курсу франка.

– Гэта чорт ведае што! – лямантаваў ён. – Я працаваў сорак год, каб апынуцца голым на вуліцы. Не толькі мая рэнта і мае аблігацыі зараз нічога не варты, нават мае лепшыя акцыі не падымаюцца. Нашы грошы цякуць як вада. Як мы будзем жыць на старасці год?

– Рабіце, як я, – параіў яму Фабер. – Я перавёў усё, што маю, у фунты стэрлінгаў… Самая цвёрдая валюта.

Калі мне давялося бачыць іх ізноў гады праз тры ці чатыры, абодва былі збянтэжаныя і разгубленыя. Бурдак паслухаўся Фабера; але тут праз некаторы час Пуанкарэ падняў франк, а фунты стэрлінгаў пакаціліся ўніз. Цяпер Бурдаку не давала спакою думка, як ухаваць свае прыбыткі ад падаткаў, якія няўхільна раслі.

– Вы – дзіця, – навучаў яго Фабер. – Рабіце, як я… Адзіная і самая надзейная валюта – гэта золата… Каб вы ў 1918-м купілі залатыя зліткі, ніхто б не бачыў вашых прыбыткаў, вы б не плацілі падаткаў і сёння разбагацелі б яшчэ больш… Памяняйце на золата ўсё, што ў вас ёсць, і будзеце жыць, як у бога за пазухай.

Бурдак паслухаўся. Ён і яго жонка накупілі золата, дасталі адмысловы куфар і цешыліся тым, што час ад часу, прачыніўшы дзверы ў запаветны куток, маліліся на свайго ідала. Потым гадоў дзесяць яны мне не пападаліся на вочы. Нейк раз у 1937 годзе я іх сустрэў у гандляра карцінамі ў прадмесці Сэнт-Анарэ. Ён – галантны і сумны, яна – рухавая і наіўная, маленькая акуратная бабулька, у чорным шаўковым плацці з карункавым жабо.

– Вы – мастак, паважаны пане, – звярнуўся ён да мяне, – скажыце, калі ласка, ці можна спадзявацца, што падаражэюць імпрэсіяністы?.. Вы часам не чулі?.. Мне кажуць, што напэўна, але ж яны і так у цане, не дакупішся… Трэба было запасацца імі ў пачатку стагоддзя… Мабыць, самае ідэальнае – дазнацца, якая новая школа заменіць іх, каб набыць карціны зараней, пакуль яны не ўвайшлі ў моду. Але, на жаль, ніхто не дае гарантый… Што за эпоха!.. Нават эксперты нічога не ведаюць! Вы проста не паверыце! Я іх пытаю: «Што цяпер найбольш у хаду?» Яны вагаюцца, дарагі мой, блытаюцца. Адны кажуць – Утрыло, другія – Пікасо… Але ж гэта ўсім вядома.

– Ну, а як ваша золата? – запытаў я.

– Яно пры мне… пры мне… Дабавілася яшчэ некалькі зліткаў… Але ж урад мае намер рэквізаваць золата, ачысціць прыватныя сейфы… Гэта жахліва!.. Вы мне скажаце: самае разумнае – пераправіць усё за мяжу. Правільна, дарагі мой, правільна… Але куды? Брытанскі ўрад такі ж цвердалобы, як і наш, Галандыя і Швайцарыя – прахадны двор у выпадку вайны… Застаюцца Злучаныя Штаты… Але ж там пры Рузвельце сам даляр… Ну, і туды трэба ехаць жыць, каб не рызыкаваць, што калі-небудзь нам перакрыюць дарогу да нашай маёмасці.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Новая Атлантида
Новая Атлантида

Утопия – это жанр художественной литературы, описывающий модель идеального общества. Впервые само слова «утопия» употребил английский мыслитель XV века Томас Мор. Книга, которую Вы держите в руках, содержит три величайших в истории литературы утопии.«Новая Атлантида» – утопическое произведение ученого и философа, основоположника эмпиризма Ф. Бэкона«Государства и Империи Луны» – легендарная утопия родоначальника научной фантастики, философа и ученого Савиньена Сирано де Бержерака.«История севарамбов» – первая открыто антирелигиозная утопия французского мыслителя Дени Вераса. Текст книги был настолько правдоподобен, что редактор газеты «Journal des Sçavans» в рецензии 1678 года так и не смог понять, истинное это описание или успешная мистификация.Три увлекательных путешествия в идеальный мир, три ответа на вопрос о том, как создать идеальное общество!В формате a4.pdf сохранен издательский макет.

Дени Верас , Сирано Де Бержерак , Фрэнсис Бэкон

Зарубежная классическая проза