Прынёс Вінцэнты з тае праспанай вайны шынель, цяжкую салдацкую зімовую шапку і новыя, моцныя боты. Не з пустымі рукамі вярнулася тады і Разэля з засценка. Прынесла яна ў лубку сына, на нагах вастраносыя чаравікі на скрыпох і далікатнае з засценку прынесла сабе імя — Рузя. Тры рэчы прынёс кажан сем’янін дадому.
Потым, як сын крыху падкачаўся ды пачаў распытвацца, што тады было, як яго не было, і як ён у Заблоцкіх завёўся, усякі па-свойму тлумачыў малому яго паходжанне. Адны ў гэтым мацеры давалі большую заслугу, казалі, Разэля, агарод полючы, у градзе пад капусным лістом яго знайшла. Другія бацькавай трымаліся рукі, што ён тут большы прычынец: казалі, бог Вінцэнтаму, як ён жыта рассяваў, гатовага хлопца ў сяўню з неба скінуў. А пра бусла, пра засценак ніхто і слова не сказаў малому. Не любілі ў Вінцэнтавай хаце гэтакай гаворкі.
З дваіма віталіся, першы раз адчыніўшы ў гэту хату нізкія дзверы. З траіма цяпер развітвацца давялося: з Вінцэсем, з Вінцэсіхаю ды з малым Юлікам-самасейкам.
— Бывайце здаровы, жывеце вясёлыя! Пабылі б болей. Не ганьбуем вашай нізкай, цеснай хаты. Але няма часу. І так доўга забавіліся…
За гэтыя гады, што мы з вамі ганьдзюрылі, падгадаваў меншага свайго сына Юстап Заблоцкі. Ужо гэты год мае ён выправіць яго ў школу. Дык от зойдзем да іх паглядзець: ці не здарыцца там, часам, якога здарэння.
Калі дзе гадоў колькі забавімся, няма чаго гэтага шкадаваць. Не далей ад дому, а бліжэй пад дом, пад свой час, усё бяромся мы.
VІ
Каму вайна, каму далёкі Амур, а Савосту гулі. Занаравіліся тады былі нешта людзі — не пайшлі ў двор да графа на работу. Hі за якія грошы не хацелі на скарбовым полі класці сваю працу. Дзейкалі, што недзе — не то па лясох, не то па вёсках ходзяць нейкія сацыялістыя. Цікава і боязна людзям было. А малому Савосту ўсё гэта не ў галаве, а як крыху пабольшаў — не ў памяць. Не ў людскія гаворкі ўслухацца, углядацца ў заваруху, а на печы грэцца ён малы любіў. Такое запячкоўскае ў Юстапа ўдалося дзіця. Любіў Савоста ў доўгі зімовы вечар прыскіліўшыся з печы з-за коміну на агонь пазіраць. Цікава яму было, як ад лямпы ідуць вострыя пасмы аж у самае вока. Ды яшчэ, як днее ці вечарэе і няма ў хаце агню, гэтаксама прыскіліўшыся, любіў ён на вазоны ў вокнах пазіраць. Цікава было, як там з лісцяў насатыя ды гарбатыя людзі складаюцца. Сам сабе, адзін знаходзіў забаўку Заблоцкіх малы.
А ўлетку, як ударожыўся на сяло хадзіць, як увазнаў «коні», не то што каб у старэчыя гаворкі, у шэпты пра забастоўкі ды пра сацыялістых услухоўвацца, але і есці кінуў Савоста дадому хадзіць. Прыбяжыць, як выгаладаецца, аддзярэ скарынку ад хлеба — у руку схапіў ды кулём ляціць на вуліцу, на сяло. Няшчасная тады булка хлеба была ў Юстапавых на стале — з абодвух бакоў абадраная.
На другое лета ўжо завялік быў Савоста на «коні». Ужо адгуляў у іх. Рэзаў ён цяпер у «пікара» з ранку да вечара. «Пікар» быў на выгане, свінні пасучы, «пікар» не змяняўся і дадому прыгнаўшы. Гульня не змянялася, а лета на восень змянілася хутка — і не агледзеўся Савоста, калі гэта здарылася. Ды не толькі ён, але і бацькі не агледзеліся, калі надышлі пакровы. Гэта ж свята людзям, у каго малыя ёсць, пра школу рупясць давала.
— Трэба і нам свайго малога выправіць. Як ты думаеш, старая? — папытаўся Юстап у Прузыны, на пакровы снедаць за стол сеўшы. Ён, як не быў п’яны, заўсёды пытаўся ў жонкі парады: як лепей зрабіць. Як сам хоча, так, бывала, зробіць Юстап, але папытае:
— Што ты на гэта скажаш? Як параіш?
— Як сам знаеш. Па мне — выпраўляй сабе, — дала Прузына свой спрадвечны адказ.
Юстапа некалі дарэктары вучылі. Рускія і польскія вялікія літары ён знаў. Так і гэтак, калі дзе надта пільна прыйдзецца, распісацца мог. Некалі, як Юстапа вучылі, дарэктар, як пастух, па чарзе з хаты ў хату, хто гадзіў яго свае дзеці вучыць, пераходзіў. Тыдзень за дзіця дарэктара карміць трэба было. Тыдзень у таго чалавека ў хаце збіралася школа. А тады далей школа і дарэктар ішлі па чарзе. Цяпер жа многа начай было. Паставілі цеслі проці паповага дому школу. Туды штораніцы беглі дзеці з Баркаўцоў і з блізкіх вёсак. Не па хатах ад’ядаць за малых хадзіў настаўнік, а быў яму ў школе зроблены асобны комар, і там ён сабе на казённай пэнсіі быў.
— Ну, Савоста? Як ты на гэта? Пойдзеш вучыцца? — зрабіў прыклёп, папытаўся Юстап у малога.
— Чорт яго! Хто ж тады нам каровы адпасе?! Ды вунь і авечая чарга блізка. Пакуль адбудзеш сваю рату за пятнаццацера штук, дык і ў школу хадзіць будзе не пара.