Зямлю і ўвесь чыста будынак прыпаручыла дзеверу Разэля Заблоцкая, а сама сабрала ўсё патрабнейшае: што ў куфар злажыла, а што ў клункі пазвязвала. І ўсё паглядала ў канец вёскі, цераз плот на вуліцу перагнуўшыся… Усё некага чакала адтуль.
І не марнае Разэліна чаканне было. Неяк неўзабаве прыехаў на пары коней у вялікіх багатырскіх карах Ігнась Стусінскі. Паклікала Разэля Юстапа з большым сынам, з Пархімам. Паставілі ўчацвярых цяжкі, пад самае века напакаваны, куфар на воз. А клункі, вандзэлкі ўжо яны і ўдваіх — Разэля са Стусінскім — злажылі на кары. Пустую хату насцеж кінулі яны — паленаваліся зачыніць. Сеў Стусінскі ў перадку коні кіраваць, села ззаду на тых карах Разэля. Смеючыся, паехала яна на засценак.
Там, на засценку, Разэля не то за малодшую пані, не то за старэйшую наймічку асталася. Не было ніякага над ёю прымусу.
У новых вастраносых, на скрыпох, чаравіках пахаджвала ў Стусінскіх каля дому. А збрыдае прыгледзіцца ёй каля дому ходзячы, пойдзе на поле па межах паспацыраваць, паглядзець на шырокія пакупшчыцкія[3]
, паўпанскія нівы.Не мужычаму раўня шляхечы, паўпанскі хлеб. Добры, смачны, на сіта сеяны ён. Спадабаўся гэты хлеб Разэлі Вінцэсісе, і не знала яна ў ядзе меры, а гэта не дзе дзелася — сыцець пачала Заблоцкая. Што далей жыла яна на засценку, то ўсё меней бачыла, стоячы, свае дзябёлыя ногі. Нарэшце і саўсім яны недзе прапалі, схаваліся з яе вачэй. Не скупы быў Ігнась Стусінскі. Не толькі сыць, але і шыршыя, прастарнейшыя справіў Разэлі строі. І з выгляду і з адзежы пасля гэтых падарункаў чыстая пані з Заблоцкай была. Цуралася яна ўжо знаёмых людзей, ні мужыком, ні мужычкам не находзіла на вочы. Калі ж не ўсцеражэцца ды дзе стрэнецца з кім, дык ніякага далікацтва не зналі баркаўчанскія лапцявозы, — як Разэля на засценку навучылася іх зваць, — так і распачынаюць пра Вінцэнтага абрыджоную мову.
— Налажыў недзе галавою, бедны, на японскай вайне, — казала Разэля, спадзеючыся на такое здарэнне, радуючыся яму.
Не вёўся бусел на Заблоцкіх грунце[4]
. І не было ніякага прыросту ў Вінцэнтавай хаце. А ў Стусінскіх на засценку было гэта шчасце: высока з бярозы за адрынаю бусел на хату пазіраў. Мала бусла, дык яшчэ сава яму ў помачы была. Падлятала яна сюды на засценак, садзілася ў Стусінскіх на вішні ці на клёне перад хатаю ды й распачынала свае жаласныя песні дзікім голасам пець.Баркаўскія брахлівыя людзі пра гэта як у звон білі б, каб пачулі савіныя песні на чыім грунце, але і гжэчныя засцянковыя шляхта хоць цішэй, далікатней, але, пагаварвалі, што:
— Гэта, вашэці, не так…
— Дзе бачылі, панства?! Гэта на нешта варожыць.
І праўда: неяк з панядзелка на аўторак, пад дзень:
— Куга-а!.. — у Стусінскіх у хаце аказалася.
— А што! А мы не казалі?! — смялей, мацней загаварыла тады гжэчная шляхта.
Ажно тут і па вайне было. Не сабраў рускі цар шапак, колькі яму трэба было. Паглядзеў на японцаў — шмат падлаў сабралася. Нічога ім не зробіш. Не памаглі краўцы шапачнікам і не нашылі тыя шапак, колькі на вайну трэба было.
— Бярэце, — кажа тады рускі цар на японцаў, — што вам трэба, сядзеце там на сваіх выспах сціхатою. Смела закідайце сабе ў мора свае вуды. Я і слова не скажу. Калі дзе й мой шчупак на ваш зазубень возьмецца — толькі таго! Ці я гадаваў яго?! Гэта от, каб час выпадаў… Але няма калі мне з вамі капацца. Унь ужо дома ў мяне самаго папораваць пачалі.
Везлі Вінцэнтага на Амур-раку. Мелася быць з ім такое здарэнне. Але заспяшыліся з мірам. З паўдарогі вярнулі Вінцэнтага назад. Так і не давялося яму на Амуры пабыць, паглядзець далёкай незнаёмай ракі. Не здарылася з ім гэтага здарэння.
Не толькі не меў Вінцэнты здарэння ў дарозе, але і сама дарога мала ў памяці яму: праз Сібір ехаў і — ці дасцё веры? — Сібіры не бачыў ён. Зімою гэта было. Вокны ў вагонах тады парабіліся, як медзвядзі, на корх, калі не лепей, панамярзала лёду на іх. Дык Вінцэнты ад першай станцыі, дзе загналі іх у цялятнікі, як лёг спаць — толькі пад’есці ўставаў са свайго кутка. Мала было нашаму Заблоцкаму гэтага шчасця, сну — у Баркаўцох: за вяселлямі ды за йгрышчамі ніяк не мог ён сагнаць з яго ахвоту. А ў цялятніку добра было гэтаю работаю заняцца. Тузала сабе на станцыях, пакалыхвала ў дарозе — як дзіця ў калысцы, толькі радасна праз сон расхінаў Вінцэнты ў шчаслівую ўсмешку свае лепяшыстыя таўстыя губы. І не чуў ён нават, калі зрабілася замарачэнне мазгоў яго дарозе, калі закруцілася ды пайшла яна тым самым следам назад. Так і не спраўдзілася Разэліна надзея. Уратаваўся сном Вінцэнты ад усякіх благіх здарэнняў: не чуў і не бачыў нічога ў дарозе.
— Ну, тэ-э!.. Уставай! — капянуў яго ўзводны, як Маскву міналі. І пачуў Вінцэнты ізноў над сабою вайсковую дысцыпліну. Борзда прахапіўся, на ногі стаў.
— Га? Што? — добра шчэ не раскурстаўшыся, збіўшыся з тропу, па-вясковаму пытаўся ваяка Заблоцкі.
Пратрымалі яго яшчэ крыху ў кашарах недзе ў Расіі ды пусцілі дадому.