А быў якраз ветах. Пад раніцу была відная ноч. Ехалі яны і маўчалі. Вінцэнты пазіраў у адзін бок, Алесь у другі. Першы, унурыўшы ўніз галаву, заўважаў, іншай, лепшай работы не маючы, як вобмацкам пад граззю шукае сабе кола цвярдой дарогі — расхінае гразь на бакі, каб другому, хто потым па гэтым месцы будзе ехаць, спрытней было. Другі на бакі глядзеў, дзе што ў каго пасеяна было: дзе якое ржышча, дзе якая — мяльчэйшая, глыбейшая — ралля.
— Што гэта ў вас за чалавек ёсць, што яго поле аблогам ляжыць? — пытае Алесь, Вінцэнтаву ніву ўбачыўшы. — Хто ён — кравец, шавец ці стэльмах які?
— Ды гэта не хто далёкі — сусед мой. Не шавец, не кравец ён, а закройшчык: кроіць хлеб на лусты, калі ёсць на стале. Праз паганы свой талент ды праз дурную натуру ўрабіць зямлю не паўздужае. У арэнду яе выпусціў. І добры гаспадарок яму ў пасэсары трапіў. Дзірванок. Можа, чулі калі такое прозвішча?
Шмат баек мае Вінцэнты пра свайго пасэсара. Любіць іх час-часом людзям у вясёлай бяседзе расказаць. Згадзіліся яны яму і цяпер, у ранняй дарозе. Хваліць Дзірванка, аж падсмакуе.
— Ого! Што за гаспадарок — Дзірванок! Нізенькі ён такі, шэранькі, як верас, што на дзірванох расце. А працавіты, старанны чалавек. Ніколі не хоча, каб маё перайшло, а мне кожан раз свайго перапусціць.
— Змыліўся Вінцэнты ды чужога, суседава Дзірванка сабе прысвоіў. Ён мне і авечкі на сваёй арэндзе папасе, і хвоек на будыніну загадуе. Згніе хата, дык я з яго дачы дарам бярвення вазьму. А што дровы секчы, дык хоць сягоння едзь. Казаў: «Ні білета, ні платы — нічога не трэба. І аб’езчыка не будзеш чакаць, пакуль адбіць змоліцца. Без ніякага адбою вязі, і ніхто табе слова не скажа».
На баркаўскім чвыраватым полі Дзірван лёгка ў арэнду бярэ. Гадоў на два запусці ніву, дык ён чабаром, верасам яе засее, хвоек панатыкае, а дзе-нідзе і маладзенькіх бярозак к сёмусе на май панасаджае. Гадоў за колькі свой лес загадуе.
Не ў аднаго Вінцэнта хвойнік на нівах, не адзін ён знаецца з Дзірваном. Шмат абложных ніў траплялася ім па дарозе. Але такі Вінцэнтава адмянілася ад усіх. Дзе толькі ёсць яго нівы, адразу кожную пазнаеш. На іх пасэсар такія хвоі пагадаваў, што з гора і на хату дабры, а ў Вінцэнтавых суседзяў усяго на калатоўку.
— …не журыся надта, — казаў Вінцэнты сваёй Вінцэсісе, Разэлі Заблоцкай. Тады, у варотах стоячы, як уцерла яна ражком хусткі вочы, дык ад тых дат ніколі болей росныя не былі яны ў яе. Нешта не відаць было на Разэлі, каб яна не то што надта, але і хоць крыху журылася.
Адна была паехала на сястрыно вяселле. Не было ёй болей з кім ехаць. Там, за свацянку ў бяседзе пасядзеўшы, нагледзелася яна на маладзёж, на старых, даходных людзей. Наглядзеў жа і Разэлю на тым вяселлі адзін пажылы шляхцюк з блізкага засценка, з Ігнатоў. Неяк жа загнала яго сюды ў вёску, у мужыкі?! Хоць з Копанаўшчыны ў Ігнаты і тры вярсты не будзе, але засцянковыя з вясковымі не надта зналіся, і мусіла Разэля, даўнейшая копанаўская дзяўчына, у таго шляхцюка, як першы раз ён загаварыў да яе, папытаць:
— Адкуль самі, пане?
— З Ігнатоў.
— А хто ж вы?
— Пан Ігнась.
Далей разгаварыўшыся, болей разазнаўшыся, яшчэ Разэлі цікава было:
— Як жа ж ваша, пане, прозвішча будзе?
— Пан Стусінскі.
Не толькі імя, прозвішча і асядласць, але і яшчэ шмат чаго ведала Разэля, з шляхціцам пагаварыўшы. Як у сватох усё роўна, пахваліўся ён, Ігнась Стусінскі, што пяцёх парабкоў, тры наймічкі і сваёй сям’і два чалавекі: старога бацьку і малога, год пад дванаццаць, сына мае ён, што пазалетась, крыху раней гэтай пары, пахаваў ён жонку, што не шанцуе яму з жонкамі; надта ж не даўгавечныя траплялі шляхцянкі: адна і году не выбыла, другая крыху крапілася, ды й тая от далася.
— А папрабавалі б вы, пане Ігнась, з простага стану сабе жонкі пашукаць?!
За гэта Разэліна слова надта ж ахвотна хапіўся Стусінскі.
— Тут, проша бачыць…
Далей дазналася Вінцэсіха, што былі ў Ігнася найміты, але не было з іх ды над імі старшага, не было павяронага чалавека, не было каму даследзіць, дзе хто ступіў, як што зрабіў, паглядзець, каб не падседзеў каторы гаспадарскага дабра.
— От, як вы казалі, з простага стану… — у далёкае пачаў залазіць Ігнась Стусінскі.
— О, не! Дзе вы бачылі!.. — пра людскія языкі нешта ўспамянула Разэля.
— Дык можна як бы адвод даць… Можна згадзіцца: колькі рублёў на год. А як што калі наўзвыш, дык гэта — гасцінец.
Вінцэнты і ў сваты прыехаўшы гэтулькі не пратрымаў сам-насам Разэлі, у сенцы ўдваіх выйшаўшы, колькі цяпер шляхціц тут, на сястрыном вяселлі, у сенцах з ёю забавіўся.
Добра Разэлі гулялася гэты раз. Вясёлая па вяселлі прыехала яна дадому ў Баркаўцы. Новыя парадкі тут пачала ўстанаўляць. Пайшла да свайго дзевера, да Юстапа Заблоцкага, ды й кажа:
— Бярэце, што вам трэба… Рабеце, як вам будзе лепш…
На гадоў сем старэйшы Юстап за свайго брата Вінцэнтага. І ніяк на яго па гэтай старасці не можа Вінцэсіха «ты» сказаць. Гэтак было, як разам яны ў аднэй хаце жылі. Не змяніліся і потым, падзяліўшыся. Толькі не любіла Разэля большага Заблоцкага лішня павелічаць, і мала калі яна гаварыла з ім, але цяпер пагаварыць нехаця давялося.