Усю тайну Кучэра нават сябру ня выдаў, хаця на ўсякі выпадак загаворваў зь ім, што, маўляў, калі што, памажы маладым. Хаця б перабрацца ў твой леспрамгас, калі там і праўда так вольна вам жывецца. А што што? Нічога такога. Але ўсе пад Богам ходзім. I пад НКВД. Пра даваеннае Каляда ловіць з паўслова. У партызанах абмяркоўвалі амаль адкрыта. I нават цяпер артачыцца Віктар Каляда: нас, партызанаў, лепш не чапайце, мы і фашыстаў не збаяліся! Фашыстаў — так, але гэтыя дастануць цябе гэтак, што забудзеш, хто і што ты.
Пагрозіцца, пабалакае Каляда і як бы весялей жыць.
— Добра табе, Паліна, ты свайму мужыку што ні кажы, а ён у адказ маўчок. Вось бы маёй такое шчасьце. Ці мне. У маім доме ніхто ня змоўчыць. Гэта як каму пашэнціць. Вось гэтыя два пальцы, якая мне карысьць ад такой рукі (на правай у яго толькі два пальцы засталося), а вось Чэрчылю б такую: вікторыя! Перамога!
Дарэчы, калі паў Бэрлін і нават да Петухоў даляцела: Перамога! — вырашылі адзначыць. Якраз і ўлазіны пасьпелі. «Дом як звон!» — любы сказаў бы. Але ня кожнаму дадзена даведацца, што дом гэты з сакрэтам. Франц, выявілася, прыроджаны майстар па дрэве. Кучэра крыху скіраваў, а далей ужо сам за ім ледзьве пасьпяваў. Францава прыдумка: дзьверы ў сакрэтную камору-прасьценак зрабіць у выглядзе жалюзі. Дошчачка за дошчачку заходзіць, узьняў, апусьціў — і ты ў прасьценку, як у пэнале, усіх чуеш, а цябе ня бачаць.
Дом яшчэ пуставаты, але стол ёсьць, лаўкі ўздоўж сьцен, ложак, нават шафа. Есьць на што сесьці, за што сесьці. А тым больш — вайне канец. Тут і без падганяньня Каляды вып’еш. Калі ёсьць што. Знайшлося. Паліна першая ўзьняла сваю кропельку ў шклянцы:
— Каб нашым дзецям таго ня ведаць, што нам давялося.
Мужчыны міжволі паглядзелі на Паўліка, што самавіта сядзеў за сталом, і на яе ўжо такі прыкметны, «новы жывот». Ловячы ўсьмешку Паліны, Франц раптам скеміў: гэта ж Моны Лізы ўсьмешка, павернутая, зьвернутая ў сябе! Ды ніякай іншай «загадкі» Моны Лізы не існуе — акрамя таямніцы яе цяжарнасьці. У гэтым разгадка Джаконды: маці, што ўсьмешкай гамоніць зь дзіцём, якое ў ёй. (Вось што ён скажа бацьку, калі зноў яго пабачыць. I ня ў Луўры, а ў Петухах прыйшло да яго гэтае разуменьне.)
Як бы злавіўшы нешта ў яго думках, стары Кучэра ўзьняў шклянку:
— За тваіх, Франц, бацькоў. Каб сустрэліся вы. Франц устаў, пастаяў. I сеў.
— Ну і правільна, — згадзіўся Кучэра, — вып’ем моўчкі.
— Не, паспрабую, — зноў прыўстаў Франц. Пастаяў, падумаў. — Я забіў чалавека. Каб жыў у Германіі, лічылася б: забіў немца. Тут: забіў нацыста. Але і так і так: чалавека. Калі па Эвангельлі. Я толькі ня ведаю, на кім той габрэй.
— Не на табе, Франц, не на табе! — звыкла засьпяшалася на дапамогу Паліна. Франц нявесела ўсьміхнуўся:
— Хіба што групавое. Але такое злачынства ацэньваецца нават зямным судом стражэй. Толькі б на іх ня ўпала.
I зноў паглядзеў на Паўліка і на жывот Моны Лізы.
17
I трэба ж каб яны сваю дзяржаўную справу прымеркавалі да таго часу, калі Паліне прысьпела раджаць.
Кучэра і Франц, абодва аднолькава разгубленыя, грэлі ў чыгунках ваду, а Паліна, лежачы ў пасьцелі, саромеючыся сябе, саромеючыся бацькі, распараджалася, што трэба падрыхтаваць, з чым быць напагатове, калі гэта і сапраўды роды. Зьбіраліся праз тыдзень запрасіць вопытную бабку з суседняй вёскі, каб пажыла ў доме, чакаючы тэрміну. А тут, на табе, пачалося! Цяпер разьлічваць даводзіцца толькі на сябе — ёсьць з чаго разгубіцца. На вуліцы забрахаў Воўк, па вокнах паласнула сьвятло ад машыны, што пад’яжджала. Хутка ў тайнік — гэта яны! Ня крыкнуў, а паказаў Францу рукой, зьбялелым тварам Кучэра. I дачцэ:
— Нічога, нічога. Ты толькі не палохайся. Гэта ў іх да мяне гаворка. Па старых справах. А са мной нічога ня зробяць.
I тут пад вакном ударыла аўтаматная чарга.