Услухоўваўся ў размову за сьцяной, у стукі, крокі, намагаўся злавіць голас, хаця б стогн Паліны, але яе як бы і няма там — што адбываецца, чаго яны прыехалі? Галасы: бацькі і незнаёмы, такі ўпэўнена-камандны, в а е н н ы — толькі яны чутны. Лавіў аб сабе, аб «немцу» гаворку — не, нібыта ні слова. Тады што іх прывяло? Чаму так насядаюць на бацьку, у чым ён правініўся? Іх тутэйшае жыцьцё, зь якім Франц і знаёмы быццам, але ня ведае зусім. А таму міжволі шукае аналёгіі з тым, што ўжо было. I што было б, магло быць, калі б гэта ў Германіі адбывалася. Калі прагучала ў двары аўтаматная чарга і завішчаў сабака, а Франц яшчэ толькі прыўзьняў хітра зробленую сьценку, каб запаўзьці ў свой «пэнал» (ці труну — называй, як табе болын падабаецца), яму здалося, што ўсё вярнулася да таго моманту, калі з дому, што потым згарэў на тым самым месцы, вось гэтак жа запаўзаў у нару. 3 Палінай, са старой. Тады было адчуваньне абвалу яго жыцьця, катастрофы, але хіба мог уявіць, якія яшчэ выпрабаваньні чакаюць? Яго і ледзь знаёмую тады дзяўчыну. Але гэта была вайна, усё думалася, усе спадзяваліся: вось скончыцца вайна! Толькі б скончылася і застацца жывым разам з блізкімі тваімі! Яна ззаду, вайна, — для ўсіх, акрамя Франца. Нават для пераможанай Германіі і, калі жывыя, для бацькоў — скончылася. Як бы там цяпер ні было, нейкая пэўнасьць надышла. У Франца менавіта гэтага няма — пэўнасьці. Сваё жыцьцё абарвалася, а тое, якім ён жыве, — толькі прымерваньне да чужога, натужнае намаганьне ўтрымацца на плыву, не пайсьці на дно. Трымаецца гульнёй выпадку ды яшчэ воляй гэтай незвычайнай дзяўчыныжанчыны, што сустрэлася яму на шляху. У іх дзіця, будзе другое, але ўсё гэта толькі да таго моманту, калі даведаюцца, што ніякі ён не нямы, а немец. Неадкладна Паліну зь дзецьмі і яго адбяруць адно ў аднаго, а далей — якая розьніца, які лёс вызначаць яму тутэйшыя законы, парадкі? Ці ў лягер, ці ў Германію? Але ў яго ёсьць і ў Германіі сям’я: бацька, маці, сёстры. Застацца назаўсёды тут — страціць іх. Калі ўжо ня страціў. Стары Кучэра паказаў яму часопіс з фатаграфіямі: што засталося ад нямецкага Дрэздэну і японскага гораду Хірасімы. Чорныя руіны, пустыня.
Аб чым жа яны так сярдзіта, нават грозна гамоняць са старым, калі не дзеля Франца прыбылі? Нешта шукаюць: чутно, як тупаюць па столі, над галавой. ПІто тых самых беглых паліцаяў, дэзэртыраў шукаюць?
Былі хвіліны, калі Францу ўсё ж хацелася, каб яго знайшлі. Думка здрадніцкая ў адносінах да Паліны, да Паўліка і да таго, хто народзіцца, але што можа чалавек зрабіць, калі любы яго крок насустрач уласнаму інтарэсу — ужо здрадніцтва. Тады, у першай нары, хаваўся здрадні к Германіі, фюрэра. А цяпер, тут? Але не павесяць жа яго: ён выратаваў савецкіх людзей, ён забіў фашыста. Хіба за гэта тут караюць?
Раптам пачуў Паліны крык:
— Тата, тата! Што гэта? Куды вы яго забіраеце, куды ведзяце? Вы людзі ці хто вы? Што ён вам зрабіў дрэннае?
I гучны голас Кучэры:
— Нічога, дачушка, табе нельга так. А мяне патрымаюць і выпусьцяць. Маёр абяцае: зараз прышлюць акушэрку. Чуеш? (Так гучна крыкнуў, што Франц скеміў: папярэджвае яго.) Сюды прыедуць людзі. Так што чакайце. А прыйдзе з Каралёва Стану… цётка, тады рашайце самі, як быць. За мяне ня бойся. Не прапаў і не прападу.
Ад парога Кучэра азірнуўся яшчэ раз на Паліну і раптам убачыў прысеўшага за яе ложкам… Франца. Вылез! Што ён робіць? Загубіў! Думае, што ратуе, дурань, а губіць канчаткова. Адчайны позірк старога змусіў Франца дапасьці да падлогі, затаіцца.
— Нічога, нічога, — з-за пляча Кучэры прагучаў чужы голас, — не непакойцеся, жанчына. Мы не зьвяры. (I засьмяяўся.) Зьвяры ня мы.
18
У Каралёў Стан пад крыло бестурботнага Каляды, у леспрамгас, трапілі ня хутка. Яшчэ год пражылі ў сваім доме, пакуль Паліна гадавала другога хлопчыка ды ўсё пісала ў Менск і езьдзіла ў раённы цэнтар, дабіваючыся праўды, ратуючы бацьку. Каляда таксама стараўся. Але, як звычайна, болып размовамі, крыкам.
— Змрок і туман! — тлумачыў Францу. — Быў такі ў фашыстаў шыфр, у гестапа: чалавек зьнікае бязь сьледу. Каб астатніх да пят праняло. Але не на тых яны напалі. Вось паеду яшчэ раз у Менск…
Нямко Калядзе падабаўся ўсё больш, асабліва, калі піў зь ім нароўні, стаміўшыся аднеквацца. Тады Паліна падыходзіла і канфіскоўвала бутэльку.
— Не хапала мне яшчэ п’яніцы-мужа! Каляда ўсё адукоўваў нямка:
— Усё таму, што ў Палітбюро ніводнага партызана. Ёсьць у Маскве адзін чалавек Панамарэнка Панцеляймон Кандратавіч, кажуць, ён прыёмны сын Сталіна. Так што партызаны яшчэ екажуць слова. Вярні, Паліна, бутзльку, так ня робяць. Цябе Кучэра не пахваліў бы за гэта.