Да патрэбнае хаты, да гэтых Петухоў, дабіраліся лесам, магутны амэрыканскі «додж» выхопліваў сьвятлом крутыя павароты. У такіх паездках маёр Кароткі звычайна адчуваў сябе цудоўна, ведаў, што выконвае працу зь немалой рызыкай: колькі поўзае яшчэ пасьледкаў, недабіткаў, пакінутых тут акупацыяй. Гэта жывіла, павышала пачуцьцё самапавагі. Ніколі б не паверыў, што нейкая бародаўка здасца страшнейшай за бандыта з-за куста. I вось, калі ласка, не глядзіць на дарогу, а ўсё прыслухоўваецца: як там, пад каўняром? Шчыміць яшчэ болын. Ад штуршкоў, торганьня плястыр адклеіўся — лекары, такую вашу!
Таму, калі насустрач машыне кінуўся вялізны сабака, маёр, не раздумваючы, загадаў:
— Страляй! Проста з кабіны сабаку расстралялі аўтаматнай чаргой.
Дзьверы былі не зачыненыя, што маёру не спадабалася. Быў у гэтым нейкі выклік, самаўпэўненасьць гаспадара.
— Сьмела жывём! — замест «добры дзень!»
— Немцаў прагналі, у сябе дома каго нам баяцца? — адказаў невысокі, маёру ўжо знаёмы, стары. Сівая галава, а вусы, бародка цёмныя, быццам падфарбаваныя. Інтэлігента зь сябе строіць.
— Сабака не прывязаны. Давялося прывязаць нам.
— Значыць, маеце права, калі страляеце.
— А гэта хто ў вас?
— Дачка. Выбачайце, раджаць надумалася.
Бач, усё з падкавыркай, са зьдзекам. Паглядзім, паглядзім, як засьпяваеш.
— Ёсьць яшчэ хто-небудзь?
— Сынок на печцы. Мой унучак.
— А муж?
— Мужы цяпер, самі ведаеце…
Маёр ня стаў дамагацца ўдакладненьня. Чорт, загваздка! Як яе тут адну кінеш, парадзіху? Добра, што зь сельсавету прыхапілі з сабой панятога, яму і даручыць, каб прывёз акушэрку.
Толькі цень маёра — лямпа зьвісае са столі, — запаўняючы прасторны пакой, перамяшчаецца па сьценах зь бярвеньняў, па дашчатай столі. Усе астатнія чакаюць яго распараджэньняў: паняты, трымаючы картуз ля каленяў, аціх ля парога, малодшыя афіцэры дзяжураць ля вакон, стары каля ложка з парадзіхай.
Сказаў жанчыне як можна мякчэй:
— Выбачайце, нязваныя госьці заўсёды ня ў час. Калі б мы ведалі…
Сам унутрана пасьміхнуўся: ну а калі б ведалі? Адмянілі б акцыю? Сьмешна. Трэба пачынаць.
— Абыдземся без пратакольных фармальнасьцяў. Вы — Кучэра Іосіф Герасімавіч.
— Абсалютна дакладна.
— Год нараджэньня? Іншае — потым. Партызан, наколькі нам вядома?
— 3 сорак першага.
— Ведаем. Нават тое, што раненыіе маеце.
— Нічога, на пераможцах, як на сабаку, раны зацягвае мігам.
— Дапусьцім, хаця сабакі тут не да месца. Зброю маеце?
— Здаў, як паложана. Па сьпіску: паўаўтаматычную вінтоўку СВТ, дзьве гранаты, піеталет сыстэмы «наган».
— Гэта вы правільна зрабілі. А то адзін вось так жыў наводшыбе, пажар здарыўся, дык на тым месцы, дзе гумно стаяла, танк! Вылез, калі ласка. Як з штаноў. Але, кажуць, гэта ў Заходняй Беларусі было.
— Усякае расказваюць. Дзівакоў на сьвеце хапае.
— Дзівакоў ці ворагаў?
— А гэта — як паглядзець.
— Ну што, цямніць ня будзем? Ведаеце, нябось, чаго пажалавалі?
— Здагадваюся. У вас цяпер чырвоныя пагоны. А былі, помніцца, нябесныя, лётчыцкія.
— I я вас прызнаў. Так што можна бязь лішніх цырымоніяў. Прыступайце, — загадаў сваім супрацоўнікам.
— Дом, як бачыце, пусты, знайсьці, калі што ёсьць, лёгка, — заахвоціў гаспадар.
— А ўсё-ткі пашукаем. Прыступайце. На гарышча дзе лесьвіца?
— Там, у халодным пакоі.
Маёр падсеў да стала, пастукаў наганам па дрэве (так рабіў нехта з болыных чыноў у нейкім кінафільме) і спытаў як не сваім голасам:
— Вам ня сорамна?
— Гэта чаго ж мне саромецца?
— У вочы савецкай уладзе, народу глядзець ня сорамна?
— Гэта вам? Нібыта ня дужа.
— Значыць, тое, што народны камісарыят трэці раз вас змушаны арыштоўваць — пляваць на гэта?
Кучэра хацеў адказаць гэтаму таўстагрудаму і таўстазадаму, як баба, хмыру, але вочы яго сустрэліся з позіркам дачкі, ён адразу абмяк, плечы апусьціліся, змаўчаў.
Маёр няўклюдна павярнуўся, і тут жа каўнер зачапіў праклятую бародаўку — гэта перашкодзіла Кароткаму паглядзець, унікнуць, чый кашаль глуха прагучаў недзе за печкай. Але зь печкі прагучаў галасок (ах, вось хто гэта!):
— Ня крыўдзіце дзядулю. Я татку скажу.
— Ты там дзе? У, які грозны! Пакажыся, казак. А дзе твой татка?
— Татка прыйдзе і вас наб’е! — Паўлік грозіцца з-за коміну, не адкрываючыся ворагу. Тоўсты дядзька яго ня бачыць, а мамка, лежачы на падушцы, робіць страшныя вочы, аж сьмешна. Паабяцаў тоўстаму:
— I за мамку наб’е.
— Хутка, унучак, хутка татка прыйдзе, — умяшаўся стары і растлумачыў маёру: — Каго ўбачыць, адразу: мой татка! Вы пойдзеце, будзе ўсім расказваць, што ў яго тата ваенны, у рамянях увесь.
Франц, здушыўшы ў сабе здрадніцкі кашаль, ляжаў у сваім пэнале на тапчане, імж а зьбітым, тварам у далоні. Мабыць, драўняны пыл удыхнуў неасьцярожна.