Калі мне паведамілі, што накіроўваюся следчым у пракуратуру, якую ўзначальвае жанчына сарака пяці гадоў, асаблівых эмоцый у мяне не ўзнікла. Бо жанчыны-пракуроры — даўно вядомая практыка. І, як сведчыла неафіцыйная статыстыка, ступень іх сцярвознасці ніколькі не пераўзыходзіла ступень ссучанасці мужчын-пракурораў. Карацей, як пашанцуе, то і з жанчынай-начальнікам можна жыць, а як не — дык не.
Мне пашанцавала. Тамара Сяргееўна, ростам вышэй за сярэдні, худая бы дошка, амаль без грудзей, з худым скуластым тварам, глыбока запалымі вачыма і тонкімі, злёгку падфарбаванымі вуснамі, падстрыжаная, як на мой густ, вельмі коратка для жанчыны, пры знаёмстве мне не ўсміхалася, але пасля кароткага запрашэння прысесці і такога ж аднаслоўнага загаду добра зачыніць дзверы палезла ў свой невялікі сейф і выцягнула адтуль пачатую бутэльку каньяку.
— Сядай, — зусім па-хатняму стомлена запрасіла яна (быў канец працоўнага дня), дастала з шуфляды два стограмовыя кілішкі, нейкія занадта старыя, з зялёнага шкла, расшыраныя кверху, з выкручастым узорам па краях. Наліла па траціне, кіўнула: — Бяры, не саромся. У нас тут па-простаму.
Паводзіны пракурора, яе знешні выгляд нечакана выклікалі ў мяне асацыяцыю з некалі прачытанай гісторыяй пра царыцу Тамару. Як выявілася, такое было не толькі ў мяне, таму ў пракуратуры Тамару Сяргееўну за вочы так і клікалі, нязвычна па імені — Тамара, быццам падкрэслівалі кароткім зваротам уладнасць і вялікаснасць асобы гэтай жанчыны.
Выпілі, яна тут жа закурыла (вялікая цяжкая попельніца з зялёнага шкла займала на яе стале такое ж пачэснае месца, як і перакідны каляндар) і паўтарыла:
— У нас тут па-простаму. Калі будзеш даносіць — пачынай адразу, вось табе і першы факт, — без усмешкі кіўнула яна на бутэльку. — Будзеш свалачыць — вылічу і выкіну. Тут толькі адна сволач можа жыць — я сама. Мужчынам не дарую аднаго — калі ратуюць сваю скуру, топячы іншых. Астатняе можна зразумець. Налівай цяпер сам.
І насамрэч, у пракуратуры адносіны былі дастаткова простымі і празрыстымі. Першую праверку на вашывасць я прайшоў ужо праз тыдзень: у маім кабінеце выпівалі, ужо не помню з якой нагоды, усім складам. Мне патлумачылі два простыя правілы: першае — выпіваць будуць заўсёды ў кабінеце самага малодшага, другое — прыбіраць пасля выпіўкі дазволена толькі раніцай і толькі гаспадару кабінета. Калі першае было дастаткова зразумелым, то слушнасць другога я дапяў, калі назаўтра прыйшоў за гадзіну да пачатку работы, адчыніў фортку і стаў прыбіраць. Дарэмна было ўспамінаць, як і калі так атрымалася, але ж на факсе тэлефанаграмы ляжалі некалькі скрылікаў падсохлага сычужнага сыру. Учора яны б дакладна апынуліся разам з дакументам у сметніцы. Шукаў бы потым.
Заскочыў у свой кабінет, адчыніў фортку: смурод з сумесі тытунёвага дыму, гарэлкі, часночнай каўбасы (яе чамусьці вельмі паважаюць у пракуратуры) і яшчэ не разабраць чаго быў густым, хоць па сценках размазвай. Прымкнуў дзверы і пайшоў на другі паверх да Тамары. Як і думаў, яна сядзела за сваім сталом і курыла. Заўважыла мяне, махнула рукой — прычыні дзверы, нахілілася і дастала бутэльку.
— Кажуць, не станеш алкаголікам, пакуль не навучышся піць адзін, — казала яна, наліваючы ў тыя самыя шклянкі з узорам па краях. — Безумоўна, гэта глупства, але ж вось не магу адна. А пахмяліцца трэба. Старая стала зусім, колькі там учора выпіла, а галава, як цэбар, і ў роце страшна. Бяры!
Мы выпілі, Тамара пасунула мне попельніцу.
— Ты справу па трупеню-тапельцу закончыў?
Тое, што яна пачала размову са справы, падказала: патэлефанавала яна не толькі з жадання пахмяліцца разам.
— Закончыў, — кіўнуў у адказ. — Заключэнне паправіць крыху.
— Паправіш. — Тамара паказала позіркам на бутэльку: — Давай яшчэ па адной. і больш не будзем. Выклікала кіроўцу, паедзем зараз.
— Трупень?
— Ён самы. Ты так і жывеш без дзеўкі? — неспадзявана спыталася Тамара.
— Ды неяк часу на іх няма, — адмахнуўся я.
— Ну, вось і пазаймаешся, — без усмешкі пажартавала Тамара. — Каб не забыўся, як баба выглядае… Вясковую маладзіцу, 27 гадоў, знайшлі голай на ячменным полі. Як табе?
— Ого! — здзівіўся я. — Цікава. А дзе такія жарсці?
— Ляўдок. Ведаеш?
— Не давялося пакуль пабыць.
— Дваццаць кіламетраў па трасе, крыху ўбок. Была вёска сярод лесу, засталося пяць хат жывых. Але ж гадоў восем таму нехта першы аблюбаваў сабе хатку пад дачу. Ну і панеслася. Хоць ніяк не зразумею, дзе там цікавае: лес ды поле. Рачулка — вераб’ю па калена. Але факт: сёння там невялікі дачны пасёлак; праўда, дамкі сціплыя. Збіраюцца, адпачываюць, памідоры-трускалкі.
Завібраваў тэлефон на стале, Тамара зірнула, ціснула кнопку і коратка адказала: «Чакай».
Сама наліла яшчэ па колькі ў чаркі.
— Кіроўца прыехаў. Ты скажы, як мы на ўмоўнасцях пападаемся. От кажуць: трэба тры выпіць. І спыняцца на дзвюх ужо і няправільна, супраць нечага ідзеш. Давай, налі і чайнік уключы. Кавы пап’ем. Аператыўнікі выехалі паўгадзіны таму. Зараз, адзванюся ім.