Тым часам другая старая пачала доўгае, нібы восеньскі вечар, разважаньне пра тое, каго Гасподзь паклікае да сябе першым, але я амаль ужо гэтага ня чула. Усе мае фантазіі разьляцеліся, як пялёсткі штучнай ружы, з якой няўмелая рука сарвала нітку… Шчасьлівая нявеста, жаніх прыгажун… А насамрэч казачная шаўкова-карункавая гожасьць і матчына брошка – тут, побач, пад слоем зямлі, вільготнай і цяжкой, як сама незваротнасьць. Цяпер зразумела чаму зьвярнуліся да беднай швачкі, а ня ў моднае атэлье – ніхто ня хоча азмрочваць настрой заказчыц, якія могуць даведацца, што побач з іхнім сімвалам шчасьця шылі ўбор для нябожчыцы. Чуткі ў мястэчку разносяцца хутка…
Я павольна пайшла на могілкі. Апошняе залатое лісьце сыпалася на магілы… Сапраўды, Залатая Горка… Я ўспомніла пра іншы залаты дождж, які тут сыпаўся – калі сто гадоў таму тут балявала халера і зьбірала ахвяры ня меней, чым чума. А як па мне, дык лепей чума, або, як у гэтай няшчаснай дзяўчыны, недарэчны выпадак, чым паміраць ад, прабачце, разладу страўніка. Людзі адчаяліся і ня ведалі, як спыніць пошасьць. Набіваліся аж па дах у стары драўляны храм на Залатой горцы… Пасьля, вядома, нехта сказаў, што калі храм, Божы дом, такі бедны і цесны, гэта вялікі грэх… І ці не таму Гасподзь прагневаўся і папусьціў пошасьць? Нейкі доктар – а іншыя кажуць, ксёндз – выйшаўшы з касьцёлу, разаслаў на зямлі свой плашч і кінуў на яго першыя залатыя манеты… Другія прыхаджане пасьпяшаліся таксама ўнесьці ахвяру – і хутка на плашчы вырасла залатая горка… Як па мне, збудавалі б на тыя грошы шпіталь, закупілі добрых лекаў, зладзілі вадаправод, каб менчукі ня бралі ваду з гэтай памыйнай ямы — Нямігі… Што ж, цяпер я магла лічыць, што і наша сям’я зрабіла свой унёсак у боскае мейсца ў выглядзе фамільнай брошкі…
Я блукала між магілаў і, мусіць, сама нагадвала прывід у цьмяным лістападаўскім сьвеце. Ага, вось узгорак, спрэс завалены кветкамі… Партрэт пад шклом, у драўлянай рамцы: гэткая наіўная гімназістачка, са зьдзіўлена прыўзьнятымі бровамі, кірпатым носікам і прыадкрытым роцікам, які, відаць, любіў сьмяяцца, і коскі ўкладзеныя на галаве гэткімі бублікамі… Праставатае, наіўнае, вельмі звычайнае аблічча. Не маёй кампаніі паненка, ясна. Караліна Марыя Шыманская-Рэпка. Бедную, напэўна, з-за гэтай “рэпкі” дражнілі ў гімназіі… Я ўявіла, як Караліна-Марыя ляжыць зараз вось тут, у зямлі, у сшытай намі сукенцы, з брошкай у выглядзе лілеі на грудзях… Прылучаная да тых глыбіняў – ці высотаў – спазнаньня, ад якіх я, эмансіпэ і натуралістка, аддзеленая кожнай клетачкай свайго фізічнага цела… Але заплаціць за гэтае спазнаньне тым, што легчы ў гэтую сырую зямлю… Ведаеце, я не сентыментальная істота, але раптам мне зрабілася так шкада гэтай – няхай ня вельмі інтэлектуальнай пры жыцьці — дзяўчынкі, што я горка расплакалася – па ёй, па сабе… Па сваёй гаротніцы-маці – ня так шмат у той у жыцьці радасьцяў і добрых успамінаў, каб пазбаўляць дарагіх сэрцу дробязяў. Што я ёй патлумачу наконт брошкі-лілеі? Падумаць толькі – тая ляжыць у нейкім сажні ад мяне! Але недасяжней, чым была б на месяцы. І я ў адчаі пачала ў думках зьвяртацца да незнаёмай мне нябожчыцы… Уявіце сабе – прасіла яе вярнуць мне тую брошку, тлумачыла, як будзе перажываць мая маці. Угаворвала асьцярожліва, як угаворваюць маленькае дзіця, што схапіла вельмі дарагую і дужа крохкую рэч… Я нават апусьцілася на калені… Ня ведаю, колькі часу прамінула – я схамянулася, калі буйны кляновы ліст, мокры і халодны, нібыта даланя тапельца, ударыў мяне па шчацэ. Я знаходзілася ў такім зьнерваваным стане, што гатовая была прыняць гэта за нейкі знак. Ліст апусьціўся проста на букет дарагіх аранжарэйных фіялак, якія мерзьлі ў беларускім лістападзе, як усходнія прыгажуні, і я пацягнулася адкінуць ад іх жоўтага нахабу. На земляным насыпе між кветак нешта бліснула… Я адсунула стракатыя пялёсткі… І ўбачыла брошку ў выглядзе лілеі.
Сказаць, што я была агаломшаная – не сказаць нічога. Мяне быццам абдало ледзяной вадой, сэрца абарвалася, нібы я скочыла з адхону. Ну а вы, што б вы падумалі на маім месцы? Ніякіх рацыянальных тлумачэньняў у мяне ня мелася. Проста нябожчыца пачула маю шчырую просьбу і вярнула памятны знак. Я дрыжачымі пальцамі ўзяла брошку – так, гэта была яна, голка, вядома, расшпіленая… Радасьць ад нечаканай знаходкі патанала ў містычным жаху. А калі тая, што вярнула брошку, зараз тут, побач са мной? Я ж так яе клікала… Я непаслухмянымі вуснамі прамовіла “дзякуй”, паднялася і рушыла, змушаючы сябе ня бегчы – яна ж можа пакрыўдзіцца… Маліцца… Выратуе адно – шчыра маліцца… Замоўлю за Караліну Марыю імшу… Чым бліжэй я падыходзіла да брамы, да пазбаўленага містычнасьці мітусьлівага местачковага жыцьця, тым больш ува мне высьпявала ўдзячнасьць і яшчэ нешта незвычайна ўзьнёслае, быццам крылы расьлі...