І не спынілася машына,А ўжо пайшла мітусяніна:Хватаюць клумкі пасажыры,Пад рукі б'юць «зайцы»-праныры,Паны складаюць чамаданы,Лубкі-каробкі, дзе схаваныПаненак розныя прыпасыДля завівання, для падкрасы,Каб трохі зменшыць перашкоды,Пахібкі матухны-прыроды.Срэдзь люду рознага і панстваІ між усякага убранстваВідна і дзядзькава апратка,Пільчак і шапачка-аладка.Машына стала. Валіць валамЛюд у тунелі пад вакзалам,А з ім і дзядзька цісне збоку,Ад шэрых світ непадалёку.Яшчэ ніколі дзядзька з родуНе бачыў гэтулькі народу,Паноў, чыноўнікаў багатых,Такіх таўшчэразных, пузатых,Што можна б смела з'есці булку,Каб абысці гэту качулку;І выступаюць такім тузам,Ідуць, не бачаць ног за пузам,Аж дол каменны чуць не гнецца,Як студзень, карк яго трасецца.«Ото паноў! о, Божа мілы!Якія гладкія іх рылы!Якія вусы і бароды!Паставіць бы іх у гароды —Ні вераб'і і ні вароныНе смелі б сесці на загоны!І процьма-та ж іх тут якая! —У мыслях дзядзька разважае. —А морды ззяюць, як пад лакам,Відаць, жывуць яны са смакам.А ўзяць паненак — ажно ззяюцьІ ходзяць — долу не чапаюць:Так лёгка, плытка, далікатна,Як бы матыль той, акуратна.Ды што рабіць дачушкам бруку?У гэтым іх уся навука.Растуць, як краскі, ў добрай долі,Не трэба йсці з сярпом на поле,Дзе праца ўсю красу знімае,А ржышча ногі прабівае».Ідзе наш дзядзька і баіцца,Каб часам як не памыліццаІ не ступіць каму на ногіІ каб не збіць каго з дарогі.А боты, падлы, ну, відочна,Не так, як людзі, йдуць нарочна:На ўвесь вакзал грымяць насамі,Як конь па току капытамі.Дзівіўся дзядзька тут нямала,Йдучы тунелем да вакзала.Як хітра, мудра збудавана!Як чыста, хораша прыбрана!А колькі вулачак і ходаў,Палітурованых усходаў!Там, угары, над галавою,Ідуць вагоны чарадою!..О, хітры свет, на штукі здаўся!Тунель тым часам раздзяляўся,І вал сярмяжнага народуІдзе да правага праходу.Паны налева важна садзяць,Дзе іх сярмяжнікі не здрадзяцьНі пахам дзёгцю, ні карчагі,Ні відам латанай сярмягі.Як выйшаў дзядзька наш з вакзала,Яму аж моташна нейк стала:Такое пекла — шум страшэнны,Застой паветра і дух дрэнны;Народ таўчэцца каля конкі,Па бруку б'юць падковы звонка,Грымяць павозкі, буды, колы,Аж проста глушаць балаголы —І гэта процьма ўсякіх зыкаўЗлілася ў гул адзін вялікі,Дзе з непрывычкі вуху цяжка,Дзе б'юць па сэрцы яны важка.Снуе народ, як на пажары,Пад ім аж гнуцца тратуары.Эй, божы люд! Якая сілаЦябе віхрамі закруціла?Куды ты йдзеш, чаго шукаеш?Які ты ў сэрцы смутак маеш?Куды вядзе твая дарога?Чаму задума і трывогаПячаць на твар твой палажыла?Чаго глядзіш ты так няміла?Няма ў тваіх вачах прывету,Як бы не рады сонцу, свету,Ідзе народ, як хвалі мора,Як хмары ў небе на прасторы,Адны другім усе чужыя.Ідуць старыя і малыя,Ідуць, шнуруюць чарадою,Заняты кожны сам сабою.І дзядзька з гэтым людам зліўся,Як зерне ў зернях, загубіўся.Быў дзядзька ў пушчах, у барохІ расчытаць іх голас мог,І з старасвецкімі дубаміКаротка знаўся, як з сябрамі.А тут — адзін, бо ўсе чужыя,Не знаеш, хто яны такія,І сам для іх ты чужаніца.На камяніцы камяніца,Не згледзіш неба край за іміІ ціснуць сценамі сваімі.Ідзе так дзядзька і па брукуАдзін за дзесяць робіць груку.А дзе ж той банк? — карціць пытанне,Так правандруеш да змяркання,А сам туды не пападзешІ толькі дзень дарма звядзеш.Ды дзядзьку страшна прыступіцца,Спытаць людзей ён тут баіцца,Бо ўсе такія надзіманы,І хоць бы твар адзін рахманыАбо свой брат, мужык-трудзяга, —Нідзе не свеціцца сярмяга.І дзядзька наш стаў прыглядацца,Ў каго б дарогі запытацца,Бо ён зрабіў адну ўжо спробу,Спытаў чумазую асобу,Дык тая так яму сказала,Што лепш бы ёй няхай зарвала!Тут дзядзька кроку падбаўляеІ пана з цэшкай наганяе;Ступіў яшчэ ён колькі крокаў,Да пана коціцца ён бокам;А пан не бачыць ці не хочаГлядзець, як дзядзька наш клапочаІ ў ім патрэбу дужа мае,Ідзе і палачкай махае.Тут дзядзька трошачкі прыгнуўся,Рукою пана дакрануўся:— Скажы, паночку, як далёкаЗямельны банк? — Пан кінуў вокаНа дзядзьку скрыва так і строга:— Спытай аб тым гарадавога! —Сказаў і кроку пан прыбавіў,Як бы пытаннем абясславіўЯго наш дзядзька прад панамі,Прад тымі вось капелюшамі.«Ото завіў, настроіў лыжы,Як бы чарцяка той ад крыжа», —Антось сабе сам усміхнуўсяІ на ўсе бокі азірнуўся,Як бы хацеў сказаць: «Глядзеце,Якая цаца ззяе ў смецці!»Памалу стаў ён разглядацца.Э, што! няма чаго баяцца!Ідзе вальней, глядзіць смялей.На сэрцы стала весялей,І трохі карк ён падымае,На крамах вывескі чытае —Нядарма ж дзядзька быў у школе,Навуку ведаў ён даволі.Ды перабраў тут дзядзька меру:На слуп узбіўся, на халеру,Ды так аб падлу штурхануўся,Што свет яму перавярнуўся,На брук зляцеў ён з тратуару,Перакруціўся разоў паруІ так у брук бядак загасіў,Траха манеркі не расквасіў.Ды дзядзька борздзенька схваціўся,Знячэўку ён ашаламіўся,Як той шчупак, папаўшы ў нерат.Не знае ён, дзе зад, дзе перад.— Бадай цябе агні спалілі!На які чорт слупоў набілі? —Гаворыць дзядзька сам з сабою,Пыл абіваючы рукою.І тут ён толькі азірнуўся,Глядзіць — у кут глухі упхнуўся,Сцяна прад ім і сцены збоку,Ўпярод не ступіш ані кроку —Прапала вуліца, ды годзе!Таўчэцца дзядзька, як у бродзеТой сом, прыціснуты плытамі,Што ў букце век жыў пад карчамі.«Бадай ты спрахла! дзе ж дарога?Нагвалт крычы гарадавога!Куды нялёгкая загнала!»Аж проста дзядзьку страшна сталаІ з перавулачка глухогаІдзе шукаць гарадавога,Ідзе і горад праклінае;Падшыбла злосць яго такая,Што каб прымеў бы, ўзяў саломыДы падпаліў бы ўсе харомы,Бо ўсе дарогі загрузіліІ свет яму тут зачынілі.Мінут праз колькі з перавулкаНа свет ён выбіўся, дзе гулкаНясліся зноў страшэнна зыкі,Дзе горад гуў многаязыкі.Цяпер наш дзядзька не чытае,А больш пад ногі паглядаеДы кіне вока, ці не бліснеЖаданы шнур, ды далей цісне.Шукае дзядзька наш, як Бога,Ў людской галдзе гарадавога.А вось і ён! стаіць плячыстыІ погляд кідае празрысты;Стаіць, як той пастух над статкам,І наглядае за парадкам —На тое ж горад і губерня.Тут з тратуара дзядзька верне,Ідзе, за брыль здалёк бярэцца,«Дзень добры» кажа, як вядзецца,Яшчэ крок бліжай падступае,Аладку-шапку падымае.— Скажыце, як мне ў банк папасці?Мне па зямельнай трэба часці.— А вось як пойдзеш, чалавеча,Таму касцёлу насустрэчу,Там будзе вуліца направа, —Пачаў казаць служака бравы, —Ты правай вуліцы трымайся,А там другога запытайся,І скора банк той будзе блізка.Скланіўся дзядзька яму нізка,Бо надта ж добрым паказаўся,І так ён дзядзьку спадабаўся,Што калі будзе ўсё шчасліва,То вып'е з ім хоць пару піваІ з'есць з ім разам кусок сала;І весялей зноў дзядзьку стала.Зрабіўшы два-тры павароты,Людзей спытаўшы раз мо ў соты,Спыніўся дзядзька каля банка,Дзе ўсходы чыстыя, як шклянка,Шырокі крок яго стрымаліІ ў душу страх яму нагналі.Стаіць наш дзядзька ў задуменні,Не смее ўзняцца на ступені:Баіцца ён мужычым ботам,Прапахлым дзёгцем, здорам, потам,Тут наслядзіць або напляміць,Лепш іх не знаць, няхай іх цяміць!Ступі не так, падымуць сваркуДы на барыш дадуць па карку.І гэта «іх», як здань ліхая,Спакой ад дзядзькі адганяе;«Іх» — нешта злое, цемень-сіла,Што душу дзядзькаву муціла;«Іх» — гэта тое, што варожаІ ў рог барані сагнуць можа.Ды дзядзька страх перамагае,Ён шапку загадзя знімае,Па ўсходах чыстых, як мурашка,Паўзе ўгару, ступае цяжка.Забіты дух яго вякаміЎжо чуе страх перад панамі.Ў прасторнай, чыстай, светлай заліПаны туды-сюды снавалі,Развязна, моцна гаманілі,Цыгары доўгія курылі,А дзе каторы шарганецца,Каля яго прыслужнік трэццаІ падае яму адзенне,А сам — пакора і жычэнне;А пан той руку ткне ў кішэню,Яму «дзесёнтку» суне ў жменю;Прыслужнік, ну, чуць не прысядзе,Аж смех бярэ, на гэта глядзя.Але й паны не ўсе тут роўны:Адны з іх круглыя, як броўны,Ідуць спаважна, ўперавалку;Другія выпетрылі ў палку;Адны трымаюць нос высока,Другія ў дол спускаюць вока.Апроч паноў, у гэтай заліІ мужыкі ў кутках стаялі,І людзі простага больш званняТаўкліся ў банку ўжо ад рання.Між імі гоман ціха вісне,Туды і дзядзька Антось цісне.Прыйшоў, суседзяў змерыў вокамІ да сцяны прыпёрся бокам.— Сядай, мой мілы, мой харошы,Бо за «пастой» не плацяць грошы, —Сказаў сярмяжнік дабрадушна,На лаўку дзядзька сеў паслушна,Ўздыхнуў, падзякаваў суседу.Ўжо пажылому, чуць не дзеду.Пайшлі пытаць адзін другога,Хто ён, адкуль, сяла якога,Губерні, воласці, павету.— Прыехаў я сюды з-за свету,З-пад самых Стоўбцаў — чулі, можа?— Не, не здаралася, нябожа.— А самі скуль вы? — Я з-пад Ліды,З сяла Вялікія Дзяміды(Ён Грышкам Верасам назваўся);Яшчэ са ўчора затрымаўся.Пустая справа, ды і туюНе давядзеш ты да ладу —Гадоў са два яе вяду,Як тут ні ладжу, ні мяркую...Эх, мілы мой ты! за панаміНяма прадыху. Хто з грашаміІ мажа збоку, — той і едзе,Так вось і робіцца, суседзе.Ён знаў чыноўніцкія сеці —Недарма ж соваўся па свеце,Зямлі шукаючы з сябрамі,І добра знаўся з пісарамі.— Вам трэба з банка разрашэнне,Пішэце, мілы мой, прашэнне;І, калі хочаце, параю:Пісарчука такога знаю,Што вам прашэнейка за злотыНапіша з мілаю ахвотай.— Ах, калі ласка, пане Верас.Скажу вам дзякую яшчэ раз,Бо покі сам чаго даб'ешся,То і жыцця свайго зрачэшся.— Ну, то хадзі! — Ўстаюць, выходзяцьІ па панах вачамі водзяць,І каля століка пустога —Там не было цяпер нікога,Апроч бутэлечкі чарнілаЗ шырокім донечкам, без рыла, —Сябры спыніліся маўкліва.— Вам што? — пытае іх пачціваСам пісарчук. Ён стараваты,І росту нізкага, кашлаты,І вынік ён перад сябрамі,Як тая порхаўка часаміПа цёплым дожджыку з зямлі.— А вось да вас якраз прыйшлі, —Тут дзядзька ўперад выступаеІ просьбу ціха выкладае.— Пастойце ж трошкі, пачакайце,А вось вам крэселца, сядайце! —З стала ён выняў ліст паперу,І ўсю пісарскую манеруЁн перад дзядзькам выяўляе:З-за вуха ручку выцягае,Рукою водзіць, нібы піша,І трэ свой лоб ды носам чмыша.Паразважаўшы для прыкрасы,Пайшоў выводзіць выкрунтасы;Уважна дзядзька пазірае,У жмені злот даўно трымае.— Ну, вось прашэнне і гатова,Прашэнне — «рэхт»! ну, адно слова!Вы, можа, граматны часамі?— А так — распішамся і самі. —І дзядзька пальцы разгібае,Бярэ ён ручку і мачае;Ды граблі-пальцы, як чужыяЦі як калочкі дзервяныя,Пяро трымаюць бокам, крываІ водзяць ручку баязліва;І покі дзядзька распісаўся,На лбе буйны пот паказаўся,Бы дзядзька летняю пароюПрайшоў па купінах з касою.— Цяпер ідзіце ў тыя дзверыЗрабіць адметку на паперы, —Ківае пісар галавою.І дзядзька дробнаю ступоюПадходзіць к дзверам, адчыняе,Прашэнне ў скрутачку трымае.А там, за доўгімі сталамі,У стол уткнуўшыся насамі,Сядзяць пісцы, як гною кучкі,Скрыпяць іх пёрцы, ходзяць ручкі,Трашчаць, як конікі на сенеЦі тыя шашалі ў палене, —Заняты кожны сваім дзелам.Ступіў наш дзядзька крокам смелым,Ідзе к сталу, што быў пабліжай,Да барады счырвона-рыжай —І перад тою барадоюСхіліўся нізка галавою.Чыноўнік буркнуў штось сярдзіта,Як той япрук каля карыта,Але прашэнне ён прымае,Насупіў бровы і чытае.— Ідзі ў той стол, налева трэці! —Махнуў чыноўнік барадою,Як саламянаю мятлою.— Адкуль яны бяруцца, чэрці? —Прамармытаў руды пісака.Пайшоў наш дзядзька-небарака,На стол паказаны трапляеДы зноў там галаву скланяеІ перад новым палупанкамСтаіць, прыгнуўся абаранкам.Чыноўнік толькі лыпнуў вокамІ павярнуўся к дзядзьку бокамДы водзіць пёркам па «бумазе»(Ужо такі пачот сярмязе!).Стаіць наш дзядзька, не адходзіць.«Ну, што ж? няхай пяром паводзіць:Не на дажджы я, часу маю,Не пан я, трохі пачакаю».Чыноўнік лыпнуў зноў вачыма,Як бы на цёшчу ці айчыма,Зноў у паперы ён уткнуўся,А дзядзька наш не зварухнуўся.Злаваць чыноўнік пачынае,Што дзядзька вытрыманасць мае.Чыноўнік злосны не стрымаўся:— Табе чаго тут? — запытаўся,Сярдзіты, поўны нецярпення.— Наконт зямлі: вось і прашэнне, —Гаворыць дзядзька так салодка,Як толькі можна, ды кароткаЯго чыноўнік злы спыняе:— Не важна справа, пачакае;Прыйдзі сюды праз тры гадзіны!Ўздыхнуў Антось ад той навіны.«Ось дзе выжыга! ось бізун,Бадай цябе забіў пярун!Чакай дабра ты ад хамулы,Няхай табе дасць Бог тры скулы!Няхай цябе водзяць сляпога,Як водзіш ты за нос другога!»І як ні кляў ён гэту п'яўку,Ды мусіў даць рубля за спраўку.