I абгаворыць, пасмяецца;
Панам таксама дастаецца,
Бо пан Абрыцкi, сказаць смела,
Мiж iмi цёрся жыцце цэла;
Быў на Палессi, на Валынi
Дзе толькi доля не закiне!
Сядзеў з iм поруч Дземiдовiч,
З другога боку - Астахновiч,
Ўжо леснiкi немаладыя,
I хлопцы сталыя, такiя,
З якiмi можна выпiць чарку,
Таксама й ездзiць па iх карку,
Чаго Абрыцкi не цураўся.
Па службе выйдзе папушчэнне
Цi так няважнае здарэнне,
Абрыцкi пэўна ўжо падкусiць,
Данесцi пану аб тым мусiць
Ды ад сябе яшчэ прыбавiць,
Каб чалавека абясславiць;
Дык на яго не мелi вока
I з iм трымалiся далёка,
Хоць гэта ў вочы не казалi.
Ды леснiкi здарэнне зналi,
Калi Абрыцкi абмахнуўся
I пад Пшавару падвярнуўся.
Пшавара быў ляснiк сярдзiты,
Апроч таго, не лыкам шыты:
Шырок, плячыст, як дуб стары,
I з iм да трох не гавары!
I дужы быў ён не па меры.
Ён быў з Абрыцкiм на кватэры,
I вось якi быў тут учынак:
Пшавараў конь каля драбiнак
Стаяў i хрумстаў сабе сена,
Сянцо мурожнае, бы пена.
Вярхом Абрыцкi прыязджае,
Сюды свайго каня стаўляе,
Пшавара гэта зауважыў.
- О, каб яго пярун распляжыў!
Якi то гад, якi вужака,
Якi то кручаны сабака
Пусцiў каня да майго воза?
- Якая страшная пагроза
I што за тон такi мужыцкi?
Азваўся з гонарам Абрыцкi.
Ну, я пусцiў, то што тут будзе?
Табе што з гэтага прыбудзе?
Ўскiпеў Пшавара ў момант вока;
Дуга была тут недалёка
Ляжала тут жа пад рукою
I за Абрыцкiм ён з дугою!
Абрыцкi прэ ва ўсе лапаткi,
Бяжыць, як можа, без аглядкi,
Але Пшавара даганяе,
У ход дугу сваю пускае.
Абрыцкi - некуды дзявацца
Спынiўся, кiнуўся кусацца!
Пшавара й гэты бой прыймае:
Схапiў Абрыцкага, трымае,
Зубамi сам дае ён здачы
I нават гыркнуў па-сабачы:
- Калi кусацца, дык кусацца!
Было з чаго тут пасмяяцца!..
Тут сам падлоўчы паказаўся,
Ад смеху ён чуць не качаўся.
На ўсiх пазiцыях пабiты,
Абрыцкi збавiў тон сярдзiты
I просiць грознага Пшавару:
- Пусцi, братко, панёс я кару!
Мiхал з усiмi завiтаўся,
Таму, другому засмяяўся,
Iх жарты жартам адбiвае
I стражнiкаў развесяляе.
- А што, Мiхале, мiлы браце,
Абрыцкi кажа, - пэўна ў хаце
Было б, тэж, лепш, як у будане?
- Няхай тут iх зямля апране:
Паноў, глушцоў i iнша лiха,
Тады б на свеце было цiха,
Сказаў Мiхал нiбы гняўлiва.
Ось возьмем стрэльбы, пойдзем жыва,
Ды хоць у смак папастраляем
I ўсiх глушцоў паразганяем!
- А ты забыўся, - тэж, каханы,
Выпадак быў неспадзяваны,
Як наш Вярыга свержаноўскi
Вёў на глушца па-стражнiкоўску
Якраз ляснiчага самога:
Тры крокi скокне ён, нябога,
Ды спынiцца i спынiць пана;
Глушца ж таго i нечувана.
I вось да хвоi даскакалi,
Але глушца там не засталi.
Стаяць Вярыга i ляснiчы.
- А дзе ж глушэц, пан паляўнiчы?
- Вось тут спяваў, панок, учора,
Ды перастаў на маё гора.
Вярыга вочы апускае,
Ляснiчы воўкам пазiрае
I плясь у морду нечакана!
Вось як Вярыга падвёў пана!
- Ну, што ж? натрапiў на такога;
А каб наскочыў на другога,
Сказаць, хоць бы i на Пшавару:
Задаў бы ён там пану жару!
Гавака важна адазваўся;
Абрыцкi толькi аблiзаўся,
А леснiкi зарагаталi
I тым Гаваку падтрымалi.
- Ну, што, панове ягамосцi:
А цi не час ужо i ў госцi?
Абрыцкi погляд ускiдае
I шчыльна люльку накладае.
- Што ж! трэба рушыцца - цямнее:
Якраз злятаюцца, зладзеi!..
Эх, брат, наняўся - як прадаўся!..
Сказаў Мiхал i сам падняўся;
За iм другiя паўставалi
I ў цёмны лес павандравалi.
I разышлiся ва ўсе бокi
Сачыць глушцоў, шукаць iх токi.
Мiхал з дарогi зварачае
I далей, глыбей забiрае.
Вось ён разважлiва спынiўся,
Прыслухаўся i прытаiўся;
Яшчэ павольненька праходзiць,
Дазорчым вокам лес абводзiць.
Стаяць вакол маўклiва хвоi,
Бы служкi ў панскiм дзесь пакоi;
I дрэмлюць чорныя ялiны,
I моўкне ў лесе спеў птушыны,
I толькi дрозд высвiстваў штучна,
Як на кларнеце, мiлагучна;
Ды змоўк i ён, i ўсё знямела.
У небе зорачка нясмела
Над гэтым лесам цемранiстым
Зiрнула вокам прамянiстым.
А лес маўчыць, глухi, таемны.
Мiхал - сам слых, але дарэмны
Вышэй чуллiвых натужэннi:
Нiдзе нi зыку-шарасцення,
I толькi шум, бы кiм насланы,
Бы тыя гулкiя арганы,
Ўвушшу стаiць, грымiць i звонiць
I штось няўцямнае гамонiць.
"Чусь-сю! Чуг-гi!" - дзесь зык падаўся,
Мiхал як бы чаго спужаўся,
I сэрца ў iм мацней забiлась,
I радасць нейкая з'явiлась.
Глушэц чым далей, то ўсё болей
Дзесь на суку за тоўстай хвояй
Рассеўся важна i балбоча,
А як спявае - плюшчыць вочы,
Тады нiчога ён не чуе;
Але не цягам ён такуе,
А робiць часта перарывы,
Тады ўжо чутак ён надзiва,
Тады замры i стой зацяты;
Пачне спяваць - хоць бi з гарматы.
Мiхал стаiць, штось разважае,
Вiдаць, ён месца прымячае,
А кашаль, падла, так i душыць.
Мiхал наш з токаў хоча зрушыць,
Iсцi ў будан той, ды ўнiкае:
Другi глушэц ток зачынае.
Перачакаўшы з паўгадзiны,
Мiхал павольненька, як можна,
Пакiнуў токi; асцярожна
Выходзiць зноў на пуцявiны.
Цяпер на збор i ён шыбуе,
Чагось вясёлы, ног не чуе;
А леснiкi ўжо ўсе у зборы.
Iдзе гаворка сярод бору,
I смех i жарты, нават кпiны.
Агонь бадай да палавiны
Высокiх хвояў дасягае.
Абрыцкi рапарты прымае,
Хто чуў глушца, якiя токi,
Адлегласць мерае на крокi,
А Дземiдовiч люльку смалiць,
Нiяк глушцоў сваiх не хвалiць.
- Няма нiдзе, папрападалi,
А мо за зiму паздыхалi,
Гаворыць ён, рукой махае.
Яму Мiхал напамiнае,
Як летась ён усiм надзiва
Упаляваў зайца шчаслiва,
Калi той здуру памылiўся
I сам у яму завалiўся.
I ўсе смяялiсь, рагаталi