О добры час дзянькоў прыгожых!Ты знік у хвалях часоў божыхІ толькі ў думках і ўспамінахЖывеш-гарыш у днях дзяціных.Далёка я ад межаў родныхІ дзён галодных і халодныхПражыў нямала. Я гадаю,Я родны край успамінаю,Я ім жыву, я ў ім душоюІ сэрцам кожнаю парою,Як той нявольнік прагне волі,Так прагну я ступіць на роліСваіх палеткаў, ніў благенькіх,Дарог і сцежачак крывенькіх,Што гожа ўюцца спомеж жытаАбо срэдзь лесу самавіта.І ўстануць з'явы, як жывыя,Малюнкі сэрцу дарагія,І моцна душу парываюць.«Ідзі да нас! ідзі», — гукаюць.Благаславёны час той будзе,Калі я ў родным сваім людзеКуточак бацькаў прывітаюІ радасць жыцця там пазнаю.О родны край! О край пакуты,Нягодай цяжкаю прыгнуты!Калі ж ты збудзеш тое гора,Што і цяпер там, як і ўчора,Як і даўней, цябе знішчаеІ горкім смуткам авявае?І ў час вялікі разбурэнняНе сцерпіць нават і каменнеТваіх палёў, глухіх абшараў,Дзе след вайны агнём пажараўПранёсся дзіка і няшчадна,Каб не заплакаць з таго здзеку,Што чалавек — звер чалавеку —Так злосна чыніць, неўспагадна!..О край мой мілы! Ўсёй душоюХачу злучыцца я з табою,Ў тваіх палях пазычыць сілу,Ў тваёй зямлі сысці ў магілу...Дзяціны час!.. Я памятаюЗімы прыход у нашым краю.Стаіць над лесам шум маркотны;Па небе хмары, як палотны,Паўночны вецер рассцілае,І бель над далямі звісае,І ціха стане на падворку,І лес жалобную гаворку,Свой гоман восені канчаеІ моўчкі зіму сустракае.А сетка белая гусцееІ бліжай, бліжай снегам сее.І вось над хатай, над гуменцамСняжынкі жвавыя гуляюць,Садок і дворык засцілаюцьБялюткім, чыстым палаценцам.І тут у хаце не ўтрываеш:Кажух на плечы накідаеш,Бяжыш на двор, як той шалёны,Крычыш, гукаеш здавалёны,Зямлі не чуеш пад сабоюІ ловіш белы пух рукою.Ўгару зірнеш — як рой пчаліны,Снуюцца ціхія пушыны,Ўгары знячэўку штурхануцца,Глядзіш — і ў пары пабяруцца.— О-го-го, брат! — дзядзька кажа. —Цяпер зіма напэўна ляжа!За санкі, Костусь, трэба брацца,Эх, будзеш мець дзе разгуляцца!І Костусь рады і давольны:Цяпер гулянак свет раздольны,Адкрыты новыя пуціныУ круг забаў яго дзяціны,І ён ад радасці трасеццаДы ў мяккім снезе скачанецца.А снег станоўка і заложнаТак і шуфлюе. Лес набожнаСтаіць, маўчыць і ўсё святлее,Як бы, здаецца, весялее.Назаўтра ўстанеш — свет змянёны,У новых хутрах вербы, клёны,І ўсюды чыста, бель такая,Што проста вочы адбірае.Ў парканах шулы, як салдаты,Стаяць у струнку, зухаваты,Башлык высокі, шапкі новы,«Ура!» гукнуць табе гатовы.Ідзе з лапатай дзядзька з хатыІ адграбае снег заўзята.Ў гумно і ў хлеў праводзіць сцежкі, —Не хоча мець удзень замешкі,Бо ўдзень на рэчку і на тоніСхадзіць рыхтуецца Антоні.Мы знаем, ён — рыбак з уроды,І ўсякіх рыб ён знае ходы,Калі якая нерастуе,Што ёй пад густ, чаго бракуе;І нораў кожнай рыбы знае,Аб іх трактат ён прачытае,Ды так, што люба і паслухаць,Дзівіцца больш ды лоб чухаць.І гэта ўсё не з кніг набрана,Не з слоў вучонага паўпана,Якіх цяпер усюды досыць;Ўсё гэта ўласны розум зносіць,Свая мазолілась галоўка,А не чыя там калатоўка.Бярэ Міхал свае прылады,Якія стрэльбе датыкаюць;Цяпер зайцы ў лясах гуляюць,Іх упалюеш без прынады,Тым болей што ганчак харошы —Ёсць сэнс прайсціся па парошы.І чуць што толечкі разднела,У маткі снеданне паспела,Але яе ўсе падганяюць,Барзджэй рассыпацца жадаюць,Каму куды і ў чым хто здольны —Дзянёк прыдасца часам вольны.— Пакінь, Міхась, ты сучку дома,Мо дзе забіўся тхор між лома:Ў карчах на рэчцы следу многа,Іх там пярэсмыкі, дарога.І да тхароў быў дзядзька падак,А тхор цяпер дабёр і гладак:У Свержні Іцка з Моўшам простаДа шкуркі ўліпнуць, як кароста.А Такса талент такі мела,Што за тхарамі чуць не млела.— Бяры сабе, хай астаецца, —На просьбу бацька паддаецца.І Таксу ў хаце запіраюць,А ў лес Сівалку запрашаюць.Выходзіць бацька першы з домуМясіць снягі па буралому.На ім кучомка, верх зялёны,Кажух кароценькі, чырвоны,А стан шырокая папругаСціскае спрытна, лоўка, туга;На меднай спронжцы лось красуеІ з жоўтай бляхаю фасуе,А праз плячо паўзверх кажухаІдзе раменны пас, бы ў зуха;На гэтым паску — знак блішчасты,А на плячах — шнур пакручасты.І вось як бацька выйдзе зранаДы стрэльбу накрыж перакіне —І ў палясоўшчыцкім ён чыне,Дапраўды, змахвае на пана!І дзядзька доўга не чакае,Маўчком ён Костусю ківае;А Кастусёк даўно гатовы —У іх раней была намоваСхадзіць у луг на азярыныІ патрывожыць род тхарыны,На рэчцы загарадзь паправіцьІ новы буч яшчэ паставіць,За пояс дзядзька закладаеСваю сякерку, Таксу кліча,Кусок аладкі ў нос ёй тычаІ вон за дзверы выпускае,А Костусь з торбаю, з лапатайДаўно чакае іх за хатай.Спаткаўшы Ўладзю на дрывотні,Раскажа дзядзька ўвесь парадак,Бо той, наеўшыся аладак,Глядзіць за домам неахвотна.Яму ты слова — ён другое,Заўзята юха, хоць малое.І дзядзька часам загарыцца,Гатоў няўслушніку па пысцыПраехаць шорсткім сваім пальцам,Бо што ты зробіш з падшывальцам?І дзядзька, плюнуўшы сярдзіта,Ідзе, спаткнуўшысь на карыта,А ўслед яму смяецца Ўладзя.— Павыскаляйся яшчэ, гадзе, —Антось яму, — дальбог, вярнуся,Расквасіць кірпу не збаюся!..Ото «гладыш», абы напроці,Абы нажэрціся! К рабоцеІ на вяроўцы не зацягнеш,У лес пабегчы толькі прагнеш.Ну, трасцу дам табе цукерку!Гулу падсуну ў табакерку! —Бубніць Антось ужо з сабою,Ідучы скораю хадою.І доўга Ўладзю дзядзька журыць,І Костусь бровы свае хмурыць:І ён на брата сэрца мае,Бо Ўладзя дзядзьку зневажае,А дзядзька поле толькі міне,Глядзіш — і злосць яго астыне.Задраўшы ўгору хвост трубою,Сама давольная сабою,Снуецца Такса між кустамі,Бяжыць і спыніцца часамі,Наставіць вушы, разважае,Вушамі нос свой павяраеІ ні зрухнецца, бы застыне,І лапу нават чуць узніме.А дзядзька Таксу падганяе:— Шукай тхара! шукай, малая!І Такса кінецца стралоюТуды, дзе цэлай чарадоюСтаяць алешыны крывыя,Пад іх карчагі патайныя.І часта тут — былі здарэнні —Заб'ецца тхорык пад карэнні.І тут усіх рух апануе.Фатыгі Такса не шкадуе:Дзярэ, грызе, пішчыць, скавыча,Бо знак дае, што ёсць здабыча.І дзядзька ўвесь, як на пружынах,Як дзік, мітусіцца ў галінах,Туды зірне, сюды памкнецца,Ну, на кавалкі так і рвецца.— Ты ж стой, брат, тут! Пільнуй, як вока:Ён тут, галубчык, недалёка!І не пудлуй, не дай, брат, маху, —Валі рыдлёўкаю без страху... —І дзядзька мовы не канчае,Ён кол маланкаю хапае.— Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць,Гарачка дзядзьку так і носіць,Бяжыць, тхара ён даганяе,Напагатове кол трымае.За дзядзькам Костусь прэ без духу.— Дзяржы тхара, дзяржы псяюху! —А тхорык бедны ў куст зашыўся,Няма ратунку, ашчарыўся,На Таксу сам ён нападаеІ чмыс яе грызе, кусае,Пішчыць, дзярэцца, смрод пускае,Але нішто не памагае:Таўкуць калом яго, рыдлёўкай,За шкурку плаціць тхор галоўкай.— Вось гэта, Костусь брат, удача! —І дзядзька рады, чуць не скачаІ гладзіць Таксачку па вушку,Яе ён лашчыць, як дачушку;Яна ж за гэта ласкі словаНа смерць, на ўсё пайсці гатова:Вачамі ў вочы так і зорыць,Віхлястым хвосцікам гаворыць.Хоць дзядзька наш не паляўнічы,Ды меў ахвоту і да дзічы.І часам, праўда, вельмі рэдка —Я сам у гэтым буду сведка —У лес надумае пайсці,Зайцоў крыху там патрасці —Зайцоў жа там было багата.Вось у нядзельку раз ці ў святаАнтось рыхтуе паляванне.Дае ён хлопцам прыказанне,Хоць тыя самі без прыказуАхвотна годзяцца адразу,А наш дарэктар асабліва.У лес збіраюцца шумліва.— Эх, шкода, брат: няма клякотак!Ну, хоць бы з парачку трашчотак! —Гаворыць дзядзька. — Ну, нічога,І так мы зробім шуму многаІ ўсім зайцам задамо страху! —Дае дарэктару ён бляху.— Звані ў яе, бі, чым папала,Абы мацней яна гучала —На ўсю Свяржэнскую граду! —Алесю даў скавараду,Перагарэлую, старую,Ды незвычайна галасную.— Бяры напільнік з рукаяткай,Бубні ў яе наском і пяткай;А Кастусю я дам званок,А ты, бальшун, трубі ў ражок, —Такое справім мы ігрышча,Што лес застогне і засвішча,Ну, нежывы — і той ачнецца,Калі аблава ў нас пачнецца!Ідуць у лес. Антось заранняРазмеркаваў усё дазвання:Адкуль, якую зоймуць лаву,І як вясці самую справу,Куды і як зайцоў зганяць,І дзе ён будзе сам стаяць.Антось пазіцыю займае,Шчаслівых вынікаў чакае,Калі зайцоў пужнуць няждана,І трохі чуе ў сабе пана.Прачнуўся лес ад бразгатання,Ад таго шуму палявання:І крык, і лямант захаплення,Гудзе лес зверху да карэння.Дарэктар рвецца на кавалкі.Зламаў на блясе ўжо дзве палкі,Дзярэцца нема, лямантуе, —Такі там гвалт — хай Бог ратуе!За пень ён лапцем зачапіўсяІ змоўк тады, як паваліўся.Алесь грыміць скаварадоюІ пацяшаецца гудою,На ёй вызвоньвае ён штучкі,Але напільнік выпаў з ручкі,Зляцеў у снег — і будзь здароў...Нідзе не бачылі зайцоў,І дзядзьку стрэліць не прыйшлося,Але пачулі ад Антося:— Забілі зайца, не забілі,Але ж, брат, гуку нарабілі.