− Ну, нічога, − сказаў Жаркоў, каб як-небудзь прыбадзёрыць людзей. Але падбадзёрыць, абнадзеіць не было чым: ду-жа ўжо мала засталося іх, а баявая задача так і не была выка-нана.
Знізу на пагорак шкандыбаў яшчэ нехта, адчувалася ў цемры, што ён паранены, і відаць было, як кульгаў, абапіраючыся на вінтоўку. Калі ён падышоў бліжай, Жаркоў пазнаў салдата з трэцяга батальёна, што ўчора прыбіўся да іх. Цяпер ён моўчкі прыплёўся да хлопцаў, з роспачнай самотай вылаяўся і лёг побач на дол, выставіўшы ў неба абматаную бінтамі босую нагу. Неўзабаве аднекуль збоку прыплёўся Гушчын, стары рыжавусы салдат з зямлістым тварам і вельмі невыразным глухім голасам. За гэты голас яго некалі на фарміроўцы празвалі Магілай. Таго, хто даў яму гэта недарэчнае прозвішча, даўно ўжо не было на свеце, а Гушчын усё быў жывы і не дужа, здаецца, і крыўдаваў, калі яго так клікалі. Ён нетаропка прывалюхаў да сяржанта, абаперся на вінтоўку і цяжка апу-сціўся на дол.
− Ну от даканалі… Ах ты гора горкае!.. Без артылерыі яно вядома − пяхота-матухна…
Ніхто нічога не сказаў яму, не запярэчыў і не пагадзіўся − усе былі падкошаны стомай, няўдачай і маўчалі. Жаркоў яшчэ пачакаў, паўзіраўся ў змрок. «Няўжо ўсе?» − з болем падумаў сяржант і ўсё ж не пераставаў чакаць. І праўда, хутка цераз снегавую паску ўнізе мільганула адзінокая постаць і неяк зне-дужэла пачала лезці ўгору.
− Сюды, давай! Сюды!
Чалавек збочыў на голас і неўзабаве падышоў да байцоў. Гэта быў вялізны мядзведзяваты Няроўны, ён некага валок на сабе. Калі ён наблізіўся, Тарасікаў узняўся яму насустрач
і рупна падхапіў яго ношу. Удвох яны паклалі чалавека на пад-мерзлыя глыжы ў баразне.
− Вось, прынёс, − зморана сказаў Няроўны. − Пахаваць трэба…
Гэта быў лейтэнант Патапенка − камандзір іх роты. Раскі-нуўшы полы паўшубка, гэты некалі крыклівы нахрапісты афіцэр, цяпер абыякавы да ўсяго, ціха ляжаў у разоры. Усе, хто тут быў, прыўсталі з долу, паглядзелі на непрывычна сці-шанага камандзіра, уздыхнулі, але ніхто не сказаў нічога. Адзін толькі Гушчын прастадушна закрэхтаў і, месцячыся
за сяржантавай спіной, пачаў ладзіць закурку. Ён згарнуў цыгарку, дастаў з-за пазухі красала, трут і заляскаў у цемры. Некалькі слабых сініх іскрынак-зорачак зляцела з яго пальцаў. Яны, вядома, былі вельмі слабыя, каб іх убачылі ворагі, але раздражнёных панылых байцоў палохала і тое.
− Кінь іскрыць, Магіла дурная! − надтрэснутым голасам закрычаў Рыбчонак. − Усадзяць міну, тады накурышся!
− Пацярпець нельга ці што! Курэц! − азваўся паранены
ў нагу.
− Ого закрычалі! − глуха здзівіўся Гушчын. − На галасы немец яшчэ лепей пацэліць. Чакай.
Жаркоў сцішана прыкрыкнуў на ўсіх:
− Ціха! Годзе вам! Давай акапвацца! Стой, здаецца, яшчэ нехта ідзе.
З тылу і трохі збоку, тупаючы па цвёрдай раллі, ішоў да іх чалавек. Неўзабаве ён наблізіўся, угледзеўся і гукнуў:
− Якая рота?
− А табе якую трэба? − запытаў Жаркоў.
− Шостая.
− Папаў, − сказаў і закашляўся Гушчын. У яго рукаве ўсё ж тлела цыгарка.
− Камандзіра к камбату, − загадаў баец.
− Ге, спазніўся, браток, − уставіў з долу Гушчын. − У бала-цявінку б прыбег.
Пасыльны няўцямна змоўк, падышоў бліжай, але, убачыў-шы ў доле знаёмы сілуэт афіцэра ў паўшубку, зразумеў і на мо-мант спыніўся, як укопаны.
− Ладна, − сказаў Жаркоў. − Я пайду. А вы тут акопвацца.
І не лаяцца: немцы пад носам.
Яны ўдвох пайшлі ў той бок, адкуль з’явіўся пасыльны. Пасыльны (то быў ардынарац замкамбата Сахно) сігаў хутка
і маўкліва, нічога не казаў і не пытаўся ў сяржанта − як і належала салдату, які прывык быць ля начальства і думаць, што ўсё цікавае і значнае адбываецца толькі там.
Ён вёў доўга. Праз якіх дзвесце метраў ад раллі, сярод рэдкіх маладых елачак на імшарыне пачуліся галасы. Неўза-баве абодва яны прыпыніліся каля вялізнай, пэўна, ад бомбы, варонкі, на дне якой матава паблісквала льдзіна, на ёй, прысеўшы ля свайго начыння, настройвала рацыю Люся. (Мала хто ў батальёне ведаў прозвішча гэтай дзяўчыны, якая дагэтуль служыла ў роце сувязі, а месяц назад, перад лютаўскім наступленнем была пераведзена з рацыяй у гэ-ты батальён.) Камандзір батальёна капітан Васілевіч і яго намеснік па страявой капітан Сахно сядзелі вышэй, паставіўшы ногі ў варонку, і чакалі, калі будзе наладжана сувязь.
Рацыя папісквала ўжо і міргала вочкам індыкатара, а Люся, пакручваючы рэгулятар настройкі, прывычнай скарага-воркай сыпала:
− Мята, Мята, я Ландыш. Як чутна? Даю настройку, даю настройку: адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, дзевяць, дзесяць. Дзесяць, дзевяць, восем, сем, шэсць, пяць, чатыры, тры, два, адзін. Як чутна, я Ландыш, прыём.
− Таварыш капітан, прывёў, − ціха, каб не перашкодзіць радыстцы, сказаў пасыльны. Камбат павярнуўся на голас, ту-гія рамяні на яго паўшубку ціха рыпнулі і, пад ногі Жаркову слабаю плямкай бліснуў ліхтарык.
− Хто гэта?
− Сяржант Жаркоў, таварыш капітан, − сказаў Жаркоў. − Лейтэнант Патапенка забіты.