Настала кароткая паўза, камбат выключыў ліхтарык, капі-тан Сахно вылаяўся, не зважаючы на радыстку, і сігануў да ра-цыі. За грудком над вёскай зноў запалілася ракета, і на неба-схіле задрыжэлі хвалі святла. На кароткі час яе мільготкае далёкае святло паблукала на заклапочаных тварах людзей, цьмяным блікам адбілася ў новай блішчастай касцы Сахно
і знікла за пагоркам.
− Так, Жаркоў, − памаўчаўшы, сказаў Васілевіч. − Колькі
ў вас асталося?
− Шэсць чалавек, таварыш капітан. Адзін паранены. У на-гу. Адпраўляць трэба. І кулямёт адзін толькі. Другі яшчэ ўран-ку бомбай разбіла.
− Так… − няпэўна прамовіў камбат, услухоўваючыся таксама і ў Люсін голас ля рацыі.
− Я Ландыш, я Ландыш, − хуценька гаварыла ў трубку Люся. − Будзе гаварыць дваццаць другі, паклічце дваццатага, паклічце дваццатага. Я Ландыш, прыём.
Камбат, пакінуўшы Жаркова, торапка ссунуўся на дно варонкі, паспешна пераняў з Люсіных рук трубку і пачакаў. Жаркоў прысеў побач з салдатам і глядзеў на начальства, адчуваючы, што неўзабаве будзе штось важнае.
− Таварыш дваццаты, таварыш дваццаты… Дакладвае двац-цаць другі Ландыша. Спроба не ўдалася. У Патапенкі вялікія страты. Сам Патапенка забіты. Лукін і Шчасны адышлі. Сустрэў арганізаванае супраціўленне. Прашу сродкаў узмацнення. Сам падавіць не магу. Як зразумелі? Прыём.
Трубка шчоўкнула, камбат слухаў, усе ў яміне застылі
ў змроку і не адрывалі поглядаў ад святлявага акенца ў рацыі. У цьмяных водблісках гэтага святла было відаць, як зацяўся, нахмурыўся паголены камбатаў твар, цвёрды яго падбародак туга ўпёрся ў касматы каўнер паўшубка. Трубка шархацела далёкім голасам камандзіра палка, і на ёй нервова пацёпваў мезены палец камбата.
− Таварыш дваццаты, я не магу... Не маю чым. У Патапенкі пяцёра… У астатніх таксама. На ўскраіне аб’екта буйнакалі-берны кулямёт, пяхота. За вёскай мінамётная батарэя. У мяне па дзесяць агуркоў на ствол. Прашу дапамогі, прашу дапамо-гі. Прыём.
У варонцы насцярожыліся. І Люся, і Сахно, і салдат з Жарковым здагадаліся, што становішча батальёна не аблегчыцца. Відаць, камандзір палка меў нейкае сваё меркаванне, упарціў-ся і не хацеў зважаць на довады камандзіра батальёна.
Урэшце капітан Васілевіч адарваў трубку ад вуха, чамусьці паглядзеў на яе, яшчэ торкнуў да скроні і размашыста ляпнуў аб скрынку рацыі.
− Што ён сказаў? − запытаў Сахно, шорхаючы сваёй плашч-палаткай, накінутай на шынель. Камбат узняў заклапочаны твар.
− Загадаў паўтарыць атаку і ўзяць Ручайкі.
Стала вельмі ціха, Сахно, быццам не верачы, цяжка і нерухома паўзіраўся ў камбата, пасля ўстаў і заварушыўся пад плашч-палаткай.
− Чорт бы іх там саміх пабраў, − выпаліў ён і вылаяўся. − Самі б сунуліся.
Камбат з хвіліну нешта абдумваў, укленчыўшы на адно калена ля рацыі. Люся падкручвала рэгулятар настройкі і трымала рацыю на прыёме. У начной цемрадзі за ельнікам пыхну-ла раз і другі мільготкае палахлівае зарыва. «Ках, ках», − даля-целі стрэлы і ўгары цераз балацявіну зноў завізжэлі міны. «Трах! Трах!» − ірванула неўзабаве ў хмызняковай цемры, але ў варонцы адзін толькі ардынарац азірнуўся на выбухі.
− Пяць чалавек, кажаш, Жаркоў? − перапытаў капітан і па-глядзеў знізу ўгару на сяржанта.
− Ну, − ваўкавата выдавіў з сябе Жаркоў.
− Ну вось… Каго імі атакуеш, пяццю чалавекамі? − невядома ў каго запытаўся камбат. − Вось што… − надумаў ён урэшце нейкае рашэнне. − Дам вам чалавек дзесяць сувязістаў, абознікаў − што ёсць. Акапацца на вышыні і чакаць. Глядзі, каб у фланг не зайшлі, бо тады ўсяму батальёну ліха будзе.
− Зразумела, − адказаў Жаркоў і ўстаў. У гэты час Люся загаманіла ў трубку і перадала яе капітану.
− Слухае дваццаць другі… Дваццаць другі слухае, прыём, − сказаў Васілевіч і шчоўкнуў пераключальнікам прыёму. З паў-хвіліны ён слухаў, а пасля запальчыва і крыўдліва загаманіў:
− Таварыш дваццаты! Не магу! Чым жа я выканаю задачу? Без падрыхтоўкі не магу! Дайце час! Прыём.
Ён трохі паслухаў, а пасля з нейкай зацятай рашучасцю выпаліў у трубку:
− Зразумеў, зразумеў вас: адхілены ад камандавання. Перадаю трубку дваццаць трэцяму.
Сахно буркнуў нешта ад здзіўлення, скрывіў вусны, але хуценька перахапіў трубку і далажыў, што слухае. У варонцы замерлі, насцярожыліся. Люся прыўстала на каленях і, ссунуўшы пад самую шапку тоненькія светлыя броўкі, упілася по-зіркам у квадратны твар намесніка камандзіра батальёна. Сахно тым часам дастаў з палявой сумкі карту, аднае рукой няспрытна разгарнуў яе і паўзіраўся ў аднае месца, трымаючы яе пад цьмяным святлом рацыі. Камбат устаў у рост і, віда-вочна нервуючыся, палез у кішэню за куравам.
Размова ў Сахно неўзабаве скончылася. Замкамбат далажыў, што зразумеў, кінуў: «Ёсць! Ёсць, таварыш дваццаты, ёсць» − і таксама ўстаў у варонцы, шоргаючы плашч-палат-кай.
− Дакамандаваліся, − плюнуў убок камбат. − А ты што думаеш?
− Што ж падумаеш, калі загадана. Трэба атакаваць, − змрочна сказаў Сахно, зашпільваючы пад палаткай сумку. − Вайна не фунт ізюму.
− Цябе прызначыў?
− Так, − ваўкавата, без ранейшай шчырасці адказаў Сахно
і гучным, сваім заўсягдашнім камандзірскім тонам аб’явіў
у цемру: