Тут я пастараўся прывесцi шматлiкiя прыклады нашых найяскравейшых дасягненняў. Я апiсваў нашыя гарады, заводы, сродкi камунiкацыi, расказваў пра нашыя ўрады, законы, пра тое, у якiх захапленнях бавiм мы вольны час. Пасля, звяртаючыся галоўным чынам да вучоных, я паспрабаваў даць iм уяўленне пра нашыя поспехi ў высакародных галiнах навукi i мастацтва. Спакваля голас мой рабiўся ўсё больш упэўнены. Я пачынаў адчуваць своеасаблiвае ап'яненне, быццам мiльянер, якi выхваляецца сваiмi скарбамi.
Потым я перайшоў да аповяду пра свае прыгоды. Я растлумачыў, як мы даляцелi да сiстэмы Бетэльгейзе i Сароры, як я трапiў у палон i апынуўся ў клетцы, як спрабаваў усталяваць кантакт з Заюсам, але ўсе мае намаганнi засталiся марныя, вядома, па ўласнай вiне, бо я не выявiў вынаходлiвасцi. Нарэшце я расказаў пра пранiклiвасць Зiры i пра найкаштоўнейшую дапамогу, якую яна аказала мне разам з доктарам Карнэлiем. Скончыў я так:
- Гэта ўсё, што я хацеў вам сказаць, о малпы! Рашайце самi, цi справядлiва будзе, калi пасля такiх цяжкiх прыгод мяне зноў пасадзяць у клетку, як неразумную жывёлiну, да канца маiх дзён? Мне застаецца дадаць адно: я прыляцеў да вас без якогась варожага намеру - вяла мяне сюды толькi прага адкрыццяў. З тае пары, як я пачаў зведваць вас, вы мне ўсё больш i больш падабаецеся, i цяпер я проста люблю вас усёй сваёй душою. У мяне ёсць план, пра якi я хачу расказаць найвялiкшым вучоным планеты. Я магу прынесцi вам несумненную карысць сваiмi зямнымi ведамi, з другога боку, за некалькi месяцаў, праведзеных у клетцы, я сам зведаў на Сароры больш, чым за ўсё сваё ранейшае жыццё. Дык давайце з'яднаем нашыя намаганнi! Усталюем кантакт з Зямлёю! Пойдзем, малпы i людзi, уперад, як паплечнiкi, i нiякая сiла ў свеце, нiякiя таямнiцы космасу не ўстояць перад намi!
Задыхнуўшыся, я скончыў сваю прамову ў абсалютнай цiшынi. Я павярнуўся машынальна да стала старшынi, схапiў шклянку з вадою i асушыў яе адным духам. I гэтаксама ж як i тады, калi я стрэсваў крэйду з далоняў, гэты просты жэст зрабiў на малпаў велiзарнае ўражанне i стаў сiгналам для новай буры. Зала нiбыта выбухнула, ахопленая энтузiязмам, якога не апiша нiводнае пяро. Я ведаў, што перамог, але не мог нават уявiць сабе, што якая-небудзь асамблея здольная выказваць свае пачуццi з такiм неверагодным гвалтам. Я быў аглушаны, але ўсё ж убачыў прычыны гэтага фантастычнага грукату: эмацыянальныя па сваёй прыродзе малпы, калi вiдовiшча iм падабаецца, апладзiруюць усiмi чатырма лапамi! Цяпер вакол мяне шалелi тысячы гэтых д'ябальскiх стварэнняў: ледзь утрымлiваючы раўнавагу, яны пляскалi ў свае чатыры далонi, так што здавалася, быццам купал зараз абвалiцца, - i ўсё гэта з вiскам, з крыкамi, з енкамi, скрозь якiя прарываўся толькi глухi роў гарыл. Гэта было адно з апошнiх ясных уражанняў ад таго памятнага пасяджэння. Кружылася галава, я адчуў, што вось-вось упаду. З трывогаю азiрнуўшыся, я ўбачыў, што раззлаваны Заюс ускочыў з месца i, згорбiўшыся i заклаўшы рукi за спiну, ходзiць па эстрадзе, як хадзiў перад маёй клеткаю. Быццам у сне, я ўбачыў ягоны пусты фатэль i плюхнуўся на яго. Гэта было сустрэта новым выбухам авацый, але тут я страцiў свядомасць.
Раздзел IХ
Ачуняў я не вельмi хутка: надта ўжо вялiкае перажыў нервовае напружанне. Я ляжаў на ложку ў незнаёмым пакоi. Зiра i Карнэлiй завiхалiся ля мяне, пакуль гарылы-палiцэйскiя стрымлiвалi журналiстаў i проста цiкаўных, якiя спрабавалi прарвацца ў пакой.
- Гэта было выдатна! - шапнула мне Зiра на вуха. - Ты выйграў.
- Улiс, - сказаў мне Карнэлiй, - нас з вамi чакаюць вялiкiя справы!
Ён паведамiў мне, што толькi што скончылася надзвычайнае пасяджэнне Вялiкага Савета Сароры, на якiм прынялi рашэнне аб маiм неадкладным вызваленнi.
- Сёй-той спрабаваў пратэставаць, - дадаў ён, - але грамадская думка была на вашым баку, i яны не маглi прыйсцi да якогась iншага рашэння.
Ён спытаўся, цi згодны я супрацоўнiчаць з iм, i, атрымаўшы маю згоду, загадзя пацiраў рукi ад задавальнення пры думцы пра дапамогу, якую я змагу аказаць яму ў яго пошуках.
- Жыць вы будзеце тут, - абвёў рукамi пакой Карнэлiй. - Спадзяюся, кватэра вас задаволiць. Мая зусiм непадалёк, у гэтым самым крыле iнстытута: тут жывуць толькi старшыя навуковыя супрацоўнiкi.
Я збянтэжана азiраўся, думаючы, што ўсё гэта мне снiцца. Пакой быў надзiва ўтульны. Пачыналася новая эра ў маiм тутэйшым жыццi. Гэтак доўга i пакутлiва чакаў я гэтага часу - i тут мяне чамусьцi агарнула самота. Вочы мае сустрэлiся з вачыма Зiры, i я зразумеў, што пранiклiвая шымпанзэ ўгадала мае думкi.
- Але, - сказала яна, - тут у цябе Новы не будзе.
Пачырванеўшы, я пацiснуў плячыма, прыўзняўся i сеў.
Сiлы вярнулiся да мяне, i я хацеў як мага хутчэй акунуцца ў новае жыццё.
- Як ты сябе пачуваеш? - спыталася Зiра. - Ты не стомiшся ад маленькае вечарыны? Мы запрасiлi, каб адзначыць гэты вялiкi дзень, некаторых сяброў, адных шымпанзэ.