Читаем Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 7 полностью

Нейкі агідны цень запаў у яе душу, і жанчына ўсё не магла зразумець, каго тут вінаваціць — сябе ці Пархомава, — ад гэтага было вельмі тлумна і прыкра. Змаркатнелая, яна ледзьве дачакалася вечара і, так і не разабраўшыся ў сабе, ад крыўды немаведама на каго і завошта, ціха паплакала, ідучы дадому.

На другі ранак пасля тае размовы з Петрачэнкавым яна сядзела ў вестыбюлі і баязліва чакала дзевяці гадзін, калі пачнуць зыходзіцца людзі. Першы, як, бадай, заўсёды, з’явіўся інжынер Шаўроў, як заўсёды, ён старанна выцер ногі і кінуў ей:

— Прывет! Ну што? Як жысць?

Яна нешта новае ўлавіла ў яго тоне і насцярожылася, сціснулася нутром, чакаючы якой нетактоўнасці. I ён не замарудзіў — выпаліў ці то жартам, ці ўсур’ёз, бы пра якую дробязную справу:

— Кажуць, ты ўжо гэтае самае… жаніха знайшла. I недалёка, толькі сямейнага, так сказаць. Што ж, брава, брава.

Сігаючы цераз прыступкі, ён узнімаўся па лесвіцы, мабыць, адразу забыўшыся пра свой жарт, а Фрузына адчула раптам, як хіснулася столь, скрывіліся калоны — ёй стала млосна. Але жанчына стрымалася, прыхінуўшыся да падаконніка, і ўжо амаль не прыкмячала і не віталася ні з кім — ні з Іванам Кузьмічом, які нават не зірнуў у яе бок, ні з Петрачэнкавым, які сёння чамусьці ўважліва агледзеў яе халодным позіркам бялёсых вачэй, ні з Нонкай, якая падкрэслена ветліва і са смяшынкай у вачах павіталася з ёю. Фрузыне было вельмі крыўдна і на сябе, і на людзей, і на ўвесь белы свет.

Увечары таго дня вярнуўся з камандзіроўкі Пархомаў.

Праз акно пад лесвіцай з вестыбюля яна адразу ўбачыла яго машыну, калі ён заварочваўся, каб заехаць у гараж, і яе сэрца зноў, як некалі, у час яго першага прыходу, нязладна забілася ў грудзях. Яна памкнулася на панадворак, але спынілася ля акна, пачакала трохі, пакуль ён уладкуецца з машынай, і пасля, з намаганнем перастаўляючы ногі, пайшла да варот.

Ён зняў акумулятар і анучкай выціраў яго клемы, але, пачуўшы крокі, адразу ўстрывожана азірнуўся. Відаць, нешта кепскае азначылася на яе твары, бо шафёр адразу ўстрапянуўся і выпрастаўся. Фрузына, прыкмеціўшы гэта, спрабавала няўдала ўсміхнуцца і, павітаўшыся, сказала:

— Ведаеш, мяне Петрачэнкаў выклікаў. Лаяў… Пытаўся, ці праўда, што ты да мяне ходзіш?

— Што? — не зразумеў ён. — Што? А скуль ён ведае? На яго запыленым, змораным твары мільганула трывога.

Фрузына патупіла вочы.

— Ну… А ты што? Што ты сказала?

— А што мне было казаць? Сказала, што прыходзіш…

— Дурніца! — Пархомаў з прыкрасцю шпурнуў на зямлю анучу. Потым патаптаўся на месцы, узняў на яе раззлаваныя вочы. — Хіба так можна? Эх, ты!..

Яна ўраз зразумела, што ён не так, як чакала яна, паставіўся да гэтае справы, і ў жанчыны стала пуста і самотна ў душы. Страціўшы надзею і сілу, яна ледзьве дабрыла да свайго месца за перагародкай і ўжо не стрымлівала роспачных слёз, што душылі яе. Побач рыпелі дзверы, хадзілі людзі, нешта казалі, пыталіся, але яна не глядзела ні на кога, не адказвала, не слухала.

Наступілі гаротныя дні.

Пархомаў болей да яе не прыходзіў, пазбягаў сустрэч, на працы яна часта бачыла ў акно, як прызвычаіўся ён да шафёрскай кампаніі, сядзеў, курыў, размаўляў нароўні з усімі. Фрузыне было ад таго дужа балюча, яна па — ранейшаму імкнулася да яго, ні ў чым не вініла, цяпер ужо яна папракала сама сябе, што адкрылася тады Петрачэнкаву, але фальшывіць, хлусіць, ашукваць яна не ўмела.

Ёй было вельмі пакутна ў адзінокія ночы ў сваім пакойчыку — думаць, уздыхаць, успамінаць нядаўнія, поўныя хмельнага шчасця, дні. Часта яна зноў адчувала сябе вельмі адзінокай, пагарджанай, ды ўжо куды мацней і нясцерпней, чым у ранейшыя разы.

I тады аказалася, што яна будзе маці.

Спачатку Фрузына вельмі спалохалася ад тае навіны — яе ахапіў жах, калі яна прыгадала, як паставяцца да яе на рабоце, што скажуць суседзі. Ёй карцела некуды бегчы, неяк ратавацца ад той бяды, якая навісла над ёю. Але на змену спалоху неўзабаве з’явілася новая думка, што вельмі дзівіла яе: у яе будзе дзіця — свая маленькая родная істота, самая важная і самая дарагая ў жыцці. Яна прыпомніла знаёмых суседскіх дзяцей, блізнятак Драздовай, і неспадзявана яе ахапіла супярэчлівая хвалюючая радасць. Яна ведала ўжо, што будзе шмат гора наперадзе, што Петрачэнкаў, бадай, не адступіцца са сваімі нуднымі пропаведзямі, што будуць насмешкі і сорам, але ўсе гэтыя нягоды марнелі перад новай вялікай радасцю мацярынства.

I Фрузына пакрысе супакоілася, павесялела, яна пачала прыглядваць за сабой — у час паесці, не заседжвацца начамі, у меру хадзіць. Са сваёй трохсотрублёвай зарплаты яна пачала ашчаджаць грошы — яны так патрэбны ёй будуць тады, як з’явіцца ён. Жанчына зноў, як калісьці ў шчаслівую пару яе адносін з Пархомавым, адчула сябе ладнай, здольнай, разумнай, такой, як і ўсе задаволеныя жыццём людзі. Пра свой новы стан яна не сказала нікому, як мага глыбей тоячы свае надзеі. Яе цяпер вельмі цікавілі дзеці, і яна часта, ідучы дадому, спынялася дзе ў скверы і падоўгу пазірала на малых карапузаў у калясках, на дарожках, на руках маці.

Перейти на страницу:

Все книги серии Васіль Быкаў (зборы)

Похожие книги

Музыкальный приворот
Музыкальный приворот

Можно ли приворожить молодого человека? Можно ли сделать так, чтобы он полюбил тебя, выпив любовного зелья? А можно ли это вообще делать, и будет ли такая любовь настоящей? И что если этот парень — рок-звезда и кумир миллионов?Именно такими вопросами задавалась Катрина — девушка из творческой семьи, живущая в своем собственном спокойном мире. Ведь ее сумасшедшая подруга решила приворожить солиста известной рок-группы и даже провела специальный ритуал! Музыкант-то к ней приворожился — да только, к несчастью, не тот. Да и вообще все пошло как-то не так, и теперь этот самый солист не дает прохода Кате. А еще в жизни Катрины появился странный однокурсник непрезентабельной внешности, которого она раньше совершенно не замечала.Кажется, теперь девушка стоит перед выбором между двумя абсолютно разными молодыми людьми. Популярный рок-музыкант с отвратительным характером или загадочный студент — немногословный, но добрый и заботливый? Красота и успех или забота и нежность? Кого выбрать Катрине и не ошибиться? Ведь по-настоящему ее любит только один…

Анна Джейн

Любовные романы / Современные любовные романы / Проза / Современная проза / Романы