Драздова неяк змяніла свае грубаватыя адносіны да яе, не лаяла ўжо, нічога не дамагалася. Аднойчы толькі, калі Фрузыне нешта занядужылася на працы, вахцёрка прагнала жанчыну дадому, накрычаўшы за яе няўвагу да сябе. Заадно яна палаяла і Пархомава, а таксама начала наракаць на сваю горкую долю, якая ніколі не дае ёй спакою.
Чаго Фрузына найбольш баялася, тое пачалося на працы. Зранку было дужа сцюдзёна, дзьмуў моцны вецер, яна не ўлезла ў перапоўненыя аўтобусы і цераз увесь горад ішла пешшу. Заступіўшы на дзяжурства, жанчына як села на табурэтку ля акна, так і не магла ўжо ўстаць. Ёй рабілася горача, млелі ногі, але яна дужалася з немаччу і неяк дацярпела да абеду. Далей ужо трываць было нельга, і Фрузына зразумела, што прыйшоў той час.
Яна папрасіла прыбіральшчыцу Ганку падзяжурыць да змены, а сама асцярожнай, кволай хадою, мацаючы сцены будынкаў, выправілася ў радзільны дом. Добра, што ісці было недалёка, хоць і вельмі трудна, і яна праз гадзіну з супынкамі дабралася туды.
Увечары яна радзіла. Радзіла без аніводнага крыку, без стогну, задушыўшы ў сабе ўвесь пякельны боль — яна ўсё не хацела турбаваць людзей. Дакторка пахваліла яе за цярплівасць, і, калі паведаміла, што нарадзіўся спраўны, ніштаваты хлопчык, Фрузына адразу забылася на пакуты.
Хлопчык абурана, гарласта крычаў, пакуль яго выносілі прэч, і яна той раз на ўсё жыццё запамятала яго патрабавальны, характарны крык. Пасля яна ўбачыла яго маленькі ружаваты тварык з прыплюшчанымі вачанятамі і прагнай маленькай прысоскай на верхняй губе. Ссаў ён добра, жвава, смачна цмокаючы маленькім роцікам, і яна аж замірала ад нязведанай мацярынскай асалоды.
У раддоме ёй было добра. Праўда, з дванаццаці гадзін, калі ў калідоры пачыналі бегаць санітаркі, носячы перадачы, выклікаючы парадзіх, яна адчувала цьмяны неспакой у душы. На ўсіх тумбачках у палаце ў спецыяльна прыгатаваных на тое вазах стракацелі кветкі, яе ж ваза стаялапустая. Праўда, кветкі, розныя прысмакі зусім не патрэбны былі жанчыне і нічуць не турбавалі яе, вось хіба толькі людскія вочы… Ад людзей цяжка ўтаіць, што ў сваей душы, суседкі ў палаце і сестры, відаць, разумелі ўсё, але маўчалі, не распытвалі, і яна за гэта была вельмі ўдзячна ім.
Але яна ніяк не магла пагасіць у сабе ўсё болей агартаўшай яе трывогі. Ёй прыгадаўся даўні выпадак, што адбыўся некалі ў яе роднай вёсцы. То былі цяжкія часы, калі толькі што скончылася вайна і з франтоў вярталіся салдаты. Усе, у каго хто-небудзь быў у войску, чакалі служывых, адна толькі Галена, маладая салдатка, не чакала свайго Яўхіма, які ў шаснаццатым годзе склаў сваю галаву ў невядомай далёкай Галіцыі. Даведаўшыся аб тым страшным здарэнні, Галена дзён колькі несуцешна галасіла на ўсю вёску, а пасля запрагла буланага і паехала араць свой надзел.
Фрузына была тады зусім маленькай дзяўчынкай, у ворыва насіла бацьку на поле яду і ўсё не магла зразумець, чаго гэтая маладзіца так мала арэ, а ўсё сядзіць у баразне ля плуга і плача. Аднак пасля нехта памог кабеце, яна супакоілася, павесялела, а яшчэ праз нейкі час нарадзіла маленькую крыклівую дзяўчынку. Фрузына добра памятае гэтую яе крыкушку ў плеценай зыбцы на бярозавай жардзіне — яна тады з другімі дзецьмі не раз падбягала пад вокны глядзець на малую, што нарадзілася без бацькі. На вёсцы гэтае нараджэнне стала незвычайнай падзеяй, аб ім з’едліва і абразліва гаварылі мужчыны, бабы і нават дзеці. Пасля здарылася такое, што страшна нават і ўспамінаць. Дзед Пахом, свёкар Галены, круты, ваўкаваты стары, напіўшыся на нейкае свята, да паўсмерці пабіў маладую ўдаву. Галена з паўгода пакашляла крывёй і памерла, і ніхто не шкадаваў яе, не апраўдваў. Нябогу пахавалі на краі могілак, і яе курганчык неўзабаве зарос быльнягом, а вясковыя бабы пачалі ёю палохаць дзяцей.
Праўда, цяпер часы іншыя, але ўсё ж людзі бываюць розныя, хіба не знойдзецца хто пакпіць з адзінокай немаладой жанчыны. Фрузыне ўсё здавалася, што пасля ўсяго, што здарылася, ва ўстанове не даруюць ёй такога ганебнага мацярынства. Яна ўжо прадбачыла, як будзе выгаворваць ёй Петрачэнкаў, можа, нават выклічуць на мясцком і дадуць якое спагнанне. Праўда, яна ўсё намагалася пазбыцца турбот аб сабе, дбаць толькі пра свайго малога, але заглушыць неспакой было немагчыма. I Фрузына ўгаворвала сябе трываць — усё перажыць адной, адасобіцца ад людзей, жыць толькі ім, аглухнуць да ўсяго благога.
Папраўлялася яна добра і праз некалькі дзён адчувала сябе няблага. Ёй дазволілі ўставаць, і Фрузына, сеўшы на ложку і захінуўшыся ў халат, чакала ўсё часу кармлення, калі прывозілі малых. Яшчэ здалёк на парозе яна пазнавала свайго ў радку зусім падобных белых скруткаў на калясцы і, не могучы ўтрымаць замілаванай радасці, першая ўзнімалася насустрач, карміла і з вялікай неахвотай аддавала яго назад. Сестры хвалілі яе малога, дакторка шматзначна назвала вагу — 4800, і мацярынскае сэрца поўнілася ціхім гонарам. Ніколі яшчэ так не ганарылася яна ў сваім жыцці. Гэта было сапраўднае, вялікае шчасце.
I вось прыйшоў дзень, калі трэба было пакідаць бальніцу.