— Во, глядзі, якога мужыка займела баба. А то думалі, што Фрузына горш за людзей. Вунь як пазяхае, пражора! Толькі есці давай, — прыгаворвала яна, спрактыкавана разгортваючы пялёнкі.
Заўважыўшы навіну ў парозе, аднекуль з калідораў прыбеглі дзве прыбіральшчыцы, угары на лесвіцы дробна застукалі абцасікі, і цераз поручні нагнулася кучаравая галава Нонкі.
— О, што там у вас робіцца? — гукнула маладзіца і зноў заляскатала абцасікамі, збягаючы ўніз.
— Ой, які маленькі, які карапузік, дайце мне, дайце я, — загаманіла яна, беручы малога і няўмела прытуляючы яго да сябе.
Фрузына вельмі баялася, каб ён часам не выпаў як на падлогу, яна ўсё падстаўляла рукі, непакоілася за кожны яе ліхаманкава-радасны рух. А Нонка ўсё хапала малога, шугала, прыціскала да сябе — дзіва было, колькі таілася пяшчоты ў гэтай жанчыне.
У той час у вестыбюлі аднекуль з’явіўся Шаўроў. Як некалі, у даўнія часы, ён здалёк басавіта гукнуў Фрузыне:
— Прывет, Фрузына! Як жысць маладая, вясёлая? О, я гляджу — з прыбаўкай цябе! Ну, маладзец, — казаў ён, падыходзячы да яе ў сваім шархоткім чорным плашчы. — Дайце ж і мне патрымаць чалавека.
Ён узяў маленькі скрутачак, асцярожна шугнуў яго ўгору-ўніз, і малое неспакойна заварушылася.
— Харош, харош, гвардзеец, — радасна ззяў вачыма інжынер. — Як жа назваць яго? — спытаў Шаўроў і паўзверх жаночых галоў зірнуў угору. На лесвічнай пляцоўцы, нерашуча занёсшы нагу на ніжэйшы прыступак, стаяў Петрачэнкаў.
— Эй, Петрачэнкаў, хадзі сюды!
Фрузына на момант спалохалася: ёй прыгадаўся сон і здалося, што Петрачэнкаў, як некалі, пачне дакараць яе. Але старшыня мясцкома рупліва заклаў пад стракаты пінжак такі ж стракаты гальштук і, асцярожна намацваючы прыступкі, паслухмяна пайшоў уніз. На яго заўчасна абвялым, нездаровым твары з’явілася не то вінаватая, не то цікаўная ўсмешка.
— Вось глянь, — казаў да яго інжынер, — чалавек! Што, брат? Жыццё жывое творыць, ці не праўда?
Усё ўсміхваючыся, Петрачэнкаў падышоў да людзей, агледзеў малога, якога ўсё варушыў інжынер, здаецца, упершыню з цікаўнай павагай паглядзеў на Фрузыну. Праўда, ён не дакрануўся да яе сына, але ад яго зважлівасці ў Фрузыны паспакайнела ўнутры.
— Ну, што ж, чалавек, канешне, факт, гэта безумоўна, — паводзячы блішчастымі акулярамі, зазначыў ён і, яшчэ, паўсміхаўшыся, дадаў, кажучы Фрузыне: — Вы вось што, Сямашка… Напішыце заяву ў мясцком… Рублёў гэтак на трыста… I яшчэ дырэктар сказаў, на яго «Пабедзе» адвязуць вас. Так што пехатой не ідзіце.
I Фрузына нечакана адчула, як разлілася па яе целе хваля нейкага цёплага шчымлівага пачуцця. Хвалюючыся і ўжо не збіраючыся супакойваць сябе, яна ўпершыню начала спавіваць таго, хто здабыў ёй гэткую прыхільнасць людзей. Драздова гэты раз адступілася ад жанчыны, не памагала, толькі пільна назірала за яе яшчэ няўмелымі рухамі, тоячы на вуснах ледзь прыкметную ўсмешку. Шырока і шчыра, бы разумеючы штось таемнае, усміхаўся Шаўроў, спагадлівая весялосць свяцілася ў марудлівых вачах Ганкі і на тварах дзвюх прыбіральшчыц. Адна толькі Нонка чамусьці згубіла сваю нядаўнюю радасць, спахмурнела і, насупіўшы тонкія броўкі, патупілася.
Ап’янелая ад вялікага шчасця, Фрузына, аднак, не прыкмячала нічога, старанна затульвала малога і сарамліва ўсміхалася. Упершыню за шмат год жыцця адчула яна сябе чалавекам — нароўні з усімі людзьмі.
Няўломак
1
У яго добрае імя — Косця, прыгожае прозвішча — Верас, а людзі клічуць Няўломкам. Калі ён быў яшчэ малы і жыў у вёсцы, тады яго звалі Рудым. Гэта, пэўна, таму, што ў Косці агністыя валасы і поўны твар густога рабаціння. Рабацінне тое крыху прытухае ўзімку, а пад весну разгараецца такой яркай чырванню, што хлопцы на рыштаваннях жартуюць калі; «Няма запалак — прыкурым з Няўломка».
Недарэчную гэту мянушку прыляпіў да Косці Правіла. Ён сапраўды гэткі ж доўгі 1 тонкі, як тая рэйкаправіла, якой муляры раўняюць цагліны ў радзе. Яшчэ ён злыдзень, бо не можа пражыць гадзіны, каб не пакрыўдзіць слабейшага. Яго многія пабойваюцца, многія абходзяць, а Косця дык ненавідзіць. Правіла плаціць яму тым жа, але хлопцу пляваць на яго адносіны: ён умее пастаяць за сябе. Калі б яшчэ гэткі быў Федзька, Косцеў аднавясковец і сябра, дык ім бы і не блага жылося. Але ў тым і бяда, што Федзька ціхманы і завельмі ўжо мяккі хлопец.
Вось і цяпер, доўгі і тонкі, як балотны хвошч, у расхлістанай на грудзях кашулі з’явіўся ў калідоры Правіла. Кашулю ён не зашпільваў, каб людзі бачылі цяльняшку, што ўзімку і ўлетку пярэсціць на яго грудзях. Косця ведаў, што гэта нават не цяльняшка, а толькі шкумат, які Правіла мацуе на целе шпагатам. Што з гэтага карысці — няўцям нікому, хіба толькі Правілу ямчэй хваліцца сваёй колішняй флоцкай службай.