На дварэ папырскаў невялікі дожджык і цяпер, хутка беручыся плямамі, падсыхаў асфальт дарожкі, духмяна пахла клейкае лісце таполяў. На бетонных прыступках высокага ганка сядзела некалькі хлопдаў, Косця зірнуў сюды — туды — сябра нідзе не было.
— Федзькі не бачылі? — устрывожана спытаў ён, адразу адчуўшы непакой у душы.
— Федзька? — ухмыльнуўся хлопец з запэцканым вапнаю тварам. — Быў ды ўвесь выйшаў. Змабілізаваны, брат, Федзька: пайшоў з Правілам.
Косця прыкусіў губу і насупіўся.
— Вось жа дурань! Казаў пачакай, дык не. А матка з дому дзвесце рублёў просіць — парася купіць. А ён вунь што!
— Лічы, што парася гэпнулася, — ухмыльнуўся хлопец. — Ужо Правіла паклапоціцца.
— Трэба шукаць, — вырашыў Косця. — Куды ж іх чорт панёс?
Ён збег з прыступак і ў брамцы спаткаўся з Зінкай. У чысценькай светлай сукенцы, у белых шкарпэтках, з малюсенькім чамаданчыкам у руках, яна была зусім нейкай інакшай, лепшай, чым звычайна, у сваёй зашклёнай будцы на кране.
— Зіна, не бачыла Федзькі? — спытаўся Косця, чамусьці асцерагаючыся глядзець у яе прывабны кірпаты твар.
— Не, не бачыла, — крутнулася яна, з затоенай усмешкай зірнула на яго і, узмахнуўшы чамаданчыкам, падалася ў кантору.
Косця трошкі затрымаўся, пагляд. зеў услед дзяўчыне і адвярнуўся. Усе навокал ведалі, што яна закахана ў Федзьку, гэтага прыгожага балбеса, а што ёй Косця? Да Федзькі яшчэ падбіваецца Шурка з бетонкі, Ванда са сталоўкі — вязе хлопцу на дзевак. У Косці ж няма нікога.
Косця выйшаў на вуліцу, паглядзеў у адзін бок, у другі, уздыхнуў і пайшоў шукаць сябра.
2
Болей за злодзеяў, нахабнікаў і хлусоў не любіў Косця п’яніц. За пражытыя ім васемнаццаць год хлопец вельмі добра пазнаў, якія беды нясе п’янства людзям. Гадоў колькі назад у яго была маці — ціхая лагодная жанчына, найлепшая за ўсіх людзей, якіх толькі ведаў Косця. Бадай, яна адна пасапраўднаму любіла гэтага рудагаловага хлапчука і клікала яго трошкі старамодна, але ласкава — Касцючок. Яны тады жылі на станцыі, у іх была лянівая каза і безліч дзівосных чыгуначных штуковін: цяжкія кіркі, ламы з раздвоенымі, як казіныя капыты, канцамі, флажкі, доўгая жалезная трубка з роўнем пасярэдзіне. Была яшчэ каляска на двух колах, у ёй маці катала яго на рэйках, калі вярталася з перагону, дзе падбівала шпалы. Косцік тады насіў фуражку з эмблемай ключа і молата на аколышцы, у яго кішэнях заўжды бразгацелі расплясканыя цягніком манеты. Гэта было ўжо далёкае, як сон, але незабыўнае шчаслівае жыццё. Бацькі тады не было.
Але вось аднойчы ў іх маленькі домік-будку з’явіўся бацька. Ён быў чорны ад вугальнага пылу, бруду і шчаціння, якое ніколі не выводзілася на яго твары. Маці спачатку хадзіла вясёлая, потым стала задумлівая, а пасля пачала плакаць. У іх не хапала грошай, а бацька, аднекуль позна прыйшоўшы ўначы, грукаў дзвярыма і незнаёмым грубым голасам клікаў маці. Маці палохалася, уцякала ў акно і хавалася ў палісадніку, а бацька кідаў па пакоі табурэткі і дзіка крычаў:
— Маня! Гадзіна! Хадзі сюды!
Косцік ад страху таксама выскакваў у акно, прыціскаўся ў кусце бэзу да дрыготкага цела маці і прасіў:
— Мамачка, мама… Уцячом! Давайце ўцячом…
Але маці нікуды не ўцякала, плакала і пазірала ўсё ў асветленае акно, дзе звярэў бацька. А той, ашаломлены гарэлкай, хапаў з-пад лаўкі сякеру і замахваўся на кафельную грубку — тую грубку, якую ім змураваў вартаўнік Восіп і якая дужа падабалася маці.
— Маня! — роў бацька. — Лічу да трох і крышу ўсё ў пыл!..
Ён і сапраўды пачынаў сеч грубку, аж пырскалі ў бакі кавалкі кафлі, і маці з крыкам кідалася ў хату.
Бацька бушаваў усю ноч. Біў маці, ламаў мэблю, шукаў Косцю, равучы на ўсю станцыю, што заб’е «рудога шчанюка». А на другі дзень гэты агідны чалавек поўзаў перад жонкай, цалаваў яе босыя ногі і плакаў. Маці таксама плакала, плакаў і Косця — ад нянавісці да бацькі і жалю да маці.
Неяк усё ж бацька ўціхамірыўся і не піў месяцы са тры. Маці зноў павесялела, памаладзела і, калі яны з сынам заставаліся ўдваіх, казала, што бацька добры, толькі хворы і нешчаслівы чалавек. Але Косця не верыў у гэта. Ён паранейшаму ненавідзеў бацьку, а бацька бачыў тое і ненавідзеў сына.
Аднак радасць маці была нядоўгай. Узімку пад новы год бацька зноў напіўся, выгнаў яе на снег і гнаў босую аж да суседняй вёскі Глінішчаў. Пасля маці захварэла і памерла. Бацька прадаў казу, разгойшыў набытак, запіў яшчэ болей, і Косцю жыць дома стала нельга. Хлопец надзеў стары мацерын кажушок, фуражку з эмблемай, узяў свой двухлязы ножык і пайшоў у вёску. Там яго прытуліла нейкая радня, ён дахадзіў зіму ў школу, а потым пасвіў жывёлу. Тады ж ён пасябраваў з Федзем і з ім два гады назад прыехаў у горад і паступіў у будаўнічую школу.
I вось цяпер гэты самы Федзька, ціхі добры хлопец, паддаўся шайцы Правілы і прапівае з ім свае грошы. А дома ў гэтага лайдака клапатлівая, старэнькая маці, якая кожны тыдзень шле яму пісьмы, у кожным пісьме яна абодвух іх называе сынкамі і ўсё бядуе пра іх цяжкае жыццё «на мурах». Дык як было стрываць хлопцу і спакойна глядзець, як на вачах у яго бэсціцца гэты неразумны, але ўсё ж свой чалавек.